Пра сацыяльны ліфт уніз і апошнюю кроплю для ад’езду сям'і распавёў у Instagram гродзенскі фатограф, навуковец і былы выкладчык фотажурналістыкі ў ГрДУ Сяргей Марозаў.

Сяргей Марозаў - гродзенскі фота-, відэамастак, кандыдат гістарычных навук (2016), дацэнт (2019), навуковец і выкладчык у трэцім пакаленні. Аўтар кніг «Даследчыкі гісторыі ВКЛ», «Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1795−1939 гг.)», суаўтар кнігі «Мастацкая спадчына Беларусі». Удзельнік байкерскага руху, бацька дваіх дзяцей. У Гродне выкладаў ва ўніверсітэце, займаўся мастацкай здымкай з дрона, здымаў мерапрыемствы, праводзіў курсы па фатаграфіі. Восенню 2020 года яго вымусілі звольніцца з універсітэта. Пасля выбараў і пратэстаў 2020-га, як і многія, трапіў пад адміністрацыйны пераслед, які не спыніўся. Страціўшы магчымасць займацца навуковай дзейнасцю, у 2023 годзе перавучыўся на зваршчыка і некаторы час працаваў у гэтай сферы. Увосень 2024 года з сям’ёй эміграваў у Польшчу.

Падпісанты даслалі Марозаву больш за 50 пытанняў за дзве гадзіны: пра прычыны эміграцыі, жыццё ў Беларусі і ў Польшчы і проста пажаданні ўдачы. Адказы на пытанні ён публікаваў у сторыз у сваім Instagram-профілі.

«Апошняя кропля» і траўма дзяцей

«Апошняй кропляй» для ад’езду стала тое, што сям’ю паставілі ў статут сацыяльна небяспечнай (СНС) на падставе таго, што больш за два гады таму ў Сяргея Марозава быў адміністрацыйны пратакол за «экстрэмізм». Дзеці моцна пераймаліся. Штодзённыя праверкі дома і прымусовыя ідэалагічныя мерапрыемствы для іх сталі траўмай на ўсё жыццё, лічыць Сяргей.

Чытайце таксама: Што паглядзець у Гродне? Фатограф Сяргей Марозаў прадставіў відэагід для турыстаў з вышыні птушынага палёту

Рашэнне аб эміграцыі прыйшлося прымаць у сціслыя тэрміны. Ад моманту яго прыняцця да фактычнага ад’езду прайшло крыху больш за два месяцы. «Праз бюракратычныя моманты мы яшчэ пажылі нейкі час у паніцы і страху, таму да моманту ад’езду засталася ўнутры пустэча ў дачыненні да некалі любімых Беларусі і Гродна і пачуццё палёгкі пасля перасячэння мяжы», — прызнаўся Сяргей падпісантам. «Кошт (у тым ліку псіхалагічнага здароўя) і рызыкі знаходжання ў Беларусі сталі занадта высокія», а «людзі ў пагонах» наўпрост пыталіся, чаму мужчына яшчэ там. «Сістэма паспрабавала, каб з месца зняўся нават такі трывушчы, як я».

Фатограф Сяргей Марозаў
Сяргей Марозаў. Крыніца: яго Instagram

«Я гатовы перайсці дарогу пры патрэбе ў неналежным месцы, ведаючы, што магу за гэта заплаціць 10 $. Але, я не пайду, калі за гэта будуць адсякаць руку. A тут шматкроць з’яўляліся прэцэдэнты, калі дарогу я перайшоў год таму, а закон аб адсяканні прынялі сёння, і ён ўлічвае папярэднія парушэнні. Але я заўсёды стараўся жыць паводле сумлення і паводле закону».

З часам жа стала «шалёна страшна», бо Сяргей ужо не ведаў, у чым ён акажацца вінаватым заўтра.

Беларусь: ад без пяці хвілін прафесара да зваршчыка

На пытанне пра тое, ці назаўжды ён з’ехаў, Сяргей адказаў па-філасофску.

«Ёсць прыказка — пераехаць, што прагарэць. Пасля такога будуеш жыццё наноў. У Беларусі не без знешняй дапамогі, я спусціўся па сацыяльным ліфце ад без пяці хвілін прафесара да зваршчыка. Ад вядомага фатографа да чалавека ў блэк-лісце, з якім нельга працаваць. Так што я пакінуў там не дом, суполку і перспектывы, а вугольчыкі. Цяпер няма сэнсу вяртацца праз адсутнасць перспектыў. А да таго часу, калі гэтыя перспектывы, магчыма, з’явяцца, я ўжо пушчу карані тут. Навошта добраахвотна перажываць сацыяльную смерць яшчэ раз?»

зваршчык Сяргей Марозаў.
Новая прафесія былога дацэнта кафедры ГрГУ. Крыніца: Instagram Сяргея Марозава

Увесь час, пакуль знаходзіўся ў Беларусі, Сяргей працягваў здымаць. Але відэа з апошняга фестывалю ў Лідзе [мяркуючы па ўсім, меўся на ўвазе байк-фэст] апублікаваць не ўдалося: «людзі з
паўнамоцтвамі» без бачных прычын адабралі флешку з адзнятым матэрыялам.

Тым не менш 2020−23 гады былі для яго «вельмі класнымі ў Беларусі». Сяргей Марозаў змог выдаць дзве кнігі, правесці час у вёсцы, пакатацца з жонкай на матацыкле па краіне. А вось 2024 ён называе ўжо «шмат у чым страчаным». «Апошнім часам у мяне было ўстойлівае пачуццё, што мае фота ў Гродне ўжо не асабліва камусьці патрэбныя», — прызнаўся ён у адным з адказаў.

Сяргей Марозаў  кнігі
У апошнія гады ў Беларусі ўдалося выдаць дзве кнігі. Крыніца: Instagram Сяргея Марозава

Эміграцыя: назад ад зваршчыка да навукі

У Польшчы Марозаў уладкаваўся зваршчыкам. Заробак «такі сабе», але гэта дапамагло развязаць многія фармальныя пытанні. Гэта часовае рашэнне: Сяргей ужо набраў групу на рускамоўны курс па фатаграфіі ў Беластоку, плануе развівацца ў фота-і відэасферы і працягваць навуковую дзейнасць. У ягоным Instagram з’явілася шмат пастоў па-польску, каб як фатографу выйсці на мясцовы рынак.

Сяргей Марозаў
Сяргей Марозаў. Крыніца: яго Instagram

Прапановы па рэлакацыі як навукоўца ў Сяргея былі яшчэ ў 2020-м, і тады ён адмовіўся ад вельмі «смачных» варыянтаў, напрыклад, ад доктарскай праграмы ва ўніверсітэце Прагі з магчымасцю пераезду для ўсёй сям'і.

Адаптацыя ў Польшчы

Адаптацыя на новым месцы праходзіць «надзіва лёгка», дзеці асвойваюцца «наогул хутка». Жонцы Сяргея аказалася крыху цяжэй без ведання мовы, але яна хутка вучыцца. Свой жа польскі Сяргей ацэньвае як «упэўнены В1 з добрым зачынам на В2, а ў плане разумення і зусім С1». «Карты паляка» ў яго няма.

Сяргей лічыць Польшчу блізкай ментальна і паводле мовы. Зараз там жыве шмат беларусаў і «адносна танны ўваход у краіну», ёсць праца, жывыя бізнес-працэсы і вялікі рынак. Паводле яго назіранняў, у Польшчы добра ставяцца да Беларусі і ёсць шмат адчувальнай сацыяльнай падтрымкі.

Працэсія на свяце "Трох Каралёў" у Польшчы
Працэсія на свяце «Трох Каралёў» у Польшчы. Фота: Сяргей Марозаў у Instagram

«Вось толькі перасталі сніцца жахі, звязаныя з Беларуссю», — прызнаўся ён. Пры гэтым тугі па дому няма ні ў каго ў сям'і. «Глядзім у будучыню і кайфуем ад моманту».

«У адзін момант я зразумеў, што з майго кола зносін са знаёмых, блізкіх і далёкіх у Гродне амаль нікога не засталося. А круг зносін у мяне быў вельмі шырокі! Так што адчуванне вырванасці з кантэксту якраз з’явілася яшчэ ў Гродне. Тут гэта пачуццё пацішэла».

З сабой у эміграцыю Сяргей забраў свой матацыкл. Для гэтага яму давялося праехаць 560 км і адстаяць 5 гадзін у чарзе на мяжы ў мінусавую тэмпературу.

Сяргей Марозаў.
Ад’езд. Крыніца: Instagram Сяргея Марозава