Новага корпус Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра плануюць дабудаваць і здаць «пад ключ» ужо ў надыходзячым 2024 годзе. Яго пачалі будаваць улетку 2023 года. Там будзе неадкладная інтэнсіўная першая дапамога і сістэма апрацоўкі дадзеных са штучным інтэлектам.

Пра пачатак будоўлі казаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік у жніўні 2023. Там вырашылі размясціць аддзяленне неадкладнай дапамогі. Пабудаваць новы корпус вырашылі ў першую чаргу для пашырэння дыягнастычнай базы пры ранніх, складаных і цяжкіх у першаснай ацэнцы кардыяпаталогіях, расказаў галоўны ўрач абласнога кардыялагічнага цэнтра Андрэй Янушка.

Корпус абсталююць апаратамі КТ і МРТ, настроенымі менавіта на кардыялогію, ангіёграфам з інтэграванай сістэмай для аперацый на праводнай сістэме сэрца, апаратамі экспертнага класа для ўльтрагукавой і эндаскапічнай дыягностыкі. Усё гэта аб’яднаюць у адну сістэму дыягностыкі, аналізу і маніторынгу.

Штучны інтэлект будзе выбудоўваць персаніфікаваныя карты пацыентаў са ўсёй атрыманай гэтай сістэмай інфармацыяй, не дублюючы вынікаў даследаванняў. Гэта дапаможа выбраць найбольш прыдатную сістэму лячэння, у тым ліку інтэрвенцыйнага [хірургічнымі тэхналогіямі малога ўмяшання]. Спецыялісты кардыяцэнтра будуць кансультавацца з калегамі з вядучых клінік Беларусі і замежжа праз асобныя абароненыя каналы сувязі, паабяцаў Янушка.

У новым корпусе створаць «інтэнсіўны прыёмны пакой» — прыёмны пакой у звычайным сэнсе і аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі ў адным. Там пацыент адразу пачне атрымліваць усе патрэбныя віды дыягностыкі і лячэння. Да яго выратавання адначасова падключацца ўсе патрэбныя спецыялісты розных профіляў. Пасля лабараторнага і дыягнастычнага абследавання пацыенту правядуць неабходную інтэрвенцыю, магчыма з выкарыстаннем ангіёграфа на месцы. Толькі пасля першых хуткіх мераў выратавання яго перавядуць у аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. Такая хуткая дапамога асабліва важная пры кардыягенным шоку, калі рэзка зніжаецца эфектыўнасць працы сэрца і падае кровазабеспячэнне органаў і тканін.

Будаўніцтва і абсталяванне корпуса ідзе за кошт абласнога бюджэту, акрамя дарагіх апаратаў КТ, МРТ, ангіёграфа. Іх паставіць Міністэрства аховы здароўя. Навучаць працаўнікоў новага аддзялення будуць у мінскіх і расійскіх клініках і цэнтрах.

Чытайце таксама: Для гродзенскай бальніцы закупляюць абсталяванне для фізіятэрапіі