Канкурэнцыя на рынку супермаркетаў, гандлёвых цэнтраў і офісных памяшканняў у Беларусі яшчэ не дасягнула свайго максімуму. Таму гэты сектар цікавіць інвестараў і з Усходу і з Захаду. Нягледзячы на занядбанасць, гатэль «Гродна» можа стаць перспектыўным укладаннем. Ужо ў маі яго рэканструкцыю павінны пачаць кітайцы.
Недахоп офісных плошчаў
На працягу апошніх 6−7 гадоў у Беларусі найбольш нерухомасці будуецца для камерцыйнага сектару. Офісы, цэнтры адпачынку і супермаркеты тут вядуць рэй.
Гродна ідзе ў нагу з гэтым трэндам. Толькі за апошнія гады адкрыліся «Карона», Old City, «Материк», а новыя будынкі Парку высокіх тэхналогій адразу ж былі занятыя IT-кампаніямі. Паводле ж інвестыцыйнай дамовы паміж інвестарамі і ўладамі, палова ўсяго будынку «Гродна» можа быць выкарыстана менавіта пад бізнэс-цэнтр.
[irp posts="17 696″ name="Міністр эканомікі наведаў гродзенскі Парк высокіх тэхналогій і пажадаў IT-шнікам больш працаваць для Беларусі"]
Кітайцы ўжо анансавалі стварэнне сучасных офісаў, рэстаранаў, фітнэс цэнтру ў былым «Гродна». Відавочна, гэты сегмент цікавіў іх найбольш пры набыцці будынку. Ацэньваючы інвестыцыю, кітайскія аналітыкі не маглі не звярнуць увагу на гісторыю з ГЦ «Trinity». Польскі інвестар, які падпісаў дамову на будаўніцтва ГЦ «Trinity» яшчэ ў 2015-м, пачынаў праект без дастатковай сумы грошай і быў упэўнены, што «атрымае крэдыты польскіх банкаў». Цяпер ужо відавочна, што палякі здолелі пераканаць банкі, што Гродна — перспектыўны рынак офісных і гандлёвых плошчаў.
Дзюравая канкурэнцыя ў гатэльным бізнэсе
Гродна застаецца адным з найбольш цікавых турыстычных гарадоў краіны. За першыя паўгода бязвізавага рэжыму, у несезонны перыяд, горад наведала каля 10 тысяч турыстаў. Аднак па колькасці гатэляў, іх даходах і лічбе замежнікаў, якія карыстаюцца гатэлямі, Гродзеншчына з’яўляецца беларускім аўтсайдарам. Горай толькі на Магілёўшчыне. Магчыма, пераконваючы кітайскіх інвестараў набыць «Гродна», мясцовыя ўлады ўскладалі надзеі на бязвізавы рэжым, які дасць штуршок гродзенскім гатэлям.
Абноўлены будынак будзе найвышэйшым і найвялікшым у параўнанні з іншымі гатэлямі. «Гродна», напрыклад, будзе вышэйшым за гатэль «Нёман» у два разы, не кажучы ўжо пра «Славію» ці «Сямашка». Відавочна, што кітайцы будуць пазіцыянаваць «Гродна» ў якасці галоўнага гатэлярскага гульца ў горадзе. «Турыст» і «Беларусь» канчаткова стануцца сімвалам камандзіровак і начлега для спартсменаў, а «Кронан» застанецца гатэлем для багатых і маладых сужэнцаў, якія праводзяць там сваю першую і апошнюю ноч.
Пачаткі гродзенскага чайна таўна
За апошнія пяць гадоў кітайскія інвестыцыі ў будаўніцтва Беларусі выраслі ў дзевяць разоў. Гэты паказчык расце і ў Гродзенскай вобласці. Завод па сартаванні смецця і азотны комплекс на ААТ «Гродна Азот» (калі кітайцы куплялі гасцініцу, іх перспектывы на будаўніцтва комплекса былі вельмі высокія, але цяпер прэзідэнт не ўпэўнены, ці варта будаваць яго ў Гродне) усё ж такі немалыя праекты. Гродзенскія ўлады сцвярджаюць аб інвестыцыйных перамовах з кітайцамі ў шэрагу іншых сферах. Улічваючы колькасць працаўнікоў і бізнэсмэнаў з Кітая, якія прыязджаюць і будуць прыязджаць у Гродна, набыты гатэль мае ўсе шансы ператварыцца ў кавалачак іх краіны.
[irp posts="9722″ name="Пасол Кітая ў Беларусі наведаў Гродна"]
За апошнія пяць гадоў колькасць кітайскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ паменела на 300 чалавек. Аднак кітайцы па-ранейшаму застаюцца трэцяй па колькасці супольнасцю замежных студэнтаў у краіне. Іх прысутнасць робіць пошук кадраў для інвестараў «Гродна» лягчэйшым. У сваю чаргу блізкасць Гродна да мяжы з ЕС і прысутнасць кітайскага бізнэсу можа зацікавіць моладзь з Кітая пры выбары ўніверсітэту ў Беларусі.
Ацэньваючы ўсе за і супраць набыцця «Гродна», кітайскія інвестары напэўна ацэньвалі шэраг фактараў гродзенскай рэчаіснасці. Недахоп плошчаў сучасных бізнэс-цэнтраў мог быць адной з ключавых прычын іх рашэння. І гісторыя з інвестарамі «Trinity» не магла іх не зацікавіць. Бо адна справа запрашаць кліента ў офіс у абшарпаным будынку якога-небудзь завода, а іншая — у пакрыты шклом 15-павярховы будынак з вялікім надпісам па-англійску.
Крыніцы: Белстат, «Инвестиции и строительство в РБ», 2015; Белстат, «О развитии туризма, деятельности туристических организаций, коллективных средств размещения РБ», 2015