Архітэктар Аляксандр Штэн даслаў у рэдакцыю Hrodna.life ліст, у якім падняў праблему набярэжнай Нёмана. Нядаўна пра яе выказваўся наш чытач Кірыл Марыкін: маўляў, трэба ажывіць участак пад замкамі, які сёння амаль «мёртвы». Аляксандра Штэна ж хвалюе ўчастак пад Каложай: гэта сапраўдная вясковая дарога ў самым цэнтры горада ля аднаго з самых важных турыстычных помнікаў. Сорамна, што ў горада няма на ўладкаванне гэтай дарогі грошай, піша Штэн.
Ніжэй публікуем яго ліст цалкам. Рэдакцыя дадала толькі падзагалоўкі.
Праванабярэжная ў нашым горадзе ад вусця Гараднічанкі да Новага маста праз Нёман — жвір і пясок. Праехаць цяжка нават на ровары, ды і пешшу толькі ногі ламаць. Можна знайсці дзясятак прычын, чаму гэты адрэзак набярэжнай не абсталяваны, хоць праект добраўпарадкавання даўно распрацаваны ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект».
Адна з прычын — у бюджэце няма для гэтага грошай. Але бюджэт фармуецца выканаўчай уладай і зацвярджаецца мясцовымі дэпутатамі. Значыць добраўпарадкаванне набярэжнай не ў прыярытэце, значыць ёсць іншыя, больш важныя выдаткі для дзялення бюджэтнага пірага.
Іншая прычына — мы спадзяемся на інвестыцыі з еўрапейскіх крыніц у выглядзе грантаў. Такая тэма, наколькі мне вядома, прапрацоўвалася, ды і цяпер не закрытая. Тым не менш, падарункаў ад багатага замежжа можна і не дачакацца, а падол сукенкі нашай гістарычнай жамчужыны яшчэ доўга застанецца абадраным і брудным.
У той жа час, у нашым горадзе выдатна добраўпарадкаваны, пакрытыя бетоннай пліткай і асфальтам значныя плошчы дарог і тратуараў, па якіх амаль ніхто не рухаецца, выкананыя з перспектывай на 20 і больш гадоў. У прыватнасці, вакол мікрараёна «Альшанка» шматпалосная праезджая частка вуліцы, шырачэнныя тратуары і веладарожкі з боку сельгасугоддзяў, якія вядуць у нікуды. Адных гэтых тратуараў хапіла б на ўсю набярэжную.
Простае пытанне — ці можа кіраўніцтва горада пераразмеркаваць матэрыяльныя рэсурсы і пусціць іх валявым рашэннем на больш патрэбныя аб’екты? Верагодна, можа, але гэта звязана з такімі замарочкамі, што мала не падасца. Самае разважнае рашэнне, прынятае без скрупулёзнага выканання заканадаўчых рэгламентаў і правілаў фінансавання, жорстка караецца. І ўсё ж, пры ўсім спачуванні да нашых чыноўнікаў, праблема не вылучаецца на пярэдні план, а закансерваваная.
Часта бываю на набярэжнай пад Каложскай царквой. Там заўсёды шмат замежных турыстаў, перад якімі прыходзіцца чырванець. Мала таго, што праезд набярэжнай увесь разбіты, у лужынах і калдобінах, дык і масток праз Гараднічанку і яе берагі, як пасля землятрусу.
Мы любім казаць, што Каложская царква — наше ўсё, унікальны брыльянт гістарычнай спадчыны, сімвал горада і нашай ідэнтычнасці і г. д.
На мой погляд, не чакаючы грандыёзных будоўляў, зусім неабходна адшукаць сродкі, калі не на ўсю набярэжную, то хаця б на ўчастак ад вусця Гараднічанкі да лесвіцы, што вядзе з Каложскага парку да Нёмана. Неабходна добраўпарадкаваць хай не на ўсю катушку, а хаця б асфальтаваць у выглядзе бягучага рамонту (як часовае рашэнне) гэты ўчастак і загаіць берагавыя раны Гараднічанкі.
Можа, абвясціць збор добраахвотных ахвяраванняў на добраўпарадкаванне набярэжнай?
Вельмі сорамна, спадары!
Архітэктар і старажыл г. Гродна Аляксандр Штэн
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…