Улады заяўляюць, што будоўля корпуса хуткай дапамогі ў Гродзенскім кардыяцэнтры ідзе згодна з графікам і будзе завершана ў лістападзе 2025 года. Пра тое, што першапачаткова аб’ект мусіў быць гатовы да канца 2024 года, не згадваюць. Замест гэтага падкрэсліваюць інавацыйнасць аб’екта.
Правальваем тэрмін здачы згодна з графікам
Усё ідзе згодна з графікам — так можна коратка пераказаць травеньскую ацэнку будоўлі новага корпуса неадкладнай дапамогі ад Юрыя Караева. Дзяржаўныя СМІ тады паведамілі: корпус гатовы на 80 %, адкрыццё плануецца на канец трэцяга квартала 2025 года.
Але гэта не першае падобнае абяцанне.
Будаўніцтва корпуса пачалося ўлетку 2023 года. Тады казалі, што аб’ект будзе гатовы да канца 2024 года.
У снежні 2024-га галоўны лекар кардыяцэнтра Андрэй Янушка прамовіў такую ж фразу: «будаўніцтва ідзе згодна з графікам» і… паведаміў, што будоўля будзе скончана ў траўні 2025 года.

Травень 2025-га наступіў. Корпус неадкладнай дапамогі ўсё яшчэ недабудаваны. Гэтым разам Юрый Караеў заяўляе, што планы па здачы аб’екта не мяняюцца, але «травень» ператварыўся ў «канец трэцяга квартала».
Ці чакаць адкрыцця корпуса ў лістападзе?
Новая перашкода для здачы аб’екта — умовы пастаўкі абсталявання. Галоўны лекар кардыяцэнтра тлумачыць, што тэхнічная дакументацыя на МРТ гатовая, пачалася чыставая аддзелка памяшкання для яго ўсталявання, але КТ і ангіограф — толькі на этапе правядзення конкурсаў, дакладныя даты паставак невядомыя. Чаму за два гады ад пачатку будаўніцтва не ўдалося замовіць і купіць абсталяванне, чыноўнік не тлумачыць.
Што такое МРТ, КТ і ангіяграфія
Магнітна-рэзананская тамаграфія (МРТ) выкарыстоўваецца для даследвання мяккіх тканак, мозга і звязак.
Камп’ютарная тамаграфія (КТ) дазваляе ацаніць стан цвёрдых тканак — костак, лёгкіх і магчымых унутраных траўм.
Ангіограф прызначаны для візуалізацыі сасудаў і выяўлення праблем з крывацёкам, напрыклад, тромбаў.
Іншымі словамі, цяпер улады пакідаюць сабе магчымасць зноў перанесці тэрміны — ужо з прычыны «знешніх цяжкасцяў».
Сцены зрабілі, пра абсталяванне забылі
Ад пачатку будаўніцтва новага корпуса кардыяцэнтра было вядома, што там усталююць апараты МРТ, КТ і іншае высокатэхналагічнае абсталяванне. Пра гэта ў канцы года казаў галоўны лекар кардыяцэнтра Андрэй Янушка. Але ў планах паставак апаратаў на 2024 год гэты шпіталь не ўзгадваўся.
Незразумела, як чыноўнікі планавалі адкрыць корпус кардыяцэнтра напрыканцы 2024 года без абсталявання, якое самі назвалі неабходным.
Агулам за 2024 год у Гродзенскую вобласць закупілі каля 15% ад запланавага медычнага абсталявання.
Планавалі сем, даехаў адзін — як «не працуюць» санкцыі
Пасля ўвядзення санкцый у 2022 годзе Беларусь вымушана была часткова адмовіцца ад абсталявання еўрапейскіх, амерыканскіх і японскіх вытворцаў.
Забароны няма, але ёсць складанасці
Забароны на продаж у Беларусь медыцынскага абсталявання з гэтых рэгіёнаў няма. Але змянілася лагістыка працэсаў. Напрыклад, адмена паветранага злучэння і неабходнасць у пошуку іншых маршрутаў дастаўкі зрабіла пакупку абсталявання значна больш дарагой і доўгатэрміновай. Асобныя кампаненты медабсталявання могуць трапляць пад катэгорыю тавараў двайнога прызначэння і патрапляюць пад абмежаванні. На гэтым фоне многія еўрапейскія пастаўшчыкі пакідаюць беларускі рынак. Спынілі працу праграмы трансгранічнай еўрапейскай падтрымкі. У межах адной з іх у 2016 годзе апарат МРТ атрымала Гродзенская абласная бальніца. Яшчэ адзін чыннік, звязаны з санкцыямі, — складанасці з пераводам грошай з Беларусі ў Еўропу.
З 2022 года абсталяванне пачалі купляць у Кітаі, але рэальныя пастаўкі не адпавядаюць першапачатковым планам. У 2024 годзе Мінздароўя планаваў закупіць дзевяць адзінак МРТ на ўсю краіну. Фактычна паступілі толькі чатыры.
На графіку - экспарт камплектаў МРТ і дэталяў для іх у Беларусь у 2015 - 2024 гг. Раней Германія была буйным экспарцёрам у Беларусь, але пачынаючы з 2022 года экспарт з Германіі амаль спыніўся, а буйным экспарцёрам становіцца Кітай. Звяртае ўвагу экспарт з Эстоніі ў 2023-2024 гадах.
Пастаўкі ў Гродзенскую вобласць у мінулым годзе таксама аказаліся больш сціплымі, чым планавалі. Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя заяўляла, што толькі ў гарадскія шпіталі Гродна мусілі даехаць тры апараты МРТ і адзін КТ. У выніку вобласць агулам атрымала толькі адзін апарат МРТ у Лідскі раённы шпіталь. Астатняе абсталяванне “згубілася” дзесьці паміж кітайскімі заводамі і беларускімі планамі.
Па інфармацыі з адкрытых крыніц зараз медустановы Гродзенскай вобласці маюць 10 апаратаў МРТ, сем з іх усталяваны ў Гродне. З райцэнтраў пашанцавала толькі тром. Апараты МРТ маюць Астравец, Ліда і Ваўкавыск.
Што да абсталявання новага корпуса Гродзенскага кардыяцэнтра, то яно або яшчэ не закуплена, або існуе толькі на ўзроўні дакументацыі. Тэрмінаў паставак няма, але чыноўнікі ўпэўнены, што ў лістападзе 2025 года корпус будзе гатовы да здачы.
Тэарэтычна, яго можна адкрыць і без запланаванага абсталявання — галоўнае, каб стужачку было дзе перарэзаць.
Працяг будзе
Другая частка матэрыялу пра Гродзенскі кардыядыспансэр будзе прысвечана “інавацыйным падыходам”, якім, па словах старшыні аблвыканкама Юрыя Караева, няма аналагаў у краіне і нават у Еўропе. Журналісты Hrodna.life запыталі ў медыкаў, ці адпавядае гэта рэчаіснасці.
Калі вы чытаеце Hrodna.life і хочаце падтрымаць аўтараў канкрэтна гэтага матэрыялу, вы можаце заданаціць рэдакцыі.
Hrodna.life — некамерцыйнае незалежнае выданне для гродзенцаў у Гродне і беларусаў па ўсім свеце. Падтрымайце нас, каб захаваўся незалежны і крытычны голас, які па-беларуску расказвае важныя гісторыі. Калі гэта бяспечна для вас, вы можаце перавесці нам данат праз форму ніжэй або праз зручную платформу Buy Me a Coffee.
Далучайцеся да тых, хто ўжо дапамагае! Мы працягваем працаваць дзякуючы вашай падтрымцы!