Спадчына

«Ажэшку» хавалі, «турыста» дэмантавалі, а пра Каліноўскага забылі. Як склаўся лёс гродзенскіх помнікаў

У Зэльве 30 сакавіка 2023 года дэмантавалі помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Hrodna.life узгадаў, якія гродзенскія помнікі дэмантавалі, хавалі ці пераносілі ў іншыя месцы, а якія так і не з’явіліся на вуліцах Гродна.

Помнік Элізе Ажэшцы хавалі падчас вайны

Помнік пісьменніцы Элізе Ажэшцы ў Гродне адкрылі ў 1929 годзе на тагачаснай плошчы Тэатральнай [побач з Тэатрам лялек — Hrodna.life]. Ініцыятарам выступіў магістрат горада. Падчас Другой сусветнай вайны помнік знік. Потым яго знайшлі на могілках на вуліцы Антонава. Ёсць легенда, што такім чынам гараджане хавалі бюст ад фашыстаў. Другая версія — немцы вывезлі непатрэбны пастамент з цэнтра горада.

Помнік Ажэшкі аднавілі ў 1947 годзе на тым месцы, дзе ён стаіць да цяперашняга часу.

Помнік Элізе Ажэшка ў 1920-х — 1930-х гадах. Крыніца: nac.gov.pl

Чытайце таксама: Самы стары гарадскі помнік. Як адкрывалі бюст Элізы Ажэшкі 90 гадоў таму

«Турыст» склаў кампанію забытым драўляным скульптурам

Побач з Домам прафсаюзаў у верасні 2018 года ўсталявалі двухметровую фігуру турыста. Яна адразу выклікала спрэчкі сярод гараджан. Праз паўгода, у сакавіку 2019, камунальныя службы дэмантавалі скульптуру з вуліцы Савецкай. Тады працоўныя сказалі, што такое распараджэнне дала адміністрацыя горада.

Пазней «турыста» бачылі на базе УЖРЭП Кастрычніцкага раёна Гродна. Ён склаў кампанію іншым забытым альбо дастаўленым на рэстраўрацыю гарадскім драўляным скульптурам.

На месцы «турыста» ў верасні 2020 года ўсталявалі скульптуру святога Губерта. Яе стварыў гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. Адкрыццё прымеркавалі да Дня горада.

Скульптура турыста на вуліцы Савецкая. Фота: Hrodna.life

Помнік, які дэмантавалі, але потым вярнулі

У красавіку 2019 года на скрыжыванні вуліц Васілька і Карбышава гродзенская жыллёва-камунальная гаспадарка дэмантавала бюст Васілю Чапаеву. Помнік герою Грамадзянскай вайны ў Расіі, які ўсталявалі ў 1960-х гадах, абяцалі адрэстаўраваць да 75-годдзя Гродзенскай вобласці. Пазней Гродзенскі гарвыканкам паведаміў, што бюст Чапаева адправяць у музей.

Дэмантаж помніка Чапаева. Фота: Hrodna.life

Гродзенцы прапаноўвалі паставіць на месцы Чапаева помнік паэту Міхасю Васільку, імя якога носіць вуліца дзе размяшчаўся бюст.

У траўні 2022 года бюст Чапаеву вярнулі. Але яго ўсталявалі на вуліцы Шчорса. Зараз ён размяшчаецца побач з вайсковай часткай 5522, у якой базуецца гродзенскі АМАП.

Помнік Чапаеву нанова ўсталяваны на вуліцы Шчорса. Фота: Hrodna.life

Чытайце таксама: Чапаеў вярнуўся ў Гродна. Дзе паставілі помнік, які знялі тры гады таму

Помнік Вітаўту таксама прыбіралі

Помнік князю Вітаўту, які з пачатку 90-х размяшчаецца паміж Старым і Новым замкамі, у 2019 годзе знялі з пастамента. Прычына — аварыйны стан драўлянай скульптуры. Пасля аднаўленчых прац статую Вітаўта вярнулі на сваё месца. Тады скульптуру ратаваў гродзенскі разьбяр па дрэве Мікалай Скляр.

Помнік Вітаўту здымаюць з пастамента. Фота: Hrodna.life

Чытайце таксама: Драўлянага Вітаўта павінны былі ўсталяваць у Лідзе, але паставілі ў Гродне. І чаму не з’явіліся помнікі Каліноўскаму і Багдановічу

Якія помнікі так і не з’явіліся ў Гродне

Максіму Багдановічу

У 2011 годзе, да 120-годдзя з дня нараджэння паэта, у Гродне планавалі паставіць помнік Максіму Багдановічу. Яго хацелі размясціць побач з фантанам, недалёка ад дома-музея Багдановіча.

Адбыўся конкурс. Мастакі і скульптары прадставілі журы каля 20 ідэй. Камісія, у склад якой увайшлі спецыялісты па горадабудаўніцтве, архітэктуры і культуры, абрала кампазіцыю «Вянок». Яе стварыў калектыў мінскіх мастакоў. Кампазіцыю адправілі на дапрацоўку, каб бюст арганічна глядзеўся з усіх бакоў. Але на гэтым гісторыя скончылася і помнік паэту так і не ўсталявалі.

Лейб Найдус

Таксама ў Гродне не з’явіўся помнік паэту Лейбу Найдусу. Яго планавалі ўсталяваць на вуліцы імя паэта ў Гродне яшчэ ў пачатку 1990-х. Майстар выканаў замову, але сродкаў для ўсталёўкі бюста ў горада няма.

Не захавалася таксама і магіла Найдуса з яго помнікам. Бо на месцы могілак у 1958 годзе пачалі будаваць стадыён «Чырвоны сцяг» [сёння — стадыён «Нёман» — Hrodna.life].

Помнік на магіле Найдуса. Фота: Hrodna.life

Паводле ўспамінаў старажылаў, помнікі згрузілі ў адно месца, а пасля іх пачалі развозіць па будаўнічых пляцоўках горада. Некаторыя камяні бралі жыхары бліжэйшых дамоў.

Чытайце таксама: Н — Найдус. Паэт, што гаварыў па-тутэйшаму і складаў вершы на трох мовах

Стэфан Баторый

У 2016 і 2021 гадах гродзенцы збіралі подпісы за ўсталяванне помніка Стэфану Баторыю на плошчы Савецкай. У гарвыканкаме ў адказ абодва разы паведамлі, што «стварэнне і ўсталёўка помніка Стэфану Баторыю за сродкі гарадскога бюджэта ў бліжэйшы час не плануецца».

Кастусь Каліноўскі

Дасюль не з’явіліся помнік і шыльда Кастусю Каліноўскаму, размяшчэнне якіх узгадніў гарвыканкам яшчэ ў 1990-х. Паводле дакументаў помнік Каліноўскаму павінны былі размясціна каля Дома прафсаюзаў. Тады нават правялі конкурс, але помнік так і не з’явіўся. Сёння на гэтым месцы размяшчаецца скульптура святога Губерта.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024