Будаўніцтва кантэйнерных пляцовак для раздзельнага збору смецця стала ў Гродне прычынай супрацьстаяння паміж жыхарамі спальны раёнаў і камунальнікамі. Колькасць зваротаў грамадзян да гарадскіх уладаў і СМІ пайшла на сотні. З-за канфліктаў прыйшлося перанесці амаль кожную другую з 823 запраектаваных пляцовак. Як вырашаюць сітуацыю камунальнікі, расказаў Hrodna.life кіраўнік гарадской ЖКГ Андрэй Хмель.
Як выбіралі месцы для пляцовак
Пачаткова разглядалася некалькі варыянтаў арганізацыі збору смецця ў горадзе. Сярод іншых быў і такі, што прадугледжваў устаноўку кантэйнераў за 200−250 метраў ад дамоў. Аднак яго прызналі нязручным і вырашылі размясціць кантэйнеры ў крокавай даступнасці.
Што тычыцца непасрэдна выбару месца, то гэтым балючым пытаннем займаліся мясцовыя ЖЭСы. Іх камісіі павінны былі прааналізаваць двары і выбраць адпаведныя пляцоўкі. Нашы дваровыя тэрыторыі ўсе пакрыты сеткамі. А на сетках нічога ставіць не дазваляецца. Pнайсці месца з улікам патрабаванняў да размяшчэння і санітарных норм было складана.
Паставіліся з разуменнем. У выніку — людзі ведаюць сваіх «ворагаў» з твару
Пачатак будаўнічых прац паказаў, што незадаволенасць людзей часта вельмі рознанакіраваная. Аднаму не падабаецца, што пляцоўка насупраць акна, другому — што від псуе, трэцяму — што далёка смецце выносіць. Шчыра скажу — да ўсіх запытаў паставіліся з разуменнем. Можа, ніколі раней так не рабілі. Выязджалі на месцы камісіяй, пыталіся, што прапануюць жыхары. У 30−40% выпадкаў знаходзілі агульнапрымальнае рашэнне. У астатніх — паказвалі рэальна і аб’ектыўна, што іншых варыянтаў размяшчэння проста няма.
Але часта людзі проста нічога не хочуць слухаць, займаюць пазіцыю кшталту «Нам не падабаецца, пастаўце кантэйнеры каля іншага пад’езда» ці «Вы як бальшавікі - выкручваеце рукі і не пакідаеце выбару». Але часам трэба адкласці сваю прынцыповасць у бок і спакойна падумаць. Са смеццем — як са светлафорам. Пераходзіць на чырвонае ці на зялёнае — гэта не пытанне выбару. Трэба прымаць правілы.
На маю думку, мы робім добрую, правільную справу. Пытанне — як мы гэта робім? Гатовы прызнаць, што не ідэальна.
Сотню дрэваў спілавалі камунальнікі, сотню маладых туй скралі гаражане
Пры выбары пляцовак пад кантэйнеры даводзілася ўлічваць фізічную магчымасць іх размяшчэння. З-за гэтага давялося спілаваць каля сотні дрэваў. Іх насамрэч шкада. Стараліся на такі крок ісці толькі ў скрайніх выпадках. Каб кампенсаваць страты, прапанаваў азеляненне пляцовак зрабіць не кустарнікамі, а дрэўцамі туі. За 3−4 гады яны б выраслі і закрылі кантэйнеры. Толькі тут таксама чакала неспадзянка ад насельніцтва. Большую частку з першай сотні высаджаных туй скралі за першую ноч.
Аказалася, што ні мы, не насельніцва да зменаў не гатовы
Велізарная колькасць зваротаў з нагоды заварвання смеццеправодаў, усталявання кантэйнераў і раздзельнага збору смецця сведчаць, што горад аказаўся да сітуацыі не гатовы. Інфармаванне насельнітва варта было б пачынаць значна раней, больш тлумачыць, чаму выбраны такі праект збору смецця і што гэта дасць усяму гораду. Прыходзіцца рабіць гэта зараз — вучымся на ўласных памылках.
Што да кантэйнераў, то іх чысціню забяспечаць адмысловыя «посудамыечныя» машыны. Кантэйнер будзе цалкам загружацца ўсярэдзіну і вымывацца. Такіх машын будзе па дзве на раён. Ужо праведзены тэндар на іх закупку. Але ці будзе вакол пляцовак чысціня, залежыць не толькі ад ЖКГ, але і ад культуры гараджан.
Андрэй Хмель працуе на пасадзе генеральнага дырэктара гарадской камунальнай гаспадаркі з мая 2016 года. Да гэтага узначальваў гродзенскае «Гарсвятло», працаваў у аддзеле энергетыкі і паліва аблвыканкама, на прадпрыемстве «Біяком Тэхналогія», у РСУП «Саўгас Лідскі». Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны універсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Лідзе.