Узяць каву з сабой зручна: набыць і выпіць у любімым парку ці на шляху да офіса. Але адна бяда: аднаразовыя кубачкі шкодзяць наваколлю. Каб папера не размакала, яе пакрываюць поліпрапіленам. У прыродзе ён раскладаецца вельмі доўга, у Беларусі такія кубачкі не перапрацоўваюць наогул. А праз тое, што ў месцы шва папера судакранаецца з напоем, яе мусяць рабіць з першаснай цылюлозы, то бок дзеля ранішняй кавы высякаюць дрэвы.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)
Фота з архіву Hrodna.life

Эколагі ўжо даўно заклікаюць не карыстацца аднаразовым посудам, а ў свеце шырыцца рух «My cup, please», калі наведнікі кавярняў просяць наліваць ім каву ці гарбату на вынас у свае шматразовыя кубкі.

Hrodna.life прайшоўся па гродзенскіх установах, каб спраўдзіць, дзе нальюць, а дзе адмовяць.

Глядзі актуальны на 2024 год спіс кавярняў, дзе наліваюць напіткі ў ваш кубак.

Нальюць і заахвоцяць

Самыя экасвядомыя месцы прапануюць зніжку на напоі ў шматразовы кубачак кліента, або заахвочваюць бясплатным печывам у дадатак.

Найбольшую зніжку прапанавала кавярня «Пад носам» на Леніна — 50%. Тут абяцаюць наліць каву ў любы шматразовы кубак кліента, хоць у парцалянавы. Гаспадар «Пад носам» лічыць абсурднай сістэму, калі кавярня робіць зніжку толькі для шматразовых кубкаў, якія яна прадае: тады ў сапраўдным выйгрышы застаюцца толькі вырабнікі гэтых кубачкаў.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

У «Шэкспіры» пры Тэатры лялек таксама зробяць каву на вынас у любы кубак кліента, зніжка — 15%.

У кавярнях «Кофе Саунд» і «Наша кава» размешчаны адмысловыя шыльды, дзе пазначана, што тут скінуць 10% на напой у кубак кліента замест аднаразовага. Шыльда прапануе вылучыцца з натоўпу і падумаць пра будучыню.

У каватраку Wake cup на Савецкай плошчы падобная шыльда гарантуе печыва ў падарунак. У кавярні «Моно» да кавы ў свой кубак ці тэрмас таксама дадаюць цукерку або печыва.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

У павільёне Coffe way на аўтавакзале робяць зніжку 20% на каву, налітую ў брэндаваны тэрмакубак, які можна набыць на месцы. Такія кубкі каштуюць 30 рублёў. У іншыя кубкі і тэрмакубкі пакупнікоў напой таксама нальюць, але ўжо без зніжкі.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

У «Раскошы», калі робяць каву на вынас у кубак госця, ад кошту напою адымаюць кошт аднаразовага кубачка — 18 капеек. Кажуць, за ўвесь час працы не было з гэтым праблем. У кавярні «КофеМания» ў такім выпадку не ўключаюць у рахунак 15 капеек.

У новай кавярні Coffee Pause на Вялікай Траецкай чакаюць, калі прыйдуць шматразовыя бамбукавыя кубкі, якія яны будуць рэалізоўваць, таксама плануюць замовіць для продажу шматразовыя трубачкі. Але зніжку 10% абяцаюць на каву на вынас у любы чысты шматразовы кубак. «Канешне, ніяк не праверыш, наколькі ён чысты, але ж чалавек можа і дакрануцца брудным пальцам да аднаразовага кубку, выпіць, і абвінаваціць кавярню — як даказаць?» Уласнікі клапоцяцца пра экалогію і здароўе: сарціруюць усё смецце, займаюцца дабрачыннасцю, а гасцям прапануюць веганскія дэсерты і безглютэнавыя пірозівы.

10% можна зэканоміць і ў міні-кавярні «Близко кофе» на Пушкіна, побач з «АЛМІ». Там жа можна купіць сабе шматразовую кружку для кавы.

Над зніжкамі пакуль раздумваюць у «Какао», яшчэ не вызначыліся ў новай кавярні на Кірава «Авакава». У «Проходной» плануюць запускаць сістэму зніжак на каву ў шматразовыя кубкі, купленыя ў іх. Замест аднаразовых трубачак тут стараюцца прапанаваць даўгія лыжачкі.

Нальюць без бонусаў

Большасць кавярняў у горадзе не бачаць ніякай праблемы ў тым, каб пайсці насустрач кліенту і наліць гарачы напой туды, куды ён просіць. Без праблем нальюць каву ў свой кубак, але без бонусаў:

  • «Какао»
  • «Пицца&Кофе»
  • снэк-бар JukeJoint
  • ParkKing
  • кінабар «Чарли»
  • «Гарадзенская кавярня»
  • кавярня «Нёман»
  • «Наше место»
  • веган-бар «Несцерка»
  • «Проходная»
  • гастро-бар Werden
  • бар Svaboda
  • кавярня-піцэрыя Starlight
  • Дом «Хона Пика»
  • Hot Fix
  • летняя кавярня «Клевер»
  • «Крыша мира» на ўніверсаме «Нёман»
  • «Хотей»
  • фудтрак «Пан Картофан»
  • бар «Лондон»
  • кавярня «Коммунарка»
  • «Цi&Кава»
  • CoFeCo

Адміністратарка «Цi&Кавы» чакае, калі ў пастаўнікоў аднаразовага посуду з’явяцца адмысловыя біяраскладаймыя кубачкі, каб замовіць іх у кавярню. Таксама яна б хацела адмовіцца ад аднаразовых трубачак на карысць шматразовых. Па яе словах, лепей наогул выкарыстоўваць даўгавечныя маленькія тэрмасы, бо са шматразовымі кубачкамі бываюць праблемы: каб не запэцкаць рэчы, даводзіцца класці іх у пакеты, а бамбукавыя могуць убіраць пахі.

У павільёне «Z-маркет» на аўтавакзале меркаванні працаўніц раздзяліліся — такіх просьбаў яны не чулі, але ў выніку вырашылі, што ўсё ж нальюць каву ў тэрмакубак пакупніка.

У павільёне «Губерня» на Савецкай нальюць напой у кубак кліента, толькі калі ён змесціцца ў кавамашыну, высокія тэрмакубкі не падыходзяць. У Burger King наліваюць аб’ёмы 0,2, 0,3 ці 0,5 л.

Не нальюць, як ні прасіце

Але ёсць у горадзе ўстановы, якія апасаюцца праблем з санстанцыяй і катэгарычна адмаўляюцца наліваць напоі ў кубак пакупніка.

У «Драніках» на Ажэшкі не наліваць напоі ў посуд кліента — рашэнне ўласніка. «Я казала гаспадару, што варта, у мяне самой такі кубак, і шмат хто прыходзіць і пытае», — кажа барыста.

У «Калабках» у парку Жылібера бармэн засумняваўся, ці дазволена наліваць у свой кубак, але палічыў, што хутчэй не, чым так. У летняй кавярні Besedka там жа, у парку, строга забаронена прадаваць напоі ў свой посуд. У «Калабках» на Савецкай таксама катэгарычна адмовілі: «У нас ёсць кубачкі, у якіх гэта павінна быць. Па-іншаму забаронена».

Адмаўляюцца наліваць у шматразовы кубак кліента ў кавярні крамы «Баторыя», у «Светофоре» на Савецкай вуліцы і ў летняй кавярні «Каля палаца» на Савецкай плошчы. «Раптам там нешта ў гэтым кубку, а пасля праблемы з санстанцыяй,» — хвалюецца жанчына за стойкай.

Дзе ў Гродне набыць каву ў свой кубак (са зніжкай і без)

У «Просто кофе» барыста лічыць, што гэта забаронена па саннормах, але дапускае, што так можа быць. Адназначнасці няма: «Я не жадаю адказваць на гэтае пытанне», — сказаў ён у выніку. У піцэрыі «Форно» могуць толькі зрабіць напой у аднаразовы кубак і пасля пераліць у кубак кліента.

Санітарныя правілы на гэты конт выказваюцца проста: забаронена адпускаць прадукцыю ў брудную тару пакупніка і друкаваную прадукцыю (п. 180 «Санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні для арганізацый, якія здзяйсняюць гандаль харчовай прадукцыяй», зацверджаныя пастановай № 132 ад 28.08.2012).

Адміністратарка «Цi&Кавы» перакананая, што адмовіцца ад аднаразовага посуду, каб абараніць прыроду, магчыма:

«У нас заўжды затарможаная рэакцыя на тое, што адбываецца ў свеце. Але па-трошку ўсё прыйдзе. Людзі ў нас нармальна рэагуюць на ўсе змены, толькі нельга рэзка, трэба па-трошку падрыхтоўваць, тлумачыць».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life