Першы ў Беларусі модны паказ з удзелам мадэляў з фізічнымі абмежаваннямі і першая дэманстрацыя дызайнерскай вопраткі для такіх людзей пройдуць у Гродне. Пытанне ўдзелу ў GrodnoFashiоnShow калекцыі адаптыўнага адзення вырашана станоўча, паведаміла 26 лютага кіраўнічка дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка. Падтрымку дзіцячаму хоспісу аказала абласное упраўленне ідэалогіі і Офіс па правах людзей з інваліднасцю.
«Мы вельмі ўдзячны, што нас падтрымалі на такім высокім узроўні. Адчувалася шчырая зацікаўленасць людзей і разуменне праблемы, — распавяла аб перамовах у аблвыканкаме Вольга Вялічка. — Для нас удзел у фестывалі моды — важная падзея і шанец паказаць новыя магчымасці для людзей з інваліднасцю. Запрашаем паглядзець першую калекцыю адаптыўнага адзення».

Лінію адзення распрацавалі Валянціна Апановіч і Вольга Вялічка. У склад калекцыі ўвайшлі мадэлі адзення для людзей на вазках, людзей з асаблівасцямі будовы цела пасля перанесеных хвароб, для сталых людзей пасля інсульту, для мадэляў з ліку пацыентаў Гродзенскага дзіцячага хоспіса. Над калекцыяй працуюць пяць швачак і адзін канструктар адзення.