Хатні сабака, гуляючы па тэрыторыі, дзе нядаўна былі нелегальныя дачы, праваліўся ў адкрыты калодзеж і пасля гадзіны спробаў выратавацца патануў. Гаспадары жывёлы і мінакі вызвоньвалі ўсе службы, каб хоць нехта са спецыялістаў дапамог, але ніхто не прыехаў. Сумная гісторыя адбылася ўвечары 11 мая на Фолюшы.

Брэх сабакі, які праваліўся ў калодзеж, быў чутны па ўсім ніжнім Фолюшы. Многія жыхары збегліся і спрабавалі дапамагчы жывёле. Але без неабходнай тэхнікі і ўмення было не абысціся.

«Прыбралі дачы, называецца! А чаму калодзежы не пазакрывалі? З аднаго боку прыгажосць наводзяць, а з другога праблемы, — кажа відавочца Аляксандр. — Сабаку вельмі шкада. Ён бегаў разам з іншым сабакам недалёка ад гаспадара і раптам праваліўся. У калодзежы ён жаласна брахаў і змагаўся за жыццё гадзіну. За гэты час мы некалькі разоў спрабавалі выклікаць МНС, міліцыю, САХ, ЖКГ і іншыя службы, але нам адмаўлялі або перанакіроўвалі.

Нікога і не дачакаўшыся, мы самі ўзяліся ратаваць сабаку. Прывязалі пакет, а пасля вядро і апускалі ў надзеі, што жывёла паспрабуе ўскараскацца, але зрабіць гэта ў знясіленай жывёлы не атрымалася. Яна яшчэ трохі памучылася i сышла пад ваду. Сёння гэта сабака, а заўтра можа быць дзіця".

"Сёння сабака, а заўтра дзіця?" На Фолюшы ў адкрытым калодзежы патанула хатняя жывёла
Хлопец паказвае адкрыты калодзеж, у які правалілася сабака. Яго глыбіня складае каля 5 метраў.
У той момант, калі аднаго сабаку ратавалі, другі ўсхваляваны бегаў вакол калодзежа і не мог знайсці сабе месца. Уладальнікі жывёлiны не хавалі слёз: яны ніяк не маглі дапамагчы члену сваёй сям'і.

«Гэта жахліва, Ася пражыла ў нас 13 гадоў і мы нічога не маглі зрабіць, каб яе выратаваць. У службах, калі мы тэлефанавалі, нам казалі „а чаму сабака там бегаў?“ А нічога, што там дзеці кожны дзень бегаюць, крый Божа яны туды ўпадуць. Тут шмат такіх калодзежаў», — распавяла ў слязах уладальніца загінулага сабакі Кацярына.

"Сёння сабака, а заўтра дзіця?" На Фолюшы ў адкрытым калодзежы патанула хатняя жывёла
Гаспадыня сабакі Кацярына не хавае слёз
Пасля інцыдэнту да месца трагедыі прыехалі супрацоўнікі «Водаканала» і абгарадзілі калодзеж, пры гэтым сказалі, што гэта «не іх гаспадарка». Пасля скаргаў прыехалі і супрацоўнікі МНС — зрабілі здымкі, паспачувалі і з’ехалі. Загінулая Ася тым часам усплыла, але дастаць яе так ніхто больш і не спрабаваў.