Гродзенец Павел Касцюк, вывучаючы сямейны архіў, натыкнуўся на дзённікі свайго дзядулі. З іх ён даведаўся, што ў цэнтры Гродна захаваўся дом, які належаў яго продкам, але яны вымушаны былі яго пакінуць у час Другой сусветнай вайны. За савецкім часам дом не вярнулі.

Пасля Анатоля Касцюка – дзеда Паўла – засталіся два рукапісныя альбомы пад назвай “Нашы карані”. У іх ён распавёў пра сем’і Касцюк і Песняк, якія некалькі пакаленняў жылі ў Гродне. Акрамя гісторыі сям’і, у альбомах былі запісы і выразкі з газет, якія распавядаюць гісторыю горада.

Гродзенец заняўся генеалогіяй і знайшоў у цэнтры Гродна сямейны дом. Але вярнуць яго пакуль нерэальна
Кнігі і фатаграфіі, якія дасталіся Паўлу ад дзеда Анатоля


Кнігі дзеда падштурхнулі вывучаць гісторыю сям’і

Дзед Паўла спецыяльна рыхтаваў гэтыя альбомы для нашчадкаў, каб яны не забывалі свае карані і спрабавалі вярнуць сямейны дом.

«Літаральна гады тры таму я стаў цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і, у дзеда якраз тады пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, – распавядае Павел. – Да гэтага ён пачаў рыхтаваць свае кнігі. Казаў, што робіць гэта, каб памяталі яго і ведалі адкуль пайшлі сямейныя карані. Зараз я вывучаю гэтыя кнігі. Яны мяне яшчэ больш падштурхнулі вывучаць сямейную гісторыю. Я ўжо працаваў у гродзенскіх архівах і мне ўдалося знайсці сваякоў з сярэдзіны 19 стагоддзя і ўсе яны жылі ў Гродне”.

Былі спробы вярнуць дом

Сямейны дом Касцюкоў знаходзіцца на рагу вуліц Віленскай і Вялікай Траецкай. Ён быў пабудаваны ў 1888 годзе. Сёння там офісы.

«Мае продкі былі нябедныя людзьмі, мелі свой мураваны дом у Гродне. Як мне вядома, мая сям’я сышла з гэтага дома ў пачатку вайны з немцамі. Каб выжыць, баяліся расстрэлаў. А калі пасля вайны вярнуліся, то дом ужо належаў савецкай дзяржаве. У пачатку 2000-х былі спробы вярнуць дом, але ўсё беспаспяхова. Хадзілі да натарыусаў і юрыстаў, паказвалі ўсе дакументы на ўласнасць, але сёння ў нашай дзяржаве няма такога закона, каб можна было вярнуць страчаную маёмасць», – дадаў Павел.

Гродзенец заняўся генеалогіяй і знайшоў у цэнтры Гродна сямейны дом. Але вярнуць яго пакуль нерэальна
Праект сямейнага дома Паўла ў цэнтры Гродна

Да вайны быў рэстаран, а кватэры здавалі людзям

Два гады таму мы распавядалі пра гродзенскага старажыла Анатоля Песняка, які таксама заяўляў, што дом на рагу Віленскай і Вялікай Траецкай належаў яго сям’і. Аказваецца, Павел Касцюк і Анатоль Песняк сваякі, але ніколі не бачыліся, хоць і жывуць у адным горадзе ўсё жыццё.

Нарадзіўся Анатоль Песняк у 1926 годзе ў тым самым доме. У 1930-я гады Песнякі займалі ў ім толькі некалькі пакояў, усе астатнія сям’я здавала ў арэнду.

«Мае дзядуля і бабуля памерлі, калі я быў вельмі маленькім, так што з імі паразмаўляць я не змог. Але мама распавядала, што наш дом пабудаваў дзед і на першым паверсе ў яго быў уласны рэстаран.
У 1930-я рэстарана ўжо не было – быў звычайны жылы дом.

Мой бацька быў шаўцом, а мама займалася гаспадаркай. Былі ў нас у двары свінні і куры – усё тое, што трымалі звычайныя людзі ў Гродне. Хоць было і кепска трымаць у цэнтры горада жывёл, але мы спрабавалі. Пры паляках кожны тыдзень да нас прыязджала паліцыя і глядзела, каб былі парадак і чысціня», – распавядае Анатоль Песняк.

Гродзенец заняўся генеалогіяй і знайшоў у цэнтры Гродна сямейны дом. Але вярнуць яго пакуль нерэальна
Анатоль Песняк

Пасля вайны дом не аддалі

Паводле дадзеных Анатоля Касцюка, дзядулі Паўла, гэты дом 12 верасня 1903 года купіла мяшчанка Антаніна Песняк – бабуля Анатоля Песняка. Дом сям’я купляла ў нейкага Сольца. Вясной 1904 года Антаніна Песняк пачала рэканструкцыю. Амаль у тым жа выглядзе дом захаваўся да сённяшніх дзён.
Падчас Другой сусветнай вайны сям’я Песнякоў і Касцюкоў пазбавілася свайго вялікага дома на Віленскай. Сям’ю выселілі, бо дом быў уключаны ў гета.

«Сказалі выселіцца. Далі нам наўзамен невялікую пабудову на вуліцы Вапеннай каля старой гарбарні. Прайшла вайна, сышлі немцы, а наш сямейны дом і савецкая, і сённяшняя ўлада не аддала. Хоць у сям’і маюцца ўсе дакументы, што ён належыць менавіта нам. Пасля вайны саветы ў дом засялялі людзей з вёсак, а сёння там ужо нейкія офісы…», – дадаў Анатоль Песняк.

Гродзенец заняўся генеалогіяй і знайшоў у цэнтры Гродна сямейны дом. Але вярнуць яго пакуль нерэальна
Дом Песнякоў і Касцюкоў быў пабудаваны ў 1888 годзе

Няма закона об рэстытуцыі

У пачатку 1990-х распад СССР прывёў да таго, што ў Беларусі паўстала пытанне рэстытуцыі – вяртання маёмасці былым уласнікам і іх нашчадкам. У выпадку з Гродна гаворка ішла не толькі пра дарэвалюцыйную ўласнасць, але і пра міжваенны перыяд, калі горад быў у складзе Польшчы. У незалежнай Беларусі нерухомасць уладальнікам не вярталася, бо няма такога закону. Дзяржава вярнула толькі храмы вернікам.

«Я ўжо размаўляў з дачкой Анатоля Песняка, хутка і з ім сустрэнуся, – кажа Павел Касцюк. – У будучыні я буду спрабаваць вярнуць сямейны дом, бо ў ім жыло не адно пакаленне нашай сям’і, гэта наша гісторыя і спадчына».

Гродзенец заняўся генеалогіяй і знайшоў у цэнтры Гродна сямейны дом. Але вярнуць яго пакуль нерэальна
Павел у двары дома

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам “Твой стыль”. У канцы 2018 выдаў кнігу “Горад адзін, успаміны розныя”, дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930-40-я гады.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: