Фірмовы кубак Hrodna.life за тэставанне нашага сайта атрымала Ганка Барадзіна. Яна чытала старонку ад 6 да 12 сакавіка. “Я звычайна чытаю вечаровы тэлеграм, бо ўдзень не заўжды ёсць час, толькі калі ў стужцы ў фб нешта заўважыла ці адрасна нехта даслаў”, – пісала Ганка ў першы дзень тэставання. А вось пад канец тыдня характар допісаў змяніўся: “Падсадзілі. Дзе мае ранішнія навіны?”

На рэдакцыйнай планёрцы 13 сакавіка Ганка падзялілася ўражаннямі ад чытання старонкі. Каб найбольш адпавядаць стылю Hrodna.life на здымку, Ганка вырашыла сфатаграфавацца не толькі з кубкам, але яшчэ і з нашым самым хуткім гродзенскім рэпарцёрам – Русланам Кулевічам. А мы і не супраць здзяйсняць пажаданні нашых чытачоў.


З улікам таго, што цягам дня Ганка пераходзіла на сайт у асноўным з сацсетак, у панядзелак яна заспела хвалю рэакцыі на артыкул пра веганаў з мінулага тыдня: “Клёва, сакавіта перададзена мова Вячкі, артыкул спадабаўся! Бачу, што выклікаў цікавасць, нават каменты напісалі, толькі што вельмі негатыўныя, узгрустнула”.

Звярнулі на сябе ўвагу Ганкі матэрыялы з выкарыстаннем плагінаў сацсетак у анонсе выступа NaviBand і артыкуле пра выставу Івана Цыркуновіча. Таксама яна адзначыла наш калядар гарадскіх падзей: “ Клас, здаецца, вы мяне пачулі! Фільм Джармуша ў Гродне – мая навіна дня. Дзякуючы вам не праспалі гэта, сходзім!”

Меркаваннем Ганкі, блогі, як частка сайта, вельмі карысная штука. Іх суб’ектыўны, аўтарскі позірк дадае вастрыню і разнастайнасць больш нейтральным матэрыялам сайта. Тэстуючы сайт, да матэряылаў блога яна таксама падышла вельмі ўважліва. “Апошні артыкул (з цыкла “150 словаў пра эСэСэСэР” – заўв. рэдакцыі) са шкоднасці падлічыла – 166 словаў выйшла, не 150”. Так што, блогер Ігар Кузьмініч – май на ўвазе, усё пад катролем!

“Мне не хапае яшчэ нейкага агляду кніжак/кіно, чагосьці такога культуральнага. Я б чытала”. У адказ мы прапанавалі Ганцы не толькі, каб чытала, але і каб пісала. То ў хуткім часе чакайце новы блог пра кніжі і TED-прамовы.

Як адзначае Ганка (ды і не толькі яна), не магчыма не заўважыць на сайце “ганстараў ад Руслана”. Як ён паспявае адсочваць, між іншымі тэмамі, яшчэ і крымінальную хроніку?!

У ТОП-3 ад Ганкі Барадзіной увайшлі наступныя артыкулы:

Чытайце яшчэ:  NaviBand на сцэне і па-за сцэнай. У Гродне прайшоў канцэрт групы, што будзе прадстаўляць Беларусь на Еўрабачанні

– Ой, душэўна так выйшла – і па фотках, і па тэкстах.

Чытайце яшчэ:  “Моўны інспектар” у гродзенскім “Евроопте”: ці атрымаецца прадаваць “буракі” замест “свеклы”?

–  Думала, калі шчыра, што там усё больш фіктыўна. Класна, што не!

Чытайце яшчэ:  Замкавая вуліца павінна быць пешаходнай! Як гэта зрабіць, захаваўшы парковачныя месцы

– Згодна! Што магу зрабіць?

З заўвагаў па тэхнічным боку старонкі Ганка параіла звярнуць увагу на тэмы падвёрсткі “Чытай больш” у артыкулах, дадаць тэгі па аўтарах, магчымасць прагляду раней надрукаваных матэрыялаў у храналагічным парадку і шмат яшчэ якіх карысных рэчаў. Пастарамся ўсё гэта зрабіць.

На завяршэнне тыдня тэставання Ганка напісала пару радкоў пра назіранні “з жыцця”: “Сядзелі ў “Нашай Каве”, цікавы мужчынка на бары кажа: чытаў на с13, што тут будуць будаваць бізнес-цэнтр… Калі будзе мода казаць “Я чытаў на Hrodna.life”?

Ну што ж, вясна – самы час запускаць новыя модныя трэнды. То калі вы чытаеце навіны горада на нашай старонцы, расказвайце пра гэта сябрам. Будзем разам ствараць моду на навіны па-беларуску. А мы і надалей будзем пісаць для вас усё самае цікавае пра жыццё горада і жыццё ў горадзе.