Пакуль тэрміны адкрыцця новага корпуса кардыяцэнтра ў Гродне ціха ссоўваюцца, чыноўнікі пераключаюць увагу грамадства на яго «інавацыйнасць». У будынку абяцаюць не толькі сучаснае абсталяванне і рэанімацыю на першым паверсе, але і новы падыход: «лекар ідзе да пацыента». Журналісты Hrodna.life запыталі ў спецыялістаў, ці гэта насамрэч навінка.
У траўні 2025 года, калі Юрый Караеў наведаў корпус кардыяцентра, тэма пераносу тэрмінаў здачы будынка нават не згадвалася.
Раней Hrodna.life пісаў пра змены тэрмінаў уводу новага корпуса ў эксплуатацыю.
Янушка абяцае «асаблівую» арганізацыю хуткай дапамогі
«Такога ў рэспубліцы яшчэ няма, — падкрэсліў кіраўнік вобласці Юрый Караеў. — Тут асноўны прынцып — не пацыента возяць да спецыялістаў, а рэанімацыя на першым паверсе. Такога нідзе няма. І ў яе сабраны адразу на першым паверсе КТ, і МРТ, і тры койкі для аказання хуткай дапамогі цяжкім экстранным».
Яшчэ на пачатку будаўніцтва галоўны лекар кардыяцентра Андрэй Янушка казаў, што галоўная інавацыя будзе не ў апаратуры, а ў асаблівай арганізацыі хуткай дапамогі, якую можна назваць «інтэнсіўны прыёмны пакой». Тут плануюць зрабіць мікс стандартнага прыёмнага пакоя і аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі.
«Раней функцыя прыёмнага пакоя была — прыняць пацыента, паставіць папярэдні дыягназ, а потым накіраваць на розныя абследаванні. Цяпер мы паспрабуем працаваць па прынцыпе: лекар ідзе да пацыента», — кажа Янушка. Ён тлумачыць: «Карэты хуткай дапамогі часта прывозяць пацыентаў у шокавым стане. Такі пацыент адразу будзе трапляць на ложак інтэнсіўнай тэрапіі. Яму не трэба будзе хадзіць па кабінетах, медыкі самі прыйдуць да яго».
Неадкладная дапамога вачамі лекара
Як адбываецца дапамога пацыентам у шэраговым прыёмным пакоі беларускага шпіталя, журналістам Hrodna.life расказаў рэаніматолаг з Беларусі Міхаіл (імя зменена).
«У прыёмным пакоі пацыентаў сартуюць на тры патокі: чырвоны — тэрміновы, жоўты — менш тэрміновы і зялёны — пацыенты, якія ў стане перасоўвацца самастойна. Апошнія ходзяць па кабінетах, каб зрабіць абследаванні і здаць аналізы. Пацыенты, якія ў шоку, канешне, нікуды не ходзяць».
Міхаіл распавёў, што ў прыёмных аддзяленнях звычайна ёсць супрацьшокавыя палаты з кіслародам, апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх ды іншым абсталяваннем. Лекары адразу аказваюць пацыентам патрэбную дапамогу.
Што на Захадзе паўсядзённасць, для Беларусі — інавацыя
Лекар з Беларусі Аляксей (імя зменена), які зараз працуе ў адным з аддзяленняў неадкладнай дапамогі ў Польшчы, рэагуе на словы чыноўнікаў стрымана: «Спецыялісты ходзяць да пацыентаў - гэта не інавацыя. Гэта звычайнае нармальнае прыёмна-дыягнастычнае аддзяленне. Уся Еўропа каля 20 год ужо на гэта перайшла».
З досведу Аляксея, у Польшчы прыёмна-дыягнастычныя аддзяленні пачалі актыўна развівацца яшчэ ў 2000-х і «зараз у любой маленькай бальніцы Польшчы ёсць аддзяленне неадкладнай дапамогі». Тут робяць аналізы, рэнтген, КТ, МРТ. Гэта ды іншае абсталяванне знаходзіцца ў крокавай дасяжнасці, а побач ёсць і рэанімацыя.
Даведка Hrodna.life: Аддзяленне неадкладнай дапамогі польскага горада Ломжа мае МРТ і КТ і рэанімацыю ад 2016 года. Каля шпіталя знаходзіцца верталётная пляцоўка. Пры патрэбе хворых дастаўляюць да дзвярэй аддзялення паветраным транспартам. У Ломжы колькасць насельніцтва каля 60 тысяч. Прыкладна такую ж колькасць насельніцтва ў Гродзенскай вобласці маюць Ваўкавыск (40 тысяч) і Ліда (100 тысяч). У Ваўкавыску першы апарат МРТ з’явіўся ў 2023 годзе, а ў Лідзе ў 2024.
Атрымліваецца, што чыноўнікі прэзентуюць як інавацыю тое, што ў суседняй Польшчы даўно ператварылася ў медыцынскі стандарт. І не толькі ў сталіцы, а таксама ў невялікіх гарадах.
«Асаблівая арганізацыя»: і санаторый, і рэанімацыя
Што тычыцца Беларусі, то Аляксей згадаў, што «ў Магілёве гадоў сем ужо ёсць прыёмна-дыягнастычнае аддзяленне» з падобнай арганізацыяй працы.
Даведка Hrodna.life: Магілёўскі абласны дзіцячы шпіталь мае прыёмна-дыягнастычнае аддзяленне, у якім пацыенты атрымліваюць тэрміновую медычную дапамогу. У аддзяленні ёсць КТ і няма МРТ.
Што да арганізацыі працы, то, па словах лекара з Гродна, у Гродзенскім кардыяцэнтры і да ўвядзення інавацый існавала «асаблівая арганізацыя» дапамогі насельніцтву.
«Раней кардыяцэнтр быў як санаторый для VIP і начальства. Там увогуле карпусы былі абсталяваны не для таго, каб аказваць кардыялагічную дапамогу пацыентам з Гродна і Гродзенская вобласці,» — падзяліўся Аляксей. Да статусу сапраўднага кардыялагічнага шпіталя ўстанова рухаецца апошнія 10 год, але фінішу пакуль не дасягнула. Працэс пачаўся, калі ў ёй з’явіліся кардыяхірургія, рентгенаэндаваскулярная хірургія, дзве рэанімацыі замест адной і прыехаў Янушка з Мінска.
На думку лекара, раней «асаблівая арганізацыя» азначала санаторый для абраных, а цяпер ёсць надзея, што гэта будзе рэанімацыя для ўсіх. Прагрэс відавочны, хаця і з дзяржаўна-беларускім тварам.