Людзі і справы

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб’ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду. Для іх свабода з’яўляецца важнай каштоўнасцю. Значная частка нефармальнай тусоўкі дзесяцігоддзямі была пратэстна настроена. Субкультура металістаў перажыла росквіт у 1990-я і 2000-я гады, але і зараз працягвае развівацца. Што яна ўяўляе сабой сёння ў Беларусі і Польшчы? Мы задалі адны і тыя ж пытанні на гэтую тэму Аляксею (імя зменена) з Мінска і Кшыштафу з Варшавы.

Нашы суразмоўцы пачалі хадзіць на канцэрты, калі былі яшчэ падлеткамі (беларус — у пачатку 2000-х, а паляк у пачатку 1990-х) і працягваюць гэта рабіць да гэтага часу.

Рэдакцыі Hrodna.life і MOST працягваюць сумесны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.

«Для мяне гэта было „ваў“»

— Як вы пазнаёміліся з метал-музыкай?

Аляксей: Першае, што я пачуў з цяжкай музыкі, быў лёгкі Nightwish на MTV. Мне тады было 13 гадоў, і штосьці страпянулася ўнутры, з’явіліся матылькі ў жываце. А на першы канцэрт пайшоў праз год — у клуб насупраць школы, дзе вучыўся. Сёння так бы не пракаціла: цяпер уваход на канцэрты без бацькоў толькі з 16 гадоў.

На тым канцэрце была готыка (цяжкая і электронная музыка са змрочнай і меланхалічнай атмасферай. — Заўв. рэд.). І я проста ах**ў. Больш за ўсё ўразіў народ, які туды прыйшоў. Усе ў гатычных прыкідах, з прычоскамі, нафарбаваныя. Я бачыў іх у горадзе часам, а тут іх быў цэлы натоўп.

Кшыштаф: У пачатку 1990-х я вырашыў паслухаць штосьці новае з музыкі, больш цяжкае, таму проста пайшоў і купіў касеты Metallica і Iron Maiden. А потым убачыў на MTV праграму Headbangers Ball — так я ў першы раз пачуў Vader (адзін з самых вядомых польскіх метал-гуртоў. — Заўв. рэд.). Менавіта з яго я пачаў слухаць death metal (экстрэмальны паджанр з агрэсіўнай музыкай і вакалам. — Заўв. рэд.). Мне спадабалася гэта цяжкае гучанне і хуткая ігра барабаншчыкаў.

Тады ж быў мой першы канцэрт: у Варшаве выступала група Pro-Pain, якая грала хардкор. Для мяне гэта было «ваў». Хоць у 1990-я канцэрты выглядалі па-іншаму. Трэба было моцна засяродзіцца, каб зразумець, якая песня гучыць, якая група грае. Такія былі тады ў клубах акустыка і тэхнічнае абсталяванне.

«Усе былі свае — валасатыя, у чорных шмотках, у касухах»

— Якой была метал-тусоўка?

А: У метал-тусоўку я ўвайшоў, калі вучыўся ў каледжы: там было шмат «валасатых». Стаў часцей хадзіць на канцэрты. Мне распавялі пра сходкі (сустрэчы на адкрытым паветры. — Заўв. рэд.) металістаў.

Толькі адна «Карага» (штотыднёвая сходка нефармалаў Мінска. — Заўв. рэд.) чаго каштавала — колькі там людзей было! Ты ідзеш і ідзеш па гэтым полі. А да ночы там запальвалі пяць-шэсць вялікіх вогнішчаў у розных месцах.

Нас усіх аб’яднала музыка. Гэта была тусоўка, весялосць, сябры, зносіны. Можна было выбрацца ў горад, выпіць, пабалдзець, пакрычаць песні. Усе былі свае — валасатыя, у чорных шмотках, у касухах.

К: У 1990-я не было ніякіх сацсетак, і людзі проста сустракаліся. У кватэрах, у барах. У Варшаве яшчэ збіраліся ў клубе Rock. Сядзелі і размаўлялі — аб музыцы, аб звычайных справах. Тады метал-супольнасць была больш адкрытай. Можна было проста загаварыць з кімсьці ў чарзе — і ўсё, ідзеш разам на піва. А цяпер у цэлым людзі сталі больш закрытымі, не толькі сярод металістаў.

Цяпер у Варшаве ёсць клуб Potok, і металісты часцей сустракаюцца ў ім. Арганізуюць і вечарынкі ў кватэрах, але вельмі рэдка, наколькі я ведаю. Калі казаць пра людзей майго ўзросту, то я хаджу толькі на канцэрты і магу там пазнаёміцца са знаёмым нейкага майго знаёмага, напрыклад.

«Настаўнікі называлі метал музыкай Сатаны»

— Як грамадства ставілася да металістаў?

А: У школе некаторыя настаўнікі дручылі проста з-за пафарбаваных у чорны колер валасоў. Некаторыя настаўнікі называлі метал музыкай Сатаны. Але ў цэлым усім было па барабану. А ў каледжы наогул усім было нас**ць — галоўнае здавай экзамены.

Каб была нейкая варожасць субкультур — не памятаю такога. Цяпер з гэтым тым больш няма праблем. А вось усялякія пацанчыкі маглі дакапацца з-за доўгіх валасоў. Але дзесьці з 2010-га яны як быццам павыміралі.

А цяпер у параўнанні з некаторымі я і сам, напэўна, выглядаю як «норміс». Нядаўна бачыў дзяўчыну — у яе ўвесь твар у татуіроўцы. І тут я ў кашульцы і проста з доўгімі валасамі з працы іду.

К: У пачатку 1990-х быў падзел. Тады былі металісты, панкі, скінхэды, дэпешы (фанаты творчасці гурта Depeche Mode. — Заўв. рэд.). Металісты маглі дамовіцца з панкамі, панкі ж не любілі скінхэдаў, а тыя адказвалі ім узаемнасцю. Металісты не любілі дэпешаў. Калі я пайшоў у старэйшыя класы, то не памятаю, каб гэтая варожасць была.

Але з’явіліся дрэсяжэ (польскія гопнікі. — Заўв. рэд.). І вось яны маглі чапляць металістаў на вуліцах. Памятаю, купіў сабе бомбер, і дрэсяжэ хацелі яго з мяне зняць. Але я тады добра бегаў, так што ўдалося ўцячы і захаваць куртку.

Раней былі стэрэатыпы, што металісты — брудныя. Яны мацней вылучаліся. Хадзілі з доўгімі валасамі, у чорнай вопратцы. Зараз жа грамадства перамяшалася. У чорным ходзяць і людзі з кароткімі валасамі. Неяк зацерлася гэтая розніца, якая раней была бачная.

«Каб хтосьці на канцэртах казаў пра палітыку — такога я даўно не чуў»

— Якія ў металістаў адносіны з дзяржавай?

А: Памятаю, як раней [пісьменнік і палітык Мікалай] Чаргінец хацеў, каб перад ім выступаў Rammstein, а ён бы яго ацэньваў. Памятаю, як Беларуская праваслаўная царква расхвалявалася наконт Marduk (шведскі блэк-метал-гурт з антыхрысціянская лірыкай. — Заўв. рэд.) і забараніла іх прыезд.

Але разам з тым некаторыя метал-канцэрты праводзіліся ў Маладзёжным тэатры эстрады і ў палацы культуры нейкага завода, а на адкрытых гарадскіх пляцоўках выступалі рокеры, яшчэ памятаю бясплатную панк-вечарыну ў Доме піянераў.

Цяпер быццам бы няма такога супрацоўніцтва. Але і не перашкаджаюць. Я памятаю, што за апошні час адмянілі толькі адзін канцэрт — з-за тэракту ў «Крокусе» (напад тэрарыстаў на падмаскоўны «Крокус Сіці Хол» 22 сакавіка 2024 года забраў жыцці не менш за 145 чалавек, больш за 550 атрымалі раненні. — Заўв. рэд.).

Раней у тусоўцы крытыкавалі ўладу. Асабліва калі былі адмены канцэртаў — відавочна, што тады гучалі непахвальныя словы ў яе адрас. Цяпер жа, каб хтосьці на канцэртах казаў аб палітыцы — такога я даўно не чуў. Ды і ў звычайным жыцці даўно такога не было — каб хтосьці не ў вузкім коле закранаў гэтую тэму.

К: Калі ў нас да ўлады прыходзілі радыкальныя сілы, то пачыналіся праблемы ў некаторых польскіх груп. Напрыклад, у Behemoth, якія знаходзяцца ў даволі моцнай апазіцыі да Касцёла. Памятаю, што ў Польшчу не хацелі пускаць Мэрыліна Мэнсана, казалі, што нейкая яго песня — сатанінская.

Цяпер, калі ў Польшчу прыязджаюць блэк-метал-гурты, на іх могуць узбудзіцца каталіцкія супольнасці, якія спрабуюць дамагчыся забароны канцэртаў. Але звычайна на іх пратэсты праходзіць толькі жменька людзей.

У Польшчы ёсць метал-фестывалі, якія арганізоўваліся ў супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі. Напрыклад, быў Hunter Fest у горадзе Шчытна. Была Metalmania у Катавіцэ, якая праводзілася ў спартыўна-канцэртным комплексе Spodek. Зараз ёсць Mystic Festival у Гданьску — прама на суднаверфі.

Калі я іду на канцэрт, мяне зусім не цікавіць палітыка. Вядома, тое, што адбываецца цяпер у свеце, усе гэтыя непрыемныя рэчы, у тым ліку сітуацыя ў Беларусі, хвалююць мяне і адгукаюцца ўва мне. Але калі мы ідзем на канцэрт, то гаворым пра рэчы прыземленыя.

«Каб наведаць усе канцэрты, давялося б прадаць нырку»

— Шмат канцэртаў праводзіцца цяпер?

А: У 2010-х канцэртаў мясцовых груп станавілася ўсё менш — зачыніўся клуб «Рэактар». Але затое стала больш замежных груп — у адзін момант іх было столькі, што прыходзілася выбіраць, куды ісці.

Да канца 2010-х у Мінску канцэрты мясцовых гуртоў праходзілі дзесьці раз у два месяцы. Потым зачыніўся клуб «Берлін». І канцэрты праводзіліся ўжо дзесьці раз у два-тры месяцы.

А апошняя вядомая замежная група — гэта быў Powerwolf — павінна была прыехаць у 2022 годзе, але канцэрт так і не адбыўся. З тых часоў да нас ніхто не прыязджаў.

Думаю, калі скончыцца ўсё гэта га**о (вайна ва Украіне і ізаляцыя Беларусі. — Заўв. рэд.), то, можа, пачнуць прыязджаць і замежныя групы. Да нас нават з Расіі не прыязджаюць як раней — які-небудзь блэк-метал са Смаленска або grindcore з Белгарада, які ты ніколі не чуў і больш не пачуеш.

Што тычыцца мясцовых груп, то тут многае залежыць ад пляцоўкі. Вось у 2024 годзе зноў адкрыўся клуб «Рэактар» — і канцэртаў стала ў два разы больш.

К: У пачатку 1990-х было больш канцэртаў мясцовых груп. Тады яны ў асноўным праходзілі ў клубах Stodola і Remont. З другой паловы 1990-х пачалі прыязджаць замежныя групы. Напрыклад, у 1995 годзе я быў на канцэрце ў клубе Stodola, дзе выступала рэпкора-гурт Clawfinger, а на разагрэве ў іх былі Rammstein.

У 2000-х у Польшчу стала прыязджаць вельмі шмат замежных груп. Я памятаю, што неяк раз за адзін тыдзень схадзіў на тры канцэрту.

Цяпер у Польшчы столькі цікавых канцэртаў, што, для таго каб наведаць усе, давялося б, напэўна, прадаць нырку. І людзі ходзяць не толькі на замежныя групы, але і на польскія. Калі выступае той жа Vader або Behemoth, то клубы перапоўненыя.

«Са знешнім выглядам стала раўней»

— Хто зараз прыходзіць на метал-канцэрты?

А: У канцы 2000-х — пачатку 2010-х людзей на канцэртах было больш — месцамі проста бітком. Але і цяпер нямала — нармальна. Сёння гэта зусім розныя людзі. Пачынаючы ад падлеткаў 12−13 гадоў, якія прыходзяць з бацькамі. Заканчваючы дзядамі — бачыў такога з барадзішчай, на выгляд гадоў 60. Бачыў дзяўчыну, на выгляд 25, з маці, якой прыкладна 50. Ну і проста моладзі дастаткова.

Ёсць металісты — як і раней: з нашыўкамі ўсякімі, у касухах, з доўгімі валасамі. Але ў цэлым, па маіх адчуваннях, з вонкавым выглядам стала раўней. Калі б чалавек не быў на канцэрце, я б ніколі і не падумаў, што ён металіст.

Але ўсё-ткі, калі падыходзіш да таго ж «Рэактару», то бачна, што да ўваходу сцягваюцца людзі ў чорным — металісты.

К: Калі грае добрая старая група, то на яе прыходзіць больш людзей ва ўзросце, якія выраслі на гэтай музыцы. Але калі ў іх на разагрэве маладыя гурты, то прыходзіць шмат моладзі.

Нядаўна назіраў дзіўную сітуацыю на канцэрце Samael (швейцарская група, заснаваная ў 1987 годзе. — Заўв. рэд.). У іх на разагрэве была нейкая ню-метал-каманда, на якую прыйшло шмат моладзі. І потым я ў чатах чытаў, як моладзь высмейвала Samael.

Калісьці тры чвэрці людзей на канцэртах выглядала па-металічнаму. Цяпер траціна людзей —як быццам з іншага свету. Вядома, засталіся тыя, хто ходзіць у скуры, у чорнай вопратцы, у цяжкіх ботах. Але ёсць і такія, на якіх глядзіш, і яны больш на скейтараў нейкіх падобныя. Але яны слухаюць метал, і гэта самае важнае, я думаю.

«На канцэртах сталі менш квасіць»

— У цяперашніх металістаў ёсць праблемы з алкаголем, наркотыкамі?

А: Такой дзічы як раней дакладна няма. Калі на працягу гадзіны ўвесь бар выжыралі і рабілі месячны прыбытак кіёскам у акрузе. Тое, што на канцэртах сталі менш квасіць, — гэта дакладна. Але і ў бар сцежка не зарастае, у чарзе прыйдзецца пастаяць.

Што тычыцца наркотыкаў, то скажу так: я нічога не бачыў. Пра «свой час» дакладна скажу, што ў нашай тусоўцы ніхто не ўмазваўся, і я не памятаю, каб тады наогул хтосьці ўжываў.

У цэлым зараз жа трэнд — мацоўня, здароўе. Так што спартовага выгляду людзей хапае на канцэртах.

Канфліктаў таксама цяпер на канцэртах няма. Усё мірна. Як і раней, у прынцыпе. Хоць з тых часоў я ўсё ж магу ўспомніць пару моманцікаў, але ўсё скончылася добра.

К: У мой час моладзь паводзіла сябе больш бязбашана. У тым сэнсе, што мы пілі шмат алкаголю. Цяпер я бачу, што моладзь ужывае трохі іншыя рэчывы. І, адпаведна, іх паводзіны адрозніваюцца ад нашага.

Ёсць такі мем. Маўляў, раней металісты адрываліся па поўнай: шмат пілі, рыгалі, пакутавалі ад моцнага пахмелля і гэтак далей. А цяпер металіст сядзіць за кубачкам гарбаты і штосьці грае на гітары. І гэта сапраўды так. У тым ліку з-за таго, што метал сёння слухаюць розныя людзі.

Што тычыцца канфліктаў, то ў маю маладосць да мяне даходзілі толькі чуткі. Чуў, што хтосьці кагосьці зачапіў, скраў скураную куртку, грошы. Але нават як чутак гэта было вельмі рэдка. Я б сказаў, што сур’ёзных канфліктаў не было, у мяне такога досведу не было.

«Няма такога, каб я ад шчасця пісаўся»

— Чаму метал усё яшчэ жывы?

А: А што яму будзе? Ён і да майго першага канцэрту ўжо даўно быў, і столькі часу працягвае быць. І я ўпэўнены, што будзе і далей.

Але, на жаль, з часам усе з нашай тусоўкі паадвальваліся. Ведаю, што некаторыя працягваюць часам слухаць метал, але на канцэрты ўжо не ходзяць.

Яшчэ скажу, што новыя мясцовыя групы не моцна запамінаюцца. Вось раней кожная група — гэта быў тлушч (вельмі магутна, уражліва. — Заўв. рэд.). Posthumous Blasphemer — гэта ж прям за**іся, гэта ж прам жырната. А Nightside Glance? Як жа яны я**шылі!

Я не кажу, што новыя групы дрэнныя. Проста асабіста ў мяне няма такога, каб я ад шчасця пісаўся.

К: Метал жывы, таму што гэта аўтэнтычная музыка. У металу ёсць свая сіла. І мне здаецца, што метал ніколі не памрэ.

Гэта не так проста: выкараніць з сябе гэтую музыку. Калі ўвойдзеш у яе, то будзеш там. З майго атачэння не ведаю нікога, хто б змяніў свой музычны густ. Яны ўсе ходзяць на канцэрты, але многія выглядаюць ужо менш металічна. Усё-ткі ва ўсіх розныя працы, і бывае так, што праца прадугледжвае пэўны знешні выгляд.


Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.

Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025

Сцэна пад «Дажынкі» vs хуткая дапамога на матацыкле. Параўналі, як у Беларусі і Польшчы падтрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы

Хочаце новую дзіцячую пляцоўку непадалёк ад дома? Ці лічыце важным правесці ў сваім горадзе кампанію…

29 красавіка 2025

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025