«Зроблена ў Гродне» можна смела штампаваць на роварах, якія выязджаюць з майстэрні гродзенца Віталя. Наш суразмоўца з’яўляецца аўтарам эфектных ровараў, якія нагадваюць матацыклы Choppers.

Аб сваім незвычайным захапленні ён распавёў карэспандэнту AutoGrodno.by:

«Навакольныя не заўсёды вераць, што зрабіў гэта я сваімі рукамі. У такім выпадку адказваю, што бабуля з Амерыкі даслала. Некаторыя другой версіі вераць больш ахвотна».

Velo-vitalij-03

«Пачалося ўсё з таго, што ад знаёмага дастаўся стары непрыдатны ровар. Разабраў яго да шрубак, вырашыў паспрабаваць зрабіць з груды запчастак новы ровар. Перш за ўсё ўзяўся за раму: пераварыў, параўняў, мадэрнізаваў. Замяніў некаторыя дэталі на новыя, па просьбе дачкі пафарбаваў раму ў бела-ружовы колер, адрамантаваў руль, сабраў назад. Усё атрымалася, дачка да гэтага часу на ім ездзіць у школу», — распавядае ў інтэрв'ю AutoGrodno.by Віталь.

Velo-vitalij-02

Далей захацелася заняць сябе чымсьці больш цікавым. У галаве паўстаў эскіз ровара падобнага да амерыканскага матацыкла Choppers. Ідэю мужчына перанёс на паперу, атрымаўся эскіз. А далей пачаўся збор матэрыялу: знайшоў некалькі водаправодных труб, нейкі метал збіраў па знаёмых, нешта купіў. З труб стварыў даўгаватую раму, усё рабілася ўручную, «трубы гнуў літаральна на каленях»,
успамінае Віталь.

Velo-vitalij-11 Velo-vitalij-12

Працэс ускладняўся тым, што Віталь не ведаў, якімі павінны быць памеры рамы. Першы варыянт апынуўся занадта доўгім, веласіпедыст не даставаў бы нагамі да педаляў. Прыйшлося перарабіць. Усе камплектуючыя: колы, перамыкачы хуткасцяў, амартызатары купляліся ў велакрамах.

Увага аўтар надаў і аздабленню ровара, ён упрыгожаны незвычайнымі люстэркамі з чарапамі, ланцугамі, каванымі металічнымі элементамі.

Velo-vitalij-08

«Мне хацелася стварыць ровар не толькі знешне прывабны, але і функцыянальны. Ён абсталяваны хуткасцямі, амартызацыяй пярэдняга і задняга кола, адаптаваны да нашых высокіх бардзюраў, з лёгкасцю на іх „заскаквае“. Таму ровар прыдатны для язды практычна ў любых умовах. Упрыгожвае руль з двух бакоў малюнак чэрапа», — кажа Віталь.

На стварэнне першага ровара майстар выдаткаваў каля паўгода. І ў першым і ў другім выпадку браўся за справу ў восеньска-
зімовы крызісны перыяд, калі заняцца асабліва няма чым. У наступную зіму Віталь прыступіў да стварэння яшчэ аднаго варыянту велачопера, цяпер у гаражы кіпіць праца над дзіцячым роварам і мадэрнізацыяй свайго матацыкла «Нonda».

Velo-vitalij-10

Другі ровар мае ўжо больш складаную канструкцыю. Ён хоць і з’яўляецца паменшаным варыянтам, але можа трансфармавацца пад любы рост.

Колькі выдаткавана сродкаў на стварэнне такога ровара, Віталь так і не адказаў. Кажа, што яго сабекошт на парадак вышэй, чым цана добрага «горніка». Справа ў тым, што ўсе асноўныя вузлы ровара: колы, амартызатары, перамыкачы хуткасцяў усё роўна набываюцца ў крамах і каштуюць немалых грошай. Але аўтар галоўнай каштоўнасцю лічыць саму ідэю, прыдуманы ім дызайн і творчы працэс увасаблення.

Velo-vitalij-06 Velo-vitalij-14

Дарэчы, Віталь з’яўляецца байкерам са стажам і яго матацыкл — гэта таксама ручная работа. З «роднага» тут толькі рухавік, рама, колы.
Усё астатняе — прадукт фантазіі і ўменняў Віталя.

«Улетку мы часта з дачкой выязджалі катацца ў горад. Увагу звяртаюць літаральна ўсё, мала хто заставаўся абыякавым. А бывалі выпадкі, што людзі наогул заступалі шлях, прасілі сфатаграфавацца, пыталіся, адкуль такія незвычайныя ровары. Мала хто верыць, што зрабіў іх самастойна. Тады даводзіцца распавядаць гісторыю пра амерыканскую бабулю», — усміхаецца мужчына.

Velo-vitalij-16

Рабіць нешта на заказ Віталь не спрабаваў. Усе створаныя ім ровары прызначаліся для членаў сям'і і прадаваць іх у яго няма ахвоты. Хоць не супраць паспрабаваць стварыць нешта па індывідуальнай замове. І такія, хто зацікавіўся, ужо былі. Праўда, далей слоў справа не пайшла. Мабыць, наш народ не гатовы дорага плаціць за такія стыльныя «цацкі», мяркуе Віталь.

Velo-vitalij-17