Не сціхаюць спрэчкі паміж жыхарамі горада, эколагамi і камунальнымі службамі, якія ў масавым парадку будуюць новыя пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў. Эколагі кажуць што ў спешцы можна нашкодзіць не толькі прыродзе, але і людзям. Камунальнікі ж проста выконваюць працу, якую ім ставяць начальнікі.

Апошнім часам эколагам часцей сталі паступаць на «зялёны тэлефон» паведамленні аб тым, што ў тым ці іншым раёне горада спілоўваюць дрэвы, будуючы кантэйнерныя пляцоўкі.

[irp posts="16 065″ name=" Смеццевыя войны": жыхары Гая не даюць камунальнікам зрабіць пляцоўку для кантэйнераў"]

«Вельмі заўважна непрафесійнае стаўленне работнікаў. Яны парушаюць уласныя рэгламенты правядзення работ, парушаюць уласныя інструкцыі і ствараюць праблему на пустым месцы, — кажа Яўген Філімонаў, прадстаўнік „Зялёнага дазору“ ў Гродне. — Пытанне асобнага збору смецця — глабальная тэма. Тыя крокі якія ў нас ужо зроблены: будаўніцтва смеццесартавальнага завода, пляцовак — гэта толькі першыя крокі. Але гэта не рашэнне ўсёй праблемы і калі на першых кроках робяцца такія вось памылкі, то што будзе далей?»

Пашырэнне пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў па вуліцы Паповіча.
Пашырэнне пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў па вуліцы Паповіча.
Яўген кажа, што арганізацыі, якія гэтым займаюцца, павінны ствараць сабе станоўчы імідж, сёння ж яны робяць яго адмоўным. Маўляў, калі яны пачнуць прасіць людзей сартаваць смецце, пераканаць кагосьці будзе вельмі цяжка, бо пачалося ўсё з негатыву.

Рашэнне прадстаўнік «Зелёнага дазору» бачыць у тым, каб службы пайшлі на дыялог з жыхарамі раёнаў, дзе усталёўваюць пляцоўкі.

«Калі службы хочуць спілаваць дрэва, якое каштоўнае для жыхароў раёна, то абавязкова трэба пра гэта паведаміць, расклеіць абвесткі, пагутарыць з мясцовымі і сказаць, чым яго можна ў будучыні замяніць. Мы, як эколагі, гатовыя сустрэцца са службамі і пагутарыць з імі, нешта параіць. Трэба зняць градус напружанасці», - дадаў Яўген.

Жыхары могуць звяртацца ў ЖКГ

У ЖКГ гатовыя да дыялогу з незадаволенымі жыхарамі, але толькі да абгрунтаванага. Прыкладам можа паслужыць пляцоўка на вуліцы Гая, дзе жыхары сталі збіраць подпісы супраць будаўніцтва і высечкі дрэў. Размаўляць з мясцовымі ездзілі прадстаўнікі гарвыканкама і ЖКГ. Зараз разглядаецца пытанне аб пераносе пляцоўкі.

Будаўніцтва пляцоўкі па вуліцы Гая
Будаўніцтва пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў па вуліцы Гая.
«Пры праектаванні пляцовак у горадзе мы ўлічвалі адлегласць пад’ездаў, дзіцячых пляцовак, усе санітарныя нормы, наяўнасць каналізацыйных сетак, — кажа намеснік генеральнага дырэктара гарадскога ЖКГ Сяргей Сямашка. — Пытанні, якія тычацца сітуацый з жыхарамі, мы стараемся ўрэгуляваць».

Калі дзесьцi перашкаджае дрэва і яно жывое, Зелянбуд гатовы выкопваць і пераносіць яго ў іншае месца, кажа Сямашка. Калі дрэва сухое і аварыйнае, яго спілуюць.

Дырэктар ЖКГ адзначае, што калі кантэйнерныя пляцоўкi разлічаны на 2−4 дамы, то, натуральна, прыходзяць жыхары аднаго з іх і выступаюць з прэтэнзіямі: чаму пляцоўка робіцца менавіта ля іх дома?

Сяргей Сямашка адзначыў, што калі ў гродзенцаў будуць пытанні па пляцоўках, то яны могуць смела звяртацца ў ЖКГ: іх там выслухаюць і разбяруцца. Таксама ён адзначыў, што скаргі перадусім павінны быць абгрунтаваныя. Маўляў, ніхто не выходзіць проста і не пратэстуе проста так, бо кантэйнеры ім не патрэбныя.