Адмена забаронаў на выезд з Беларусі і вяртанне да працы візавых цэнтраў абяцаюць вяртанне да нармальнасці - у тым ліку, да падарожжаў. У гэтай падборцы Hrodna.life сабраў пяць месцаў, дзе вясна выглядае вельмі прывабна, а падарожжа — больш-менш даступна для жыхароў нашай краіны. Куды выбрацца з Гродна, акрамя як на Кавалерыйскі рынак у Беластоку ці ў аквапарк у Друскеніках?

Нідэрланды: сезон цюльпанаў і гіацынтаў - турыстычны хіт

У красавіку турысты асабліва ахвотна едуць у Нідэрланды. У гэты час краіну пакрываюць каляровыя квітнеючыя палі. Нарцысы, гіацынты і, безумоўна, цюльпаны. Пабачыць такое хараство на ўласныя вочы можна толькі вясной.

З культурных падзеяў, на каторыя варта звярнуць увагу — 30 красавіка, дзень нараджэння каралевы. У гэты дзень у вялікіх гарадах ладзяцца карнавалы і фестывалі. Традыцыяй свята у Нідэрландах сталі фрымаркеты. Людзі выносяць на вулічныя кірмашы і прадаюць за сімвалічныя грошы ці аддаюць задарма рэчы, каторыя ім ужо не патрэбныя.

падарожжа, падарожжы, віза, Нідэрланды
Самы знакаміты парк цюльпанаў Кікенхоф 30 красавіка можна таксама наведаць бясплатна

Найкарацейшы шлях да Нідэрландаў - праз Вільню да Эйнховена. Кошт авіаквіткоў ў абодва бакі - 70 — 150 еўра у залежнасці ад часу браніравання.

Даведка Hrodna.life: У красавіку 2022 года аднавілі прыём дакументаў візавыя цэнтры Польшчы, Італіі, Грэцыі і Венгрыі, але запісацца на падачу дакументаў амаль нерэальна — усе даты занятыя. У літоўскія і латвійскія консульскія ўстановы можна звяртацца па нацыянальныя працоўныя ці гуманітарныя візы, з турыстычнымі пакуль не працуюць. Абяцаюць, што хутка адновіць працу па выдачы шэнгенскіх візаў прадстаўніцтва Іспаніі.

Чытайце таксама: Друскенікі: як выглядае драўляная архітэктура за 40 кіламетраў ад Гродна

Ніжняя Сілезія — замкі і горы Польшчы

Падарожжа ў Польшчу — трохі больш даступная опцыя для многіх гродзенцаў праз наяўнасць картаў паляка і нацыянальных візаў. На вясновае падарожжа Hrodna.life раіць наведаць больш далёкі ад супольнай з Беларуссю мяжы рэгіён Польшчы.

Ніжняя Сілезія — край гор і проста казачных замкаў.

падарожжа, падарожжы, віза, Польшча
Тым, хто цікавіцца гісторыяй гродзенскіх фартоў, будзе цікава паглядзець на 300-гадовую крэпасць Кладзко, каторую будавалі і ўзмацнялі палякі, чэхі, немцы, аўстрыйцы
падарожжа, падарожжы, вясна, Польшча, віза
Вясновае упрыгожанне рэгіёна — квітнеючыя магноліі. Дадатковы бонус падарожжа па горным краі - мясцовыя мінеральныя воды

Чытайце таксама: В гостях, как дома. Подружиться с краснолюдками Вроцлава и найти привидение в замках Нижней Силезии

Батумі: пабачыць мора і паскорыць для сябе надыход вясны

Красавік на Чорным моры — ужо сапраўдная вясна. Тут шмат сонца, тэмпература дасягае 20 градусаў, усё навокал пачынае квітнець. Калі няма сіл дачакацца цяпла дома, варыянт набліжэння да вясны праз Грузію выглядае цалкам прымальным.

Адназначна ўпрыгожыць падарожжа грузінская кухня — яркая, сакавітая і духмяная. Гэта файны варыянт баўлення часу, калі пойдуць дажджы, што ў Батумі не рэдкасць.

Даведка Hrodna.life: Для такога падарожжа не патрэбна віза. Ёсць наўпроставае авіазлучэнне з Мінска. Кошт квіткоў складае ад 300 еўра ў абодва бакі ў залежнасці ад тэрмінаў браніравання.

Егіпет — шанец на летні загар на пачатку вясны

Чартары ў Егіпет з Беларусі лятаюць стабільна. Турыстаў прымаюць Хургада і Шарм-эль-Шэйх. Такога кшталту адпачынак — добрая магчымасць распачаць сваё асабістае лета на пару месяцаў раней і прыехаць пад хатняе майскае сонейка ўжо з падрыхтаваным паўднёвым загарам.

Даведка Hrodna.life: Егіпецкія візы для беларускіх турыстычных групаў ставяць па прылёце ў аэрапорце. Чартарныя рэйсы будуць стартаваць з Мінска і Гродна. Прыкладны кошт адпачынку на 10 дзён — каля 600 еўра з чалавека.

Не-пляжная Турцыя: Стамбул і Басфор

Для тых, каго цікавіць архітэктурная і культурная ўсходняя спадчына, вясна — добры час на візіт у сталіцу Турцыі.

Пакуль сезон не турыстычны і надворье не занадта гарачае, можна доўга і з задавальненнем шпацыраваць па вуліцах Стамбула, разгледзець яшчэ не схаваную лістотай дрэваў архітэктуру, пабавіць час на амаль пустынным беразе праліва Басфор ці паназіраць за фантанамі, што танцуюць у начы.

Чытайце таксама: З пачатку лета з Гродна можна будзе паляцець у Турцыю. Рэйсы будуць раз у 10 дзён

Даведка Hrodna.life: Віза для наведвання Турцыі беларусам не патрабуецца. Самалёты да Стамбула ёсць з Мінска. Кошт квіткоў у абодва бакі - ад 500 еўра ў залежнасці ад часу браніравання.