Першыя крокі да перакладу “Гражыны” паэтка Марыя Мартысевіч зрабіла 15 гадоў таму. Вярнулася да тэкста толькі зараз. На яе думку, “няпэўныя часы – найлепшыя для такіх праектаў”, бо дазваляюць “схавацца” ад рэчаіснасці і адсачыць паралелі паміж гісторыяй і сучаснасцю.

Пра тое, чым новы пераклад адрозніваецца ад папярэдніх і што сама перакладчыца марыць “падарыць” праз яго Беларусі, Марыя расказала для канала “Тётя Ира Разрешила”.

“Міцкевіч таксама пісаў “Гражыну” ў няпэўны час свайго жыцця”

“Гражыну ў перакладчыцкай супольнасці доўга лічылі “маёй”. Бо гадоў 15 таму я пераклала ўступ вершаванай аповесці для аднаго выдання, – расказвае Марыя Мартысевіч. – Усе гэтыя гады я мела план аднойчы скончыць пераклад. А няпэўныя часы – акурат пасуюць для такіх праектаў. “Гражына” – амаль герметычны твор, рэч у сабе. Таму для мяне гэта надзейны схоў ад рэчаіснасці”.

Перакладчыца атрымала стыпендыю Gaude Polonia і на паўгода занурылася ў гісторыю філаматаў і філарэтаў, паэтыку ранняга Міцкевіча ды іншыя літаратурныя падзеі ХІХ стагоддзя. На яе думку, усё гэта мала вядома нашаму шырокаму чытачу, таму вартае перавыдання і абнаўлення.

“Дарэчы, “Гражыну” Міцкевіч таксама пісаў у няпэўны час свайго жыцця. Ён скончыў і выдаў аповесць у 1822-23 годзе, паміж фактычна двума судовымі следствамі, пад якія трапіў”, – расказала Марыя.

Адам Міцкевіч на скале Аюдаг (1827—1828). Фрагмент карціны Валенція Ваньковіча
Адам Міцкевіч на скале Аюдаг (1827—1828). Фрагмент карціны Валенція Ваньковіча

Па словах перакладчыцы, паралелі сучаснай гісторыі з падзеямі таго часу выклікаюць дадатковую цікавасць. Пра гэта яна пісала ў сваім цыкле Facebook-лекцый “Матам пра філаматаў”.

Мара перакладчыцы: “Каб Гражына стала папулярным беларускім імём у ХХІ стагоддзі”

Па словах Марыі, “Гражына” напісаная архаізаванай польскай мовай з дамешкам “віленскай пальшчызны” і беларусізмаў.

“Спроба стылізаваць гэтую мову па-беларуску – вельмі цікавая праца. Я шмат часу баўлю са слоўнікамі, беларускімі тэкстамі ХІХ стагоддзя ды іншымі новымі для мяне крыніцамі. Паколькі даводзіцца па словах “перабіраць” польскі тэкст, то, як мне здаецца, я бачу шмат наўмысных ці падсвядомых гульняў паэта”.

Прыкладам таго перакладчыца кажа: “Магу пацвердзіць меркаванне Антонія Адынца, што прататып Гражыны – гэта Караліна Кавальска, ковенская каханка Адама Міцкевіча. Нездарма гераіню паэмы ў першай версіі завуць Карына”.

На думку Мартысевіч, апроч імені Гражына, твор мала даў польскай культуры. У той жа час яна адзначае моцны ўплыў паэмы на самасвядомасць сучасных літоўцаў, бо ў каментарах да “Гражыны” Міцкевіч шмат піша пра архаічную, паганскую, неславянскую Літву.

“У Беларусі сёння твор папулярны менш, чым заслугоўвае, але, спадзяюся, сваёй працай я змяню гэтую сітуацыю. Кшталту, каб Гражына зрабілася папулярным беларускім іменем у ХХІ стагоддзі”, – кажа Марыя.

Пераклад ад Мартысевіч – “свядомая гульня” з мовамі

“У адрозненне ад Сяргея Дзяргая і Пятра Бітэля, я перакладала Міцкевіча не як беларускага аўтара. Яны наўмысна рабілі “беларусізацыю” ягонай паэтыкі – гэта вынікала з іх біяграфій і стасункаў з польскай культурай і было лагічна і апраўдана ў ХХ стагоддзі, – кажа Марыя аб папярэднніх перакладах “Гражыны”. – Але я не перакладаю яго і як польскага паэта. Я стаўлюся да ранняй паэзіі Міцкевіча, як да самабытнай з’явы, якая ўзнікла ў рамках эстэтыкі польскамоўнай культуры былога Вялікага Княства Літоўскага. Я ўжываю словы са “Старабеларускага лексікону”, якія прысутныя ў арыгінале – перапісваю іх кірыліцай, выкарыстоўваю некаторыя дыялектныя і размоўныя формы, якія могуць падацца то русізмамі, то паланізмамі. Гэта свядомая гульня. Можна сказаць, каб перакласці Міцкевіча, я яго не перакладаю”.

 Гражына і Літавор з паэмы "Гражына". Кракаў, Планты. Аўтар скульптуры - Альфрэд Даўн
Гражына і Літавор з паэмы “Гражына”. Кракаў, Планты. Аўтар скульптуры – Альфрэд Даўн

Што будзе ў кнізе: новы пераклад і зашыфраваныя сігналы ад Міцкевіча

Перакладчыца адзначае, што ў ранейшых беларускіх выданнях “Гражыны” не публікаваліся аўтарскія каментары да паэмы. А яны важныя, каб разумець задуму Міцкевіча, натхнёнага Янам Чачотам, Тамашам Занам, Яахімам Лелявелем.

На думку Марыі Мартысевіч, “Гражына” мае ў сабе шмат ад містыфікацыі.

“Каб усё выглядала “праўдападобна”, Міцкевіч піша грунтоўны навуковы каментар, а на справе – чарговы раз гуляецца з чытачом. І дасылае яму зашыфраваныя сігналы”.

Чытайце таксама: