Музей аптэчнай справы адкрылі 29 мая ў будынку аптэкі № 3 па вул. Антонава. Пастаянная экспазіцыя ў некалькіх памяшканнях прысвечана фармацэўтычнай сетцы Гродзенскай вобласці.

Музей для наведвальнікаў будзе бясплатным. Мэта стваральнікаў - пазнаёміць з гісторыяй аптэчнай справы ў рэгіёне. Сярод экспанатаў: вялікая калекцыя фатаграфій, флаконаў, медыцынскiх вагаў і шмат іншага. Самыя старыя і каштоўныя паходзяць з ХІХ ст. Экскурсаводам у музеі працуе аптэкарка з 45-гадовым стажам, правізар Галіна Петрышчэ.

«Усе нашы экспанаты збіраліся літаральна нітка да ніткі. Калі б ідэя такога музея з’явілася ў нас раней, магчыма, каштоўных прадметаў было больш. Раней мы не задумваліся, што трэба захоўваць сваю гісторыю. А зараз мы мэтанакіравана вырашылі стварыць свой музей, які распавядзе аб дзяржаўнай аптэчнай службе Гродзеншчыны.

Музей разлічаны на любога чалавека, якому неабыякава гісторыя свайго краю, але ў першую чаргу мы разлічваем на студэнтаў медыцынскіх ВНУ, каледжаў, школьнікаў, а таксама турыстаў", — распавяла Галіна Петрышчэ.

Адрас музея: вул. Антонава, 4

Час працы: серада — пятніца з 10.00 да 18.00, у суботу з 10.00 да 16.00.

Па калектыўных заяўках можна дамовіцца ў любы дзень тыдня і ў любы час.