На Аўгустоўскім канале рыхтуюцца да сустрэчы 10-тысячнага бязвізавага турыста, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

З пачатку дзеяння ўказа № 318 магчымасцю наведаць парк «Аўгустоўскі канал» без віз скарысталіся каля 9,6 тыс. замежных гасцей.
«На гэтым тыдні мы збіраемся зладзіць асаблівую сустрэчу турыста № 10 000. Удакладняем, хто менавіта гэта будзе і праз які пункт пропуску госць збіраецца ўехаць у краіну», — распавёў Алег Андрэйчык.

З пачаткам вясновага сезону лік бязвізавых турыстаў, якія наведваюць Аўгустоўскі канал і прылеглыя тэрыторыі, уключаючы абласны цэнтр, павялічваецца.

З 10 па 16 красавіка тэрыторыю парку наведалі каля тысячы замежнікаў, пры гэтым пабіты новы рэкорд выхаднога дня — у суботу заехалі 700 чалавек.


Чытайце ўсе навіны бязвізавага Гродна пад адным тэгам


Указ № 318, які дае права замежным турыстам наведваць без віз тэрыторыю спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», уступіў у сілу 26 кастрычніка. Дакумент прадугледжвае магчымасць бязвізавага ўезду тэрмінам на пяць сутак на тэрыторыю парку і ў прылеглыя населеныя пункты Гродзенскага раёна і Гродна.