У 2016 годзе гродзенскія яўрэі адначасова са святкаваннем Ханукі адзначаюць 25-годдзе вяртанне абшчыне Вялікай харальнай сінагогі. Hrodna.life узгадвае, як і ў якім стане горад у 1991 годзе перадаваў малітоўны дом законным уладальнікам.

Скульптуры, плакаты і сталярны цэх

Пасля Другой сусветнай яўрэяў у горадзе амаль не засталося. У будынку сінагогі на Вялікай Траецкай размясцілі склады, а пазней — з 1960-х да 1991 года — тут працавалі мастацкія майстэрні.

14
Вялікая харальная сінагога. Пачатак XX-га стагоддзя
У савецкія часы звычайнай справай было выкарыстоўваць культавыя пабудовы пад гаспадарчыя патрэбы. Гэтак, у Фары Вітаўта былі склады ДТСААФ, а ў кірсе шмат год працаваў архіў.

У сінагозе, у вялікай зале на першым паверсе, працавалі скульптары і мастакі. Там рыхтавалі плакаты і транспаранты да вялікіх святаў, рабілі макеты для будучых скульптур. На другім паверсе размясціўся сталярны цэх.

Мастакі былі не найгоршымі гаспадарамі

Гродзенскі мастак Уладзімір Панцялееў распавядае, што пры перадачы будынка яўрэям ніякай барацьбы не было: сінагога перайшла законным гаспадарам, а мастацка-прамысловы камбінат пераехаў у іншае месца.

«Гарвыканкам прыняў рашэнне. У той час гэта было правільнае рашэнне. Пашанцавала, што будынак у савецкі час дастаўся менавіта майстрам, бо магло быць і значна горш. Прыкладаў у гісторыі шмат, калі храмы аддавалі пад склады, а пасля іх нішчылі.

У мяне там майстэрні ў час перадачы сінагогі не было. Але я прысутнічаў на круглым стале, калі на майстроў спрабавалі «наехаць»: маўляў, будынак дайшоў да 90-х гадоў не ў лепшым стане. Я ж сказаў, што дах і ацяпленне былі, гэта і выратавала сінагогу ад разбурэння. Там заўсёды было суха і гэта самае галоўнае. Сінагога для выкарыстання па прызначэнні тады ўжо не падыходзіла, але праблемных рэчаў там не было. Памятаю, нават ляпніна захавалася".

Ляпніна на столі вялікай залы сінагогі 1986 год.
Ляпніна на столі вялікай залы сінагогі, 1986 год

«Цяжка было глядзець на сiнагогу»

Каб сінагогу перадалі яўрэям, вельмі доўга і ўпарта працаваў гродзенец Юрый Баярскі. Ён збіраў дакументы, пісаў лісты, ён жа і стварыў рэлігійную іўдзейскую абшчыну, бо без яе перадаць сінагогу яўрэям не маглі.

«Гэты чалавек доўгія гады ахоўваў бажніцу ад варвараў. Пасля перадачы сінагогі мы наведалі будынак — ён быў у жахлівым стане. Шэсць грузавікоў аднаго толькі смецця вывезлі. Мазаічную падлогу вялікай залы так і не знайшлі. Цяжка было глядзець на гэта ўсё, але мы справіліся і праз гады ў сінагогу прыемна зайсці», — распавядае стыршыня гродзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.

Сінагога амаль адразу пасля перадачы, 1992 год.
Сінагога амаль адразу пасля перадачы, 1992 год

Ужо не баяліся казаць пра сваё сапраўднае паходжанне

Калі сінагогу перадалі яўрэям, людзі сталі дапамагаць абшчыне: дасылалі малітоўнікі, перадавалі розныя рэчы, каб адрадзіць яўрэйскае жыццё ў Гродне.

«Людзі прыносілі рэчы звязаныя з нашай гiсторыяй, у кагосьці захаваліся кнігі, нават старонка з Торы. У падвале сінагогі мы знайшлі некалькі старых малітоўнікаў. Пэўны час у нас сатаністы збіраліся ды банды падлеткаў гаспадарылі. Нас абкрадалі некалькi разоў. Але, нягледзячы на цяжкасцi, мы ёсць i зноў жывем. Як толькi сінагогу перадалі абшчыне, да нас сталі прыходзіць людзі, яны сталі больш смелымi і не баяліся казаць пра сваё сапраўднае паходжанне».

Сёння сінагога — цэнтр прыцягнення

Пасля перадачы сінагогі першая дапамога на рэстаўрацыю прыйшла з Аўстраліі. Таксама дапамаглі многія гродзенскія прадпрыемствы. Гарвыканкам вылучыў вялікую суму на дакументацыю і абследаванне храма. Былы вязень гродзенскага гета Фелікс Зандман на рэстаўрацыю пералічыў 10 тысяч долараў.

Рамонтныя працы ідуць дагэтуль. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, многія спонсары не адвярнуліся ад сінагогі і працягваюць дапамагаюць. Cёння адным з галоўных спонсараў рэстаўрацыі з’яўляецца «ЗОВ» Алега Зухавіцкага.

Сінагога, сучасны выгляд.
Сінагога, сучасны выгляд
Гродзенская яўрэйская абшчына пасля перадачы сінагогі магла замкнуцца на рэлігійным жыццi, але гэтага яна не зрабіла. Сёння сінагога гэта цэнтр прыцягнення, туды ходзяць не толькi яўрэі, але і хрысціяне. У сінагозе створаны музей гісторыі гродзенскіх яўрэяў. Рэгулярна ў малітоўным доме праходзяць выставы і канцэрты. Гродзенская абшчына, як і шмат гадоў таму, шануе традыцыі і на чале з равінам адзначае ўсе рэлiгiйныя святы.

Барыс Квяткоўскі адзначае, што самым першым святам, якое правяла новая абшчына ў сінагозе пасля перадачы ў 1991 годзе, была менавіта Ханука.

«У сваім коле, а таксама разам з нашымі гасцямі, мы хутка адзначым гэтае свята, як і 25 гадоў таму, пасля перадачы, і таксама так, як гэта рабілі нашы папярэднікі многія гады да страшнай вайны. Мы рады казаць, што сінагога ў Гродне жыве, а разам з ёй іўдзейская абшчына горада».