Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з’явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава

З-пад помніка Леніну вызірае бронзавая фігурка “дармаедзіка” з вялікай лыжкай ці пустой патэльняй. Мяркую, такі скульптурны герой нашага часу хутка стаў бы турыстычнай цікавосткай і абавязковым месцам наведвання ў Гродне. А заадно, назбіраў бы ў шапку патрэбныя для развіцця турыстычнай інфраструктуры грошы. Толькі ці згодзяцца ўлады Гродна ўслед за калегамі з Вроцлава зрабіць народныя пратэсты мясцовых жыхароў турыстычным брэндам горада? Палякам на пераасэнсаванне пратэстных графіці і мітынгаў у турыстычныя цікавосткі і брэндавыя сувеніры спатрэбілася 20 гадоў.

Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з'явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава
Скульптуркі-красналюдкі з’явіліся на вуліцах Вроцлава на пачатку 2000-х як напамін аб пратэстных акцыях “сацыялістычнага сюррэалізму” пад кіраўніцтвам Вальдэмара Фыдрыха

Зараз у Вроцлаве малыя гномы-красналюдкі цікуюць за людзьмі з-за кутоў, вылазяць на сонца з-пад дамоў, сядзяць на падваконнях, чакаюць каля ўваходаў у крамы і гатэлі. Яны такія мілахі, што мімаволі хочацца да іх дакрануцца, сфатаграфаваць і даведацца аб іх гісторыі. І вось тут непадрыхтаванага турыста чакае неспадзянка. Аказваецца, вроцлаўскія красналюдкі прышлі не з народных казак, а з народнага супраціву сацыялістычным уладам у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з'явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава
Красналюдкі, як і людзі, маюць розныя здольнасці. Але гэта не перашкаджае ўсім разам падарожнічаць па горадзе і знаёміцца

Падняў хвалю баламуцтва ў Вроцлаве мастак Вальдэмар Фыдрых. З яго лёгкай рукі выявы гномаў у аранжавых каўпаках пачалі з’яўляцца на сценах будынкаў у знак пратэсту супраць камуністычнай улады. Аранжавы колер, паводле мастака, меў стварыць альтэрнатыву чырвонаму, што запаланяў прастору праз савецкія сцягі і транспаранты.

Самай вядомай акцыяй “Аранжавай альтэрнатывы” была дэманстрацыя на Свідніцкай плошчы, куды арганізатары заклікалі прыйсці ў касцюмах гномаў – у каўпаках ды плашчах аранжавага колеру. Паблюзнерыць на галоўнай плошчы выйшла многа людзей. Яны танчылі, весяліліся і ўвогуле паводзілі сябе як і належыць нармальным гномам. Нават спявалі дзецям калыханкі і раздавалі цукеркі.

Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з'явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава
Казачныя красналюдкі любяць дзяцей больш за дарослых. Яны прыходзяць, калі ў дзіцячай спальні гасне святло і расказваюць казкі. Але ў Вроцлаве пабачыць самага сапраўднага красналюдка можна і днём

Канечне, міліцыя заклікала разысціся і спыніць несанкцыянаваны сход. Канечне, прыехалі аўтазакі і супрацоўнікі пачалі хапаць гномаў. Тут гномы і самі праявілі нарэшце грамадзянскую пазіцыю – пачалі хапаць за шыварат адзін аднаго і таксама цягнуць да міліцэйскіх фургонаў. А калі машыны запоўніліся, пачалі абурацца, што ім не хапіла месца. Поспех акцыі і вялікі публічны рэзананс забяспечыла яе поўная абсурднасць: “Нельга сур’ёзна ставіцца да паліцэйскага афіцэра, каторы падчас допыту пытаецца, чаму вы ўзялі ўдзел у незаконным мітынгу гномаў”, – каментаваў пазней Вальдэмар Фыдрых.

Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з'явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава
Красналюдкі могуць пасяляцца ў самых розных месцах горада. На шпацыры варта глядзець не толькі па баках, але і пад ногі, каб не пакрыўдзіць якога з малых жыхароў горада.

Праз два дзесяцігоддзі, у 2001-м, на той самай Свідніцкай красналюдкі з’явіліся ўжо на законных падставах. Тут усталявалі помнік “Аранжавай альтэрнатыве” – скульптурку бацькі-гнома аўтарства Олафа Бжэскага. Можна сказаць, што на тым канфлікт красналюдкаў з уладамі быў вычарпаны, а пратэстная частка гісторыі горада і краіны паступова ператварылася ў турыстычную цікавостку.

Горад ад такой супрацы толькі выйграў, бо красналюдкі прыносяць мясцовым уладам добры прыбытак. Уладальнікі крамаў, атэляў і кавярняў усталёўваюць забаўныя скульптуркі каля сваіх будынкаў і прыдумваюць смешныя гісторыі сваіх красналюдкаў, каб прывабіць турыста прыйсці ў гэта месца. Улады зарабляюць як мінімум на ўзгадненні формы скульптуры і выдачы дазволу на яе ўстаноўку. Для турыстаў яны – несумненная падстава як мінімум для здымка ці ўсмешкі.

Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з'явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава
Сучасныя красналюдкі дапамагаюць гораду ва ўсім. Вось гэты, напрыклад, працуе на добраўпарадкаванні наберажнай Одры, дзе любяць шпацыраваць гараджане і турысты

Зараз у Вроцлаве “жыве” каля 300 красналюдкаў. Прыезджым яны могуць нават замяніць гіда і без дапамогі людзей пазнаёмяць турыстаў з горадам над Одрай. Праз сайт красналюдкаў у сеціве можна знайсці маршруты шпацыраў ад красналюдка да красналюдка, ці рознага кшталту квэсты і заданні па іх пошуку. Таксама красналюдкі распавядаюць на сайце свае гісторыі і гісторыю горада на свой лад. Ды і сярод сувеніраў з Вроцлава забаўкі-гномікі займаюць вялікую долю. Каму ж не захочацца забраць з сабою частачку вясёлай магіі вольнага горада.

Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з'явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава
Замкнуць сваю любоў  на мосце праз Одру хочуць шматлікія закаханыя пары. Калі цяжар замкнёных пачуццяў робіцца задужым, то ўлады замкі здымаюць. Аб гэтым папярэджваюць у мясцовай прэсе, каб ахвотныя маглі  прыйсці у прызначаны час і забраць свае замочкі

Такім чынам, красналюдкі з’ядналі ў сабе і гісторыю “сацыялістычнага сюррэалізму”, і памяць аб героях супраціву, і патрэбы сучаснага турыстычнага горада. Мяркую, такое магчыма толькі праз павагу і любоў да людзей – блізкіх і далёкіх. Мабыць, таму назву гэтага горада часам хочацца напісаць як Вроц-LOVE, каб, забіраючы з сабой сувенірнага красналюдка, пакінуць сваё сэрца ў яго надзейных руках.

Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з'явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава
Напэўна. многія турысты пакінулі свае сэрцы ў гэтым прыгожым і гасцінным горадзе. Красналюдак захоўвае іх у надзейных руках і шле вітанкі: з Вроцлава, з любоўю

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: