«Чым больш з’яўлялася інфармацыі пра ўдзел беларускага рэжыму ў вайне, тым больш абвастралася сітуацыя», — кажа Яўген Жураўскі, адміністратар канала «Беларусы Варшавы». Ён жыве ў сталіцы Польшчы з кастрычніка 2020 года і бачыць, як зараз змянілася стаўленне да беларусаў. Пра падобную сітуацыю распавядаюць і беларусы з іншых краін. Разам з удзельнікамі падзей і псіхолагамі Hrodna. life разбіраецца, як выйсці са складанай сітуацыі з мінімальнымі стратамі.

«Яны думаюць, у нас дэмакратычная краіна»

«Пагоршылася стаўленне да беларусаў з боку некаторых украінцаў», — кажа Hrodna.life Яўген Жураўскі. Пасля кожнага выступу ўкраінскіх палітыкаў украінцы пішуць у сацыяльныя сеткі «Беларусаў Варшавы». Бываюць просьбы «данесці інфармацыю да вашага ўрада», бываюць радыкальныя заявы: «вы вінаватыя і павінны гэта выправіць». Такія ж заявы чулі беларусы, якія ўдзельнічалі ў антываенных акцыях у Варшаве. Па словах Яўгена, трэба кожнаму тлумачыць, якая сітуацыя склалася ў нас у краіне. У большасці ўкраінцы не ведаюць, што Беларусь практычна пад акупацыяй, і людзі не могуць паўплываць на пастановы ўрада.

«У іх моцна збітыя прыцэлы»

«Памятаеце, як мы пісалі зоркам эстрады, каб яны не прыяжджалі ў Беларусь выступаць? Зараз такі ж флэшмоб абвясцілі і ўкраінцы, — каментуе Hrodna. life сітуацыю Ірына. Яна псіхолаг і зараз дапамагае ўкраінскім бежанцам у Польшчы. — Украінцы пішуць у беларускія СМІ і ўсім беларускім знаёмым, каб распавесці, што з імі адбываецца, і заклікаюць спыніць вайну. Гэта дае магчымасць людзям, якія зараз не на фронце, адчуць, што яны робяць нешта карыснае».

На думку псіхолага, гэта добрая практыка. Толькі праблема ў тым, што ў людзей «моцна збітыя прыцэлы». Яны не робяць адрозненні паміж беларусамі, якія апынуліся ў Еўропе з-за палітычных рэпрэсій, і рэжымам Лукашэнкі.

Чытайце таксама: Вина выжившего и коллективная ответственность. Почему белорусы чувствуют стыд за войну в Украине и что с ним делать

«Часта ўкраінцы і палякі кажуць: «Мы што, павінны пытацца кожнага беларуса, як ён ставіцца да рэжыму? Вы яго выбралі і вы несяце за гэта адказнасць, — распавядае Ірына. — Таму асноўная плынь праклёнаў і варожых дзеянняў абвальваецца на незалежныя СМІ і тых, хто сам вымушаны быў бегчы за мяжу праз пераслед».

«Многія нічога не ведаюць і не хочуць слухаць тлумачэнняў»

«Два тыдні таму ў любой кропцы свету можна было з гонарам казаць, што ты беларус. А цяпер лепш маўчаць», — пішуць у чаце «Беларусы Лодзі».

І хоць агрэсіі з часам робіцца менш, такія выпадкі ўсё ж такі ёсць. З хейтам давялося сутыкнуцца 10-гадоваму дзіцяці Кацярыны з Лодзі. «Навошта вы дапусьцілі гэтую вайну?" — з такімі пытаннямі ў агрэсіўнай форме да яго падыходзілі некалькі старшакласнікаў і аднагодкаў. «Я разумею, што гэта ідзе ад бацькоў. Ад таго, што абмяркоўваюць у іх дома», — кажа Кацярына.

На працы Кацярына сутыкнулася з падобнай сітуацыяй з боку калегі-украінкі. Пры сустрэчы тая спытала: чаму беларусы нічога не робяць, каб не было гэтай вайны.

«Яна не хацела слухаць мае тлумачэнні. Хоць ведала, што ў мяне ў гэты час начавалі ўцекачы з Украіны, а я ўсе выхадныя валанцёрыла на мяжы. Большасць з нас робяць усё, што могуць і нават больш. І ніякай падзякі мы не чакаем».

Важна памятаць, што прэтэнзія накіравана не асабіста да вас, распавяла Hrodna.life псіхолаг Вікторыя Савасцінкевіч. Магчыма, для чалавека гэта спосаб справіцца з сітуацыяй. Гэта не апраўдвае агрэсію, але можа дапамагчы нам збіць градус эмоцый ўнутры сябе. Калі апанент вельмі агрэсіўны — дыялог не заўсёды дапаможа. Можна спытаць: «Ты гатовы паслухаць тое, што табе скажу з гэтай нагоды?». Тут важна не сыходзіць у апраўданні і не спрабаваць перацягнуць іншага на ваш бок. Паспрабуйце прывесці некалькі аргументаў у адказ на прэтэнзію. Калі гэта не спрацуе, добрым рашэннем будзе спыніць зносіны.

«Гэта рэакцыя на стрэс»

«Чалавек знаходзіцца ў велізарным стрэсе з-за навін і падзей вакол, — тлумачыць псіхолаг Ірына. — Людзям страшна, яны не могуць прымусіць сябе ісці ваяваць, не могуць вярнуцца ва Украіну. Накатвае бяссілле і сорам. Каб абараніцца ад гэтых пакутлівых пачуццяў і трывогі, яны пачынаюць праецыраваць і адыгрываць».

Напрыклад, калі я вельмі злы на ўвесь свет, але не магу гэтую злосць праявіць і кажу: вы ўсе злыя.

У выпадку з Украінай гэта можа выглядаць прыкладна так: чалавек злуецца з-за свайго бяссілля і абвінавачвае астатніх, што яны трусы і нічога не робяць.

Насамрэч гэта значыць: я баязлівец і раблю недастаткова, але не магу сабе ў гэтым прызнацца.

Адыгрыванне — зняцце ўнутранага напружання праз паводзіны, якія рэалізуюць сцэнар, што пужае. На практыцы гэта выглядае так. Мне страшна паехаць на вайну і змагацца з рускімі ва Украіне, таму я буду змагацца з беларусамі і рускімі ў Польшчы, Германіі і іншых краінах, дзе мне гэта нічым не пагражае.

Чаму навешваюць цэтлікі

«Раней пра беларусаў за мяжой казалі як пра «эмігрантах высокай якасці», — каментуе Hrodna.life псіхолаг Вікторыя Савасцінкевіч. — Зараз меркаванне пра беларусаў змянілася. Гэта відаць і па каментарах у сацыяльных сетках, і па прамых кантактах з замежнікамі. З пункту гледжання псіхалогіі гэта «навешванне цэтлікаў». Такая памылка мыслення, пры якой чалавеку прыпісваюць абагульненыя характарыстыкі.

Чытайце таксама: «Нашы мужыкі тут паміраюць, а вы сваіх вывозіце». Як беларусы ўцякалі ад вайны ва Украіне

Зараз гэта адбываецца ад таго, што ў людзях назапасілася велізарная колькасць агрэсіі і страху ад несправядлівасці. Гэтыя перажыванні трэба кудысьці падзець. Псіхіка мае шмат спосабаў справіцца з гэтым. Моцныя эмоцыі і пачуцці вельмі цяжка стрымаць — прасцей за ўсё зліць іх на кагосьці. З гэтым сутыкаюцца беларусы — грамадзяне краіны, якую ідэнтыфікуюць з агрэсарам".

Калі перапыняць «хейціць» беларусаў

Усё залежыць ад развіцця сітуацыі, лічыць Вікторыя Савасцінкевіч. «Меркаванне грамадства часцяком змяняецца вельмі хутка і часта — на дыяметральна супрацьлеглае».

Такі прыклад — стаўленьне да беларусаў арганізатараў Кракаўскага марафону. Спачатку яны выключылі з удзелу ўсіх бегуноў з расійскім ці беларускім пашпартам. У адказ яны атрымалі мноства негатыўных каментароў і ўсё ж адмовіліся ад такога віду групавой адказнасці. У выніку прабегчы дыстанцыю змогуць расіяне і беларусы, якія стала жывуць у Польшчы.

Хейт — прыватныя выпадкі, а не сістэма

Актывіст Аляксей Лявончык за першыя два тыдні вайны зафіксаваў каля 200 выпадкаў падобнай дыскрымінацыі беларусаў. З іх 140 прыйшлося на Польшчу. Напрыклад, некаторыя банкі адмаўляліся адкрываць грамадзянам Беларусі рахункі. Лявончык адзначае, што ў іншых краінах сістэмная дыскрымінацыя беларусаў не стала шырокай. Большасць хейту не мае інстытуцыйнага характару.