Дуб, які пасадзіў Васіль Быкаў, і бровары. Куды па-за звычайным маршрутам водзяць гродзенскія экскурсаводы?

1. Помнік Булак-Балаховічу (Таццяна Касатая)

Насамрэч, помнік на вуліцы Карбышава каля абласнога суда паставілі Чапаеву. Але гродзенцы заўважылі, то паміж Васілём Іванавічам і Булак-Балаховічам існуе знешняе падабенства. Нехта вырашыў, што варта помнік перайменаваць. Лістападаўскай ноччу 2010 года на бюсце з’явілася шыльда з подпісам залатымі літарамі «Станіслаў Булак-Балаховіч» і гады жыцця. Хто гэта зрабіў, гісторыя дагэтуль маўчыць. Праўда, праз некалькі дзён шыльду знялі.

Дуб Быкава. Якія нестандартныя месцы паказваюць гродзенскія экскурсаводы?
Фота: Радыё Рацыя

2. Дзеці на могілках (Ян Лялевіч)

На месцы двух могілак цяпер стаяць дзіцячыя садкі. Аб гэтым ведаюць нават не ўсе гродзенцы. Першыя, яўрэйскія, знаходзіліся на былой Крывой вуліцы. Іх забудавалі напрыканцы 1940-х гадоў, пасля вайны. Цяпер зверху часткова знаходзіцца паркоўка, а часткова садок на вуліцы Вялікай Траецкай.

Другія могілкі, лютэранскія, месціліся насупраць кірхі, на вуліцы 1 мая. Сталыя гродзенцы яшчэ памятаюць тыя каменныя надмагіллі. Садок там пабудавалі ў 1970-х гадах.

Ян Лялевіч падкрэслівае, што месцы гэтыя важныя, як памяць. Калі фашысты фізічна вынішчылі яўрэяў, то савецкая ўлада зліквідавала нават памяць аб самай вялікай частцы насельніцтва горада, а таксама аб яго нямецкіх жыхарах.

[irp posts="62 066″ name="Барадулін атруціўся ў «Нёмане». Якія байкі распавядаюць гродзенскія экскурсаводы?"]

3. Дуб Быкава (Таццяна Касатая)

У двары дома № 18 на вуліцы Свярдлова побач з яблынямі стаіць дуб. У гэтым доме некаторы час жыў Васіль Быкаў з сям’ёй. Унук пісьменніка запэўнівае, што гэтае дрэва пасадзіў яго дзядуля.

Дуб Быкава. Якія нестандартныя месцы паказваюць гродзенскія экскурсаводы?
Фота: grodno.greenbelarus.info

4. Гарадніца і вузкія вулачкі (Яўген Махнач)

У самым цэнтры горада праходзяць вузкія, цікавыя вулачкі, як Гараднічанская, Тэльмана, якімі можна прайсціся замест Савецкай вуліцы. Да прыкладу, у будынку, дзе месцілася міліцыя, раней знаходзілася гродзенская яўрэйская ўправа. Не ўсе экскурсаводы водзяць па Гарадніцы. Тут можна спыніцца каля лямуса, лясной адміністрацыі, доміка майстра (цяпер музей гісторыі Гарадніцы). У сённяшнім корпусе аграрнага ўніверсітэта раней было рэальнае вучылішча, а пазней гімназія Адама Міцкевіча. У 1939 годзе яе вучні ўдзельнічалі ў абароне горада.

5. Рыбны рынак (Яўген Махнач)

Ён знаходзіўся ў яўрэйскім квартале. Цяпер на гэтым месцы стаянка на вуліцы Вялікай Траецкай. Там гандлявалі свежай рыбай, толькі што злоўленай у Нёмане. Раней у Нёман даплываў асётр. Аднойчы рыбакі злавілі асятра даўжынёй у чалавечы рост.

Дуб Быкава. Якія нестандартныя месцы паказваюць гродзенскія экскурсаводы?
Двухмятровы асётр, якога злавілі ў Нёмане ў 1927 годзе
[irp posts="59 696″ name="Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром"]

6. Пяць бровараў (Яўген Махнач)

Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Гродне працавала пяць бровараў. Ніводны з іх не працуе сёння. Адзін, бровар баніфратраў, знаходзіўся на рагу вуліц Ажэшкі і Сацыялістычнай, дзе цяпер пошта. На месцы другога, бровара яўрэя Лейбы Слуцкага, цяпер знаходзіцца лікёра-гарэлачны завод. Самы вядомы гродзенцам піўзавод Юзафа Кунца каля Старога маста, які працаваў да 2007 года, гарэў і сёння стаіць закінуты.

7. Савецкая плошча па праву (Віктар Кірэеў)

Савецкая плошча апраўдвае сваю назву тым, што раней там месціўся гарадскі Савет — Ратуша. Цяперашняя вуліца Карла Маркса таксама мае сувязь са старой назвай Купецкай. Які купец без капітала, пытаецца Віктар Кірэеў. А «Капітал» напісаў Карл Маркс.