Гісторыя з сабакам, які загінуў у незачыненым калодзежы на Фолюшы, усхвалявала многiх гродзенцаў. Хто вінаваты, што хатняя жывёлiна правалілася ў глыбокую яміну і яе адтуль не ўратавалі, разбіраўся Hrodna.life.
Няшчасны выпадак адбыўся 11 мая на тэрыторыі ніжняга Фолюша, дзе яшчэ нядаўна знаходзіўся стыхійны агародны гарадок жыхароў мікрараёна. Маленькi сабака без прывязі, гуляючы недалёка ад гаспадара, праваліўся ў адкрыты калодзеж. Уласнымі сіламі гаспадары і неабыякавыя гараджане спрабавалі выратаваць жывёлу, але зрабіць гэта не атрымалася. Выклікалі і разнастайныя службы, але ніхто ратаваць жывёлу так і не прыехаў.
Толькі пасля скаргі да кіраўніцтва горада, на месца прыехалі супрацоўнікі водаканала, а пасля і МНС. Адкрыты калодзеж агарадзілі, а таксама агледзелі мясцовасць на наяўнасць іншых небяспечных месцаў.
Самастойна МНС на выратаванне жывёл не выязджае
Афіцыйны прадстаўнік прэс-службы МНС па Гродзенскай вобласці Наталля Жывалеўская распавяла Hrodna.life, што роля МНС у дадзенай сітуацыi была каардынуючай. Калі няма пагрозы для жыцця і здароўя людзей, і дапамога ўласна МНС не патрэбна, то ратавальнікі не выязджаюць.
«Ёсць алгарытм прыцягнення спецыялістаў і ёсць парадак рэагавання на падобныя паведамленні. Самастойна МНС на такія выклікі не выязджае. У выпадку паступлення інфармацыі, як з сабакам 11 мая, яна пераадрасоўваецца ў САГ і іншыя службы, якія і павінны рэагаваць на выклік. А ў іх ужо свой парадак, што і як трэба рабіць. Калі гэтыя службы самастойна не могуць справіцца, то дапамагаюць ратавальнікі».
САГ адлоўлівае толькі безнаглядных жывёл
У дыспетчарскай САГ распавялі, што сігнал аб тым, што сабака трапіў ў калодзеж, паступаў да іх, але на такія выпадкі яны не выязджаюць, бо ў іх няма абсталявання даставаць жывёл з калодзежаў.
«З такімі выпадкамі мы не сутыкаемся, бо нам няма чым дапамагчы. Пры паступленні сігналу, гаспадару жывёлiны было зададзена пытанне: „Чаму сабака гуляў без ланцужка?“ Адказ быў такі, што на тэрыторыі былых агародаў шпацыруюць усе, дзеці ў тым ліку. Гэта асабістая сабака гаспадара і ён павінен несці за яе адказнасць. Мы ж адлоўліваем толькі безнаглядных жывёл».
Калодзеж закапалі - сабаку так і не дасталі
На наступны дзень пасля няшчаснага выпадку розныя гарадскiя службы прыехалі на тэрыторыю былых агародаў каб шукаць яміны. Як высветлілася, калодзеж, у якім патанула сабака, быў зроблены з некалькіх бочак. Рабочым удалося выкапаць некалькі з іх, далей тэхніка не магла капаць — вырашылі закапаць пакінутыя бочкі, на дне якіх і застаўся сабака.
«Нам водаканал сказаў, што гэты калодзеж складаўся чатырох звараных бочак. Нашу Асю так і не дасталі, — распавядае Максім, хлопец гаспадынi загінулага сабакі. — Гэту справу мы так пакідаць не будзем. Плануем для пачатку дакладна высветліць каму належыць тэрыторыя, затым, магчыма, напішам скаргі ў МНС, САГ, УЖРЭП. Людзі рэкамендуюць таксама звяртацца ў суд».Тэрыторыя з калодзежам належыць гораду
Ва УЖРЭПе Кастрычніцкага раёна распавялі, што тэрыторыя з калодзежам не з’яўляецца прыдамавой — гэта прыбярэжная зона ракі Ласасянкі і адносіцца да горада. Тое, што там выявілі незакапаны калодзеж — не віна якіхсьці службаў, бо ён застаўся пасля зносу агародаў. Імаверна, калі ўраўноўвалі тэрыторыю на месцы агародаў, то грунт завіс, а пасля абсыпаўся ўсярэдзіну калодзежа, што і прывяло пазней да няшчаснага выпадку.Уладальнікі загінулага сабакі лічаць, што вінаватыя ў няшчасным выпадку гарадскiя службы, бо не праверылі належным чынам тэрыторыю. У любы момант у адкрыты калодзеж маглі ўпасці і людзі, якія там пастаянна ходзяць.
Цяпер вядома, што ўсю тэрыторыю былых агародаў гарадскія службы абышлі і праверылі на наяўнасць выкапаных ям і калодзежаў. Загінулага сабаку ўжо не вярнуць, але ён стаў папярэджаннем для жыхароў Фолюша і ўсіх службаў.