У Ваўкавыску будуць сартаваць смецце з шасці раёнаў Гродзенскай вобласці. А для вытворчасці RDF-паліва будуць прывозіць сыравіну і з Брэсцкай вобласці. Комплекс, які зараз будуюць, зойме тэрыторыю каля 8 гектараў.
На пляцоўцы ўжо прыступілі да будаўніцтва — з’явіліся ўбітыя ў зямлю палі і абрысы сцен будынкаў будучага завода.
Адходы будуць звозіць з прылеглых раёнаў
Для перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў у завадскім комплексе з’явіцца вытворчы корпус — там будуць прымаць і сартаваць адходы, паведамляе Telegram-канал Міністэрства ЖКГ.
Адходы для сартавання і вымання другасных рэсурсаў будуць звозіць сюды не толькі з Ваўкавыскага, але і са Свіслацкага, Бераставіцкага, Зэльвенскага, Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў.
Чытайце таксама: Якую небяспеку нясуць смеццевыя палігоны ў Гродзенскай вобласці
Завод будзе вырабляць больш за 100 тыс. тон паліва ў год
Наладзяць на заводзе і вытворчасць RDF-паліва. Для яго створаць таксама будынак біялагічнай сушкі, каб дасушваць сыравіну да патрэбнага ўзроўню вільготнасці.
Плануецца, што комплекс у Ваўкавыску стане адным з найбуйнейшых у краіне па магутнасці сартавання адходаў, а таксама па вытворчасці RDF-паліва — каля 105 тыс. тон у год. Для прыгатавання паліва адходы будуць прывозіць з Ліды і Брэсцкай вобласці.
Што такое RDF-паліва?
Refuse Derived Fuel (RDF) — паліва, якое вырабляюць з адходаў, якія застаюцца пасля адбору другаснай сыравіны і арганікі. У іх лік уваходзяць матэрыялы, якія немагчыма перапрацаваць, а таксама якія прыдатныя для перапрацоўкі, але занадта забруджаныя. Рэшткі здрабняюць і прэсуюць у гранулы і брыкеты.
Спажыўцамі RDF-паліва з’яўляюцца, перш за ўсё, цэментавыя заводы і металургічныя печы. Абсталяванне такіх прадпрыемстваў дазваляе спальваць паліва пры высокіх тэмпературах, што зніжае колькасць шкодных рэчываў у выкідах. Выкарыстоўваць такое паліва пры больш нізкіх тэмпературах небяспечна для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Менавіта таму нельга выкарыстаць RDF-паліва ў камунальных печах, кацельных.
Дзяржаўныя медыі ў Беларусі сцвярджаюць, што RDF можа выратаваць свет. Але эколагі адносяцца да яго выкарыстання скептычна, бо цяжка кантраляваць яго бяспечнае выкарыстанне.