Мэер Ланскі - адзін з самых уплывовых гангстараў ЗША ў 20 стагоддзі - нарадзіўся ў Гродне. Сям’я Ланскага пакінула Гродна ў 1911 годзе. Праз 100 гадоў сваякі мафіёзі ўпершыню наведалі радзіму свайго продка.
Джоан Сэндлер-Ганз жыве ў Нью-Ёрку і працуе настаўніцай гісторыі ў сярэдняй школе. Яна — сваячка Мэера Ланскага (Сухаўлянскага).
«Мае продкі выехалі з Гродна ў пачатку 20 стагоддзя. Шэіна-Рыўка (Сэдзі) Сухаўлянская — гэта мая прапрабабця, якая выйшла замуж за Эрана Сэндлера. А брат гэтай бабулі Макс быў бацькам Мэера Ланскага. Мне здаецца, я першая з нашай вялікай сям'і, хто з тых часоў прыехаў у Гродна. Дзе жылі ў Гродне мае сваякі, я не ведаю. Ведаю толькі, што Сэндлеры былі краўцамі. Для краўца было вялікім поспехам ажаніцца з дачкой рабіна Сухаўлянскага, нават нягледзячы на тое, што яна была непрыгожая».
З апошнія гады Джоан склала вялікае генеалагічнае дрэва сваёй сям'і, знайшла магілы некаторых сваякоў, а таксама пабывала ў некаторых месцах, звязаных з яе родам.
«Цяпер я самая старэйшая ў сям'і. Усе пытаюцца ў мяне пра прозвішча і сваякоў, таму мне давялося шукаць інфармацыю. Дзядуля Мэера Ланскага Беньямін Сухаўлянскі (1830 г. н.) быў рабінам у Гродне, але на старасць з’ехаў у Ізраіль. Там ён хацеў памерці - і праз месяц пасля прыбыцця тое здарылася. Бацькі Ланскага былі ў Штатах двойчы. Спачатку ў 1890-х яны з’ехалі, але вярнуліся ў Гродна каб наладзіць жыццё. Пасля нараджэння Мэера ў 1903 годзе яны вырашылі зноў з’ехаць».
Джоан кажа, што ў Штатах жыццё было складаным, але прасцейшым у фінансавым плане. Адным з галоўных фактараў, чаму яўрэі з’язджалі з Гродна, быў антысемітызм і пагромы.
Джоан лічыць, што не ўсе Сухаўлянскія пакінулі Гродна ў пачатку 20 стагоддзя. Хтосьці са сваякоў, хутчэй за ўсё, застаўся і нават перажыў Другую сусветную, бо пасля вайны людзі з падобным прозвішчам эмігравалі ў Аргенціну.
«У пачатку XX стагоддзя была масавая іміграцыя яўрэяў. Мае дзядуля і бабуля з’ехалі ў Штаты ў 1899 годзе і бацькі ўжо нарадзіліся там. На чужыне таксама спачатку добра не было. Напрыклад, бацькі Ланскага пасяліліся ў небяспечным італьяна-ірландскім раёне. Аднойчы дзеці пабілі Мэера, але ён даў адпор, хоць хуліганы і былі старэйшыя за яго. Пасля гэтага выпадку Ланскага сталі паважаць».
Будучы гангстэр быў разумным хлопцам, ён з часам зразумеў, як трэба правільна гуляць у азартныя гульні і як працуе сістэма казіно.
«У асяроддзі гангстараў заўважылі, што Мэер добры матэматык і далі ў будучыні магчымасць кантраляваць працу многіх казіно».
Мэер Ланскі вядомы як гангстар, які працаваў з забойцамі, але менш вядомы як дабрачынца. Яго імя таксама цесна звязана са станаўленнем дзяржавы Ізраіль.
«Ён дапамагаў многім, у тым ліку нашай сям'і. Калі ў 1936 годзе нарадзіўся мой старэйшы брат, яму патрэбны быў адмысловы дзіцячы абутак. У нас не было сродкаў купіць яго. Мэер даў грошы майму бацьку. А калі пачалася Другая сусветная вайна, майго дзядзьку забралі ў войска і павінны былі прызваць яшчэ і бацьку, але бабуля папрасіла ў Мэера дапамогі, каб не адпраўляць на вайну адразу двух сыноў. Ланскі даў майму бацьку працу побач з Манхэтэнам, там ён збіраў ваенныя лодкі».
Пасля вайны бацька Джоан хацеў быць бліжэй да Ланскага, але Мэер яму неяк сказаў: «Быць гангстарам — гэта не тваё, займайся іншымі, больш важнымі справамі».
«Нават вельмі блізкіх сваякоў і дзяцей ён не падпускаў да крымінальнага свету. Аднаго свайго сына ён адправіў вучыцца ў прэстыжны каледж, іншы пайшоў у ваенную акадэмію, і дачка дзесьці вучылася. Мэер не хацеў, каб сваякі былі звязаныя з небяспечным бізнесам, таму ён накіроўваў іх у іншыя рэчышчы».
Бацька Джоан распавядаў, што Ланскі заўсёды памятаў пра свае яўрэйскія карані і ганарыўся імі. Ён быў рэлігійным чалавекам, нягледзячы на тое, што быў звязаны з крыміналам.
Нягледзячы на тое, што Мэер Ланскі памёр у 1983 годзе, яго імя дагэтуль прымушае некаторых пахвалявацца. Сваяцтва з уплывовым мафіёзі некалькі разоў дапамагала Джоан у працы.
«Я ніколі гучна не заяўляла, што маю сувязь з Ланскім, але аднойчы даводзілася намякаць людзям. Неяк я выкладала ў Паўднёвым Бронксе і мне трапіліся складаныя падлеткі, якія былі звязаны з цёмнымі справамі. Я ім сказала, каб яны не паводзілі сябе кепска, бо ў мяне ёсць сям’я ў Брукліне, намякнуўшы на сувязь з Ланскім. Пасля гэтага можна было спакойна праводзіць заняткі».
Самае цікавае, што ў Брукліне яна насамрэч нікога не ведала.
Джоан вельмі задаволеная, што нарэшце прыехала ў Гродна. Для яе гэта абавязак перад продкамі, якія пасяліліся ў ЗША. Сваякі за акіянам вельмі ўражаныя, што жанчына адважылася паехаць у Беларусь, і з нецярпеннем чакаюць ад яе навін.
«Я вельмі доўга вырашалася прыехаць у Гродна. Гэта вельмі хвалююча. Гэты горад — зямля маіх продкаў. Гродна апынуўся не такім маленькім, якім я яго ўяўляла, тут ёсць на што паглядзець. Жыццё вельмі кароткае і хочацца, каб мае дзеці, унукі і праўнукі ведалі і памяталі адкуль іх сям’я родам. У Гродне я як дома, вельмі моцнае пачуццё».
Мэер Ланскі (Сухаўлянскі) нарадзіўся ў Гродне ў 1902 годзе. Вядомы як «бухгалтар мафіі», адзін з лідараў амерыканскай арганізаванай злачыннасці, сябар і партнёр Чарльза «Лакі» Лучана.
У Штатах Мэера Ланскага некалькі разоў судзілі за яго мінулае, а таксама па абвінавачванні ў нясплаце падаткаў. Аднак яго віну давесці не атрымалася, і ён быў апраўданы. Тым не менш, яго пашпарт быў ануляваны, так што выехаць за межы ЗША Ланскі не мог, хоць і спрабаваў да гэтага пажыць у Ізраілі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…