На тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў мінулым жылі не толькі беларусы. Напрыклад, яшчэ ў XII стагоддзі тут рассяляліся прусы, а ўжо ў XVII па ўсёй Беларусі вандравалі шатландскія гандляры, якія заязджалі ў тым ліку і ў Гродна. Пра народы, якія жылі на Гродзеншчыне і лічылі яе сваёй радзімай, піша CityDog.io.
Прусы жылі на Шчучыншчыне і захоўвалі сваю мову
Прусы, саюз дзевяці плямёнаў заходніх балтаў, жылі на землях сучаснай паўночнай Польшчы і Калінінградскай вобласці Расіі.
Прусы назалялі князю Конраду Мазавецкаму набегамі, і той паклікаў рыцараў-крыжакоў Тэўтонскага ордэна, каб дапамаглі яму адбараніцца. Рыцары ўзяліся хрысціць прусаў агнём і мячом, і тыя папрасіліся ў ВКЛ — ідэйна блізкае, бо паганскае. Вялікі князь Трайдзень (1270−1282) рассяліў іх пад Гроднам і Слонімам. Летапіс зафіксаваў два племені: прусы і борці (з цэнтральнага рэгіёна Прусіі - Бартніі). Трэцяе прускае племя, скаловы, Кейстут і Альгерд прывялі палонам з набегу на Тэўтонскі ордэн.
У ВКЛ для прусаў стварылі асобнае Барцянскае староства, падчас вайны яны рабілі інжынерную працу — будавалі гаці, масты і дарогі для войска. Вялікія князі спецыяльна пасялілі іх на забалочаным участку дарогі Вільня — Кракаў, каб сачылі за мастамі. Ва «Уставе на валокі» быў нават адмысловы артыкул «Аб борцях», адзначае этнолаг Юрый Унуковіч.
На гістарычнай радзіме заходніх балтаў знішчылі, а ў ВКЛ яны доўга захоўвалі мову і дагэтуль захоўваюць саманазву. Этнолаг Унуковіч запісаў у экспедыцыі: «Ну, а літоўцы мы — барцякі. У Пелясе — барцякі, а ў Подзітве скалікі дразняць». Пеляса і Подзітва — гэта вёскі ў Воранаўскім раёне Гродзеншчыны. Сёння гэтыя людзі ўсё яшчэ гавораць на балцкай мове — праўда, ужо ўсходнебалцкай: паўплывала суседства з блізкімі па мове літоўцамі. У пачатку ХХ стагоддзя тут выпісвалі літоўскія газеты, адкрывалі літоўскія школы і садкі, курсы і бібліятэкі.
Нашчадкі прусаў жывуць не толькі на Воранаўшчыне, але і на Шчучыншчыне (паблізу Жалудка).
Па тэме: Які фестываль нацыянальных культур мог бы атрымацца ў Гродне некалькі стагоддзяў таму
Хто такія шоты і навошта яны прыязджалі ў Гродна
16-гадовы шатландзец Патрык Гордан прыбывае ў Рэч Паспалітую, бо не хоча вучыцца ў пратэстанцкім універсітэце на радзіме. Тут ён адчувае сябе як дома: заначаваў у адных шатландцаў, паабедаў у іншых.
Пабачыўшы ў нейкім двары чалавека з мехам, які адмярае тасьму на продаж, Патрык запісвае ў дзённіку: «Думаю, гэта мой суайчыннік». У тыя ж гады Ян Антоній Храпавіцкі з-пад Гродна запісаў у мемуарах: «Па абедзе заехаў шот з сукном, якога я нямала купіў». Так, нездарма харват Юрый Крыжаніч у 1660-я называе Рэч Паспалітую шатландскай калоніяй!
У Беларусі таго часу вандроўныя шатландскія гандляры — шкоты, ці шоты, як іх называлі, — былі паўсядзённасцю. Мікалай Радзівіл Сіротка падчас паломніцтва ў Палесціну пісаў пра вулічных гандляроў-друзаў у Дамаску і Трыпалі: «Яны ў каробках носяць па вуліцах для продажу розныя дробныя рэчы, як нашы шкоты».
Цэлыя катэгорыі тавараў называлі тады «рэчы шкоцкія»: ручнікі і рукавіцы, пацеркі і бялілы, венікі і нажы, грабяні і ніткі, іголкі, напарсткі і панчохі - шатландцы манапольна імі гандлявалі. Мясцовыя камерсанты спрабавалі пратэставаць, і ўрад рабіў што мог: забараняў шатландцам гандляваць па-за кірмашамі, забараняў гандляваць без рэгістрацыі.
А Патрык Гордан доўга ва ўніверсітэце не вытрымаў і пайшоў у войска. Шатландскія наёмнікі служылі ў войсках Рэчы Паспалітай, Швецыі і Расіі. Наёмніцтва для шатландцаў было чыстым бізнесам: трапіўшы ў палон, яны пераходзілі на бок пераможцаў.
Суайчыннік скіраваў Гордана ў роту аховы князя Радзівіла, якая складалася амаль уся з шатландцаў. Цэнтрам шатландскіх кальвіністаў быў Слуцк, дзе Багуслаў Радзівіл ствараў ім умовы.
Шатландцы ў ВКЛ яшчэ і варагавалі паміж сабой: каталікі, якія шукалі спакою пасля ганенняў у Шатландыі, біліся з кальвіністамі, а гандляры недалюблівалі наёмнікаў.
Чытайце таксама: На гербе Гродзенскай губерні намалявалі зебру — як так выйшла?