Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

Узяць каву з сабой зручна: набыць і выпіць у любімым парку ці на шляху да офіса. Але адна бяда: аднаразовыя кубачкі шкодзяць наваколлю. Каб папера не размакала, яе пакрываюць поліпрапіленам. У прыродзе ён раскладаецца вельмі доўга, у Беларусі такія кубачкі не перапрацоўваюць наогул. А праз тое, што ў месцы шва папера судакранаецца з напоем, яе мусяць рабіць з першаснай цылюлозы, то бок дзеля ранішняй кавы высякаюць дрэвы.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)
Фота з архіву Hrodna.life

Эколагі ўжо даўно заклікаюць не карыстацца аднаразовым посудам, а ў свеце шырыцца рух “My cup, please”, калі наведнікі кавярняў просяць наліваць ім каву ці гарбату на вынас у свае шматразовыя кубкі.

Hrodna.life прайшоўся па гродзенскіх установах, каб спраўдзіць, дзе нальюць, а дзе адмовяць.

Нальюць і заахвоцяць

Самыя экасвядомыя месцы прапануюць зніжку на напоі ў шматразовы кубачак кліента, або заахвочваюць бясплатным печывам у дадатак.

Найбольшую зніжку прапанавала кавярня Пад носам на Леніна – 50%. Тут абяцаюць наліць каву ў любы шматразовы кубак кліента, хоць у парцалянавы. Гаспадар “Пад носам” лічыць абсурднай сістэму, калі кавярня робіць зніжку толькі для шматразовых кубкаў, якія яна прадае: тады ў сапраўдным выйгрышы застаюцца толькі вырабнікі гэтых кубачкаў.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

У “Шэкспіры” пры Тэатры лялек таксама зробяць каву на вынас у любы кубак кліента, зніжка – 15%.

У кавярнях “Кофе Саунд” і “Наша кава” размешчаны адмысловыя шыльды, дзе пазначана, што тут скінуць 10% на напой у кубак кліента замест аднаразовага. Шыльда прапануе вылучыцца з натоўпу і падумаць пра будучыню.

У каватраку Wake cup на Савецкай плошчы падобная шыльда гарантуе печыва ў падарунак. У кавярні “Моно” да кавы ў свой кубак ці тэрмас таксама дадаюць цукерку або печыва.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

У павільёне Coffe way на аўтавакзале робяць зніжку 20% на каву, налітую ў брэндаваны тэрмакубак, які можна набыць на месцы. Такія кубкі каштуюць 30 рублёў. У іншыя кубкі і тэрмакубкі пакупнікоў напой таксама нальюць, але ўжо без зніжкі.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

У “Раскошы”, калі робяць каву на вынас у кубак госця, ад кошту напою адымаюць кошт аднаразовага кубачка – 18 капеек. Кажуць, за ўвесь час працы не было з гэтым праблем. У кавярні “КофеМания” ў такім выпадку не ўключаюць у рахунак 15 капеек.

У новай кавярні Coffee Pause на Вялікай Траецкай чакаюць, калі прыйдуць шматразовыя бамбукавыя кубкі, якія яны будуць рэалізоўваць, таксама плануюць замовіць для продажу шматразовыя трубачкі. Але зніжку 10% абяцаюць на каву на вынас у любы чысты шматразовы кубак. “Канешне, ніяк не праверыш, наколькі ён чысты, але ж чалавек можа і дакрануцца брудным пальцам да аднаразовага кубку, выпіць, і абвінаваціць кавярню – як даказаць?” Уласнікі клапоцяцца пра экалогію і здароўе: сарціруюць усё смецце, займаюцца дабрачыннасцю, а гасцям прапануюць веганскія дэсерты і безглютэнавыя пірозівы.

10% можна зэканоміць і ў міні-кавярні “Близко кофе” на Пушкіна, побач з “АЛМІ”. Там жа можна купіць сабе шматразовую кружку для кавы.

Над зніжкамі пакуль раздумваюць у “Какао”, яшчэ не вызначыліся ў новай кавярні на Кірава “Авакава”. У “Проходной” плануюць запускаць сістэму зніжак на каву ў шматразовыя кубкі, купленыя ў іх. Замест аднаразовых трубачак тут стараюцца прапанаваць даўгія лыжачкі.

Нальюць без бонусаў

Большасць кавярняў у горадзе не бачаць ніякай праблемы ў тым, каб пайсці насустрач кліенту і наліць гарачы напой туды, куды ён просіць. Без праблем нальюць каву ў свой кубак, але без бонусаў:

  • Какао
  • “Пицца&Кофе”
  • снэк-бар JukeJoint
  • ParkKing
  • кінабар “Чарли”
  • “Гарадзенская кавярня”
  • кавярня “Нёман”
  • “Наше место”
  • веган-бар “Несцерка”
  • “Проходная”
  • гастро-бар Werden
  • бар Svaboda
  • кавярня-піцэрыя Starlight
  • Дом “Хона Пика”
  • Hot Fix
  • летняя кавярня “Клевер”
  • “Крыша мира” на ўніверсаме “Нёман”
  • «Хотей»
  • фудтрак “Пан Картофан”
  • бар “Лондон”
  • кавярня «Коммунарка»
  • “Цi&Кава”
  • CoFeCo

Адміністратарка “Цi&Кавы” чакае, калі ў пастаўнікоў аднаразовага посуду з’явяцца адмысловыя біяраскладаймыя кубачкі, каб замовіць іх у кавярню. Таксама яна б хацела адмовіцца ад аднаразовых трубачак на карысць шматразовых. Па яе словах, лепей наогул выкарыстоўваць даўгавечныя маленькія тэрмасы, бо са шматразовымі кубачкамі бываюць праблемы: каб не запэцкаць рэчы, даводзіцца класці іх у пакеты, а бамбукавыя могуць убіраць пахі.

У павільёне “Z-маркет” на аўтавакзале меркаванні працаўніц раздзяліліся – такіх просьбаў яны не чулі, але ў выніку вырашылі, што ўсё ж нальюць каву ў тэрмакубак пакупніка.

У павільёне “Губерня” на Савецкай нальюць напой у кубак кліента, толькі калі ён змесціцца ў кавамашыну, высокія тэрмакубкі не падыходзяць. У Burger King наліваюць аб’ёмы 0,2, 0,3 ці 0,5 л.

Не нальюць, як ні прасіце

Але ёсць у горадзе ўстановы, якія апасаюцца праблем з санстанцыяй і катэгарычна адмаўляюцца наліваць напоі ў кубак пакупніка.

У “Драніках” на Ажэшкі не наліваць напоі ў посуд кліента – рашэнне ўласніка. “Я казала гаспадару, што варта, у мяне самой такі кубак, і шмат хто прыходзіць і пытае”, – кажа барыста.

У “Калабках” у парку Жылібера бармэн засумняваўся, ці дазволена наліваць у свой кубак, але палічыў, што хутчэй не, чым так. У летняй кавярні Besedka там жа, у парку, строга забаронена прадаваць напоі ў свой посуд. У “Калабках” на Савецкай таксама катэгарычна адмовілі: “У нас ёсць кубачкі, у якіх гэта павінна быць. Па-іншаму забаронена”.

Адмаўляюцца наліваць у шматразовы кубак кліента ў кавярні крамы “Баторыя”, у “Светофоре” на Савецкай вуліцы і ў летняй кавярні “Каля палаца” на Савецкай плошчы. “Раптам там нешта ў гэтым кубку, а пасля праблемы з санстанцыяй,” – хвалюецца жанчына за стойкай.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

У “Просто кофе” барыста лічыць, што гэта забаронена па саннормах, але дапускае, што так можа быць. Адназначнасці няма: “Я не жадаю адказваць на гэтае пытанне”, – сказаў ён у выніку. У піцэрыі “Форно” могуць толькі зрабіць напой у аднаразовы кубак і пасля пераліць у кубак кліента.

Санітарныя правілы на гэты конт выказваюцца проста: забаронена адпускаць прадукцыю ў брудную тару пакупніка і друкаваную прадукцыю (п. 180 «Санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні для арганізацый, якія здзяйсняюць гандаль харчовай прадукцыяй», зацверджаныя пастановай № 132 ад 28.08.2012).

Адміністратарка “Цi&Кавы” перакананая, што адмовіцца ад аднаразовага посуду, каб абараніць прыроду, магчыма:

“У нас заўжды затарможаная рэакцыя на тое, што адбываецца ў свеце. Але па-трошку ўсё прыйдзе. Людзі ў нас нармальна рэагуюць на ўсе змены, толькі нельга рэзка, трэба па-трошку падрыхтоўваць, тлумачыць”.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: