Захацелася сярод ночы смачняшак, але бліжэйшыя крамы даўно зачыненыя і вы не ведаеце, што рабіць? Адмыслова для такіх выпадкаў Hrodna.life падрыхтаваў спіс начных прадуктовых крамаў горада. Там можна набыць асноўныя прадукты харчавання ў любы час.

Дадавайце старонку ў закладкі і падзяліцеся з сябрамі!

Крамы пры АЗС — дорага і няма выбару

Пачынаем з крамаў, што ёсць амаль пры кожнай аўтазаправачнай станцыі «Белнафтахім», «Лукойл» або «Газмпрамнафта», якіх у Гродне некалькі дзясяткаў. Але наша рэдакцыя шануе сваіх чытачоў і папярэджвае: у крамах пры АЗС выбар не заўсёды вялікі, а кошты, бывае, у два разы вышэй, чым у звычайнай краме.

«Еўраопт» ля заапарка — найвялікшы «начнік» у горадзе

Самы вядомы і буйны «начнік» у Гродне — «Еўраопт» па вул. Ціміразева 8. Гэта адзіны начны гіпермаркет у горадзе. Тут круглыя суткі можна купіць усё, што заўгодна: ад дробнай побытавай тэхнікі да кавалка каўбасы і булачкі. Водгукі пра гэтую краму з большага добрыя. Тут нават ёсць прыбіральня, якая працуе і ноччу. А дзе яшчэ можна палегчыцца ў цэнтры горада — чытайце ў нашым WC-гайдзе.

«Імпульс» — крама з кавай і чатырма тэхнічнымі перапынкамі

Далей у нашым спісе ідуць крамы маленькія, дзе выбар не такі шырокі, але ёсць усё неабходнае, каб не застацца галодным сярод ночы. Кругласутачная крама «Импульс», якая працуе на першым паверсе чыгуначнага вакзала, добра паказвае сябе па водгуках і там можна танна набыць каву з кава-машыны (1,6 рубля). Выбар прадукцыі неблагі. Мінус гэтай крамы — тэхнічныя перапынкі: з 9.00 да 9.30, з 15.00 да 15.30, з 21.00 да 21.30, з 3.00 да 3.30.

«Кулінарыя» ад «Залатога цялёнка» — міні-начнік ля аўтавакзала

У «Кулінарыі» на прыпынку ля аўтавакзала можна не толькі ўзяць сабе абед ці дэсерт з кавай, але і набыць нешта з невялікага асартыменту прадуктаў: хлеб, малако, шакаладкі і іншыя дробязі.

Крамы «на раёне»

Кругласуткавая крама прадуктаў «Наталита», што на Дамброўскага, 61А, карыстаецца попытам у жыхароў раёна. Яны хваляць краму за тое, што ў асартыменце заўсёды ёсць свежыя прадукты.

Не далёка ад «Наталиты» знаходзіцца яшчэ адзін «начнік». У памяшканні былога спартовага бара па вул. Урублеўскага, 45 размясцілася крама «Продукты 24/7». Але водгукі падказваюць, што крама больш скіраваная на алкагольную прадукцыю, чым на ежу і напоі.

Крама па вул. Соламавай, 137, якая так і называецца — «Продукты», знаходзіцца ў ГЦ «Фолюш» у падвальным памяшканні. Сярэднія цэны — як у звычайных сеткавых крамах. Так што такі «начнік» можа ратаваць і днём, калі не хочацца стаяць у вялізарных чэргах «Алмі» ці «Еўраопта».

круглосуточный магазин Гродно ночник кругласуткавы магазін начнік

Кругласуткавая кропка «Вита Маркет» па вул. Паўднёвай, 6 — невялічкая крама, што працуе не так даўно, але ўжо палюбілася мясцовым. Некаторыя прадукты ў ёй танней, чым у сеткавых гіпермаркетах.

Самы элітны «начнік» горада

«Пиффко маркет» месціцца па дарозе на «гродзенскую Рублёўку» — Баранавічы, па вул. Ткацкая, 14 В. Крама добра бачная з дарогі. Хоць назва звязаная з пенным напоем, асартымент значна шырэйшы. Тут можна купіць не толькі локшыну, кшталту «Ролтана», або чыпсы, але і хамон, пячонку «Фуа-Гра», і нават філе марскога грэбешка. Гэта самы элітны «начнік» у Гродне. Пры тым цэны даволі дэмакратычныя.

«Начнікі», каля якіх можна сустрэць «зомбі»

UPD. Летам 2022 крама «Бункер» зачынілася

Начная крама «Бункер» не дарэмна знаходзіцца па вул. Маладзёжнай, 1. Гэта самы цэнтр горада, а такая крама вельмі патрэбная моладзі па выхадных, калі кампанія добрая і разыходзіцца не хочацца. Некаторыя водгукі ўказваюць на тое, што кропка гандлю робіць стаўку больш на алкагольную прадукцыю.

Крама «Традиционный» знаходзіцца па вул. Пестрака, 36Б. Там можна знайсці такія тавары, што ў гіпермаркетах не заўседы адшукаеш: зялёная грэчка, жытныя мука, нават легендарныя гумкі Turbo, але ёсць меркаванні, што ноччу лепш туды не хадзіць. На вас нападуць нейкія «мясцовыя зомбі».

Крама для жыхароў пасёлка і «дальнабояў»

Апошні «начнік», хоць і 8 км ад Гродна, але можа раптоўна спатрэбіцца жыхарам Берагавога, кіроўцам і ўсім тым, хто паехаў адпачываць на Нёман, але забыўся набыць прадукы. Крама «Беретта Маркет» знаходзіцца па трасе М6 па дарозе на Мінск, у будынку былога паста ДАІ. Там прадаецца ў любы час усё неабходнае, каб сталіць голад і смагу.

Читайте также: Как правильно заваривать зеленый чай: 10 шагов к здоровому напитку