Лічбавы рубель пачне ўжывацца ў Беларусі ад 2026 года. Канцэпцыю яго ўжытку апублікаваў Нацбанк на пачатку 2024 года. Знайсці адказы на пытанні «навошта» і «чаму зараз» дапамагла Hrodna.life эканамістка Анастасія Лузгіна.
Ідэю з лічбавымі грашыма Анастасія Лузгіна вызначае як арыгінальную, але не зусім новую:
«Прыклады яе рэалізацыі ў свеце можна пералічыць на пальцах. Адзін з іх — Кітай. Яны спрабуюць уводзіць у абарот лічбавы юань. Прыкладна пра тое самае нядаўна заяўляў Цэнтральны банк Расіі. Там ужо рэалізуецца пілотны праект па ўвядзенні лічбавага рубля з некаторымі камерцыйнымі банкамі».
Расія і Кітай зараз асноўныя гандлёвыя партнёры Беларусі, таму робіцца зразумелым, чаму падцягваюцца да іх узроўню лічбавізацыі. «У прынцыпе, размовы пра лічбавы рубель у нас ішлі даўно, яшчэ да 2020 года. Але зараз ужо бачым канкрэтныя планы», — зазначае экспертка.
Паводле канцэпцыі Нацбанка, лічбавы рубель плануюць ужываць як для знешняга гандлю, так і ўнутры краіны.
Лічбавыя рублі для сваіх грамадзян, на думку эксперткі, гэта варыянт альтэрнатывы біткоінам ды іншай «крыпце».
«Цэнтральныя банкі - даволі кансерватыўныя структуры. Калі з’явіліся крыптавалюты, іх успрынялі як рызыку для манетарнай сістэмы. Бо цэнтральны банк мусіць трымаць пад кантролем усе разлікі, інфляцыю, дэвальвацыю і эмісію нацыянальнай валюты. Каб у выпадку рызыкі адразу ж адрэгуляваць сітуацыю. З такога пункту гледжання альтэрнатыўныя валюты — гэта рызыка для манетарнай сістэмы. Бо цэнтральныя банкі не могуць кіраваць грашовымі патокамі ў крыптавалютах. Гэта азначала б некантраляванае павелічэнне грашовай масы і пагрозы дэвальвацыі і інфляцыі».
Хаця ў Беларусі крыптавалюты не забаронены, яны не разглядаюцца як грошы ці плацёжны сродак. «Хутчэй, гэта актывы, якія можна прадукаваць (майніць) ці абмяняць. Купля і продаж крыптавалют у заканадаўстве не прадугледжаны».
Крыптавалюты цікавяць людзей, прыцягваюць да сябе ўвагу, як усё новае. У такой сітуацыі лагічна, што Нацбанк са свайго боку імкнецца прапанаваць сучасныя тэхналагічныя рашэнні. З аднаго боку, гэта альтэрнатыва ў выглядзе лічбавай валюты, з іншага — магчымасць павысіць кантроль над манетарнай сістэмай.
«Беларускі лічбавы рубель — гэта аналаг крыптавалюты, але ён мае адзіны эмісійны цэнтр. У класічным разуменні гэта не зусім крыптавалюта. Бо той жа біткоін кожны можа майніць. У выпадку з лічбавым рублём так не атрымаецца. Тут майніць будзе толькі Нацыянальны банк».
Такім чынам, на думку эксперткі, Нацбанк не толькі захавае, але і ўзмоцніць кантроль, бо будзе вядома, колькі лічбавых рублёў эмітавана.
«Гэта нават больш празрыста, чым з наяўнымі. Бо калі наяўныя пайшлі ў абарот, банк не можа цалкам кантраляваць, дзе знаходзяцца грошы і што людзі з імі робяць. Напэўна, тут будзе захавана псеўдаананімнасць, але ўсё роўна адсачыць лічбавыя грашовыя патокі будзе прасцей, чым наяўныя».
Яшчэ адна перавага для банкаўскай сістэмы — магчымасць паступова адмовіцца ад наяўных грошай. Калі людзі ўспрымуць прапанову станоўча, то патрэба ў наяўных грашах будзе зніжацца.
«Па сутнасці, лічбавы рубель — гэта аналаг наяўнага. Гэта не безнаяўныя разлікі, дзе ўсё цалкам празрыста для банка ды відаць, адкуль і куды пайшлі сродкі. З лічбавымі грашыма такога не будзе. Бо яны дзейнічаюць за межамі банкаўскай сістэмы».
Прыкладна так можа працаваць гэта схема:
Лузгіна адзначыла, што магчымы і варыянт, калі Нацбанк наўпрост сам адкрывае гаманцы для фізічных асобаў, без пасрэдніцтва іншых банкаў.
«У любым выпадку, грошы карыстальніка знаходзіцца па-за банкаўскай сістэмай. Гэта як гаманец з наяўнымі. Толькі лічбавы».
На думку Анастасіі Лузгіной, вялікіх цяжкасцей пераход на лічбавыя грошы не прынясе. «Патрэбны элементарныя лічбавыя веды, нічога страшнага няма. Навучыліся ж людзі лічбавымі паслугамі карыстацца, то і тут навучацца».
Што да пароляў, то ўсё мае быць не так страшна, як з класічнымі крыптавалютамі, напрыклад, з біткоінам. Тыя, хто меў з ім справу, ведае — калі страціў пароль, гэта назаўжды. Аднавіць яго немагчыма і доступу да сродкаў больш няма.
Калі лічбавай робіцца дзяржаўная валюта, то нязручнасці абсалютна ананімных крыптавалют вырашае псеўдаананімнасць. Тут прадугледжваюцца варыянты пацвердзіць асобу і аднавіць пароль.
Яшчэ адна перавага ад лічбавізацыі грошай для Нацбанка — зніжэнне затрат на друк папяровых грошай ды іх інкасацыю.
«Канечне, бліжэйшым часам наяўныя ў Беларусі не адменяць», — кажа Анастасія Лузгіна. Яе меркаваннем, хуткасць вываду наяўных з абароту будзе залежаць ад таго, наколькі актыўна карыстальнікі будуць выкарыстоўваць лічбавыя грошы.
Згодна з даследаваннем Нацбанка Беларусі, праведзеным у канцы 2023 года, вялікая частка апытаных у асноўным карыстаецца безнаяўным разлікам: 37% - банкаўскімі картамі, 12% - іншымі спосабамі. Наяўныя грошы для разлікаў выкарыстоўваюць 40% рэспандэнтаў.
Прыхільнасць да таго ці іншага спосабу аплаты моцна залежыць ад узроставай групы: больш за палову ўсіх плацяжоў у месяц ажыццяўляюць безнаяўна 45,3% беларусаў ва ўзросце 18−29 гадоў, 48,4% ва ўзросце 30−59 гадоў і толькі 17% ва ўзросце старэй 60 год.
Тое, што карыстальнікі змогуць захоўваць грошы па-за банкаўскай сістэмай, можа ствараць пэўныя рызыкі для банкаўскай сістэмы. Пра гэта таксама ўзгадвае Канцэпцыя лічбавага беларускага рубля.
Анастасія Лузгіна кажа, што банкі могуць сутыкнуцца з недахопам ліквіднасці - адбудзецца адток сродкаў:
«Гэта для юрыдычных асоб абавязкова захоўваць грошы ў банках. Для фізічных асобаў такіх патрабаванняў няма. Таму магчыма, што на пэўны перыяд банкі, якія актыўна працуюць з насельніцтвам, могуць сутыкнуцца з падобнай праблемай. Калі працэнты па дэпазітах невялікія і не разглядаюцца як інструмент павелічэння ўкладаў, то людзі могуць вывесці грошы з банкаў на асабістыя гаманцы».
Некаторыя банкі Беларусі зараз знаходзіцца пад санкцыямі. Гандаль за валюту скарочаны. У такой сітуацыі лічбавыя рублі могуць стаць варыянтам абыходу абмежаванняў.
«Сістэма лічбавых разлікаў паралельная той, дзе разлічваюцца „звычайнымі“ грашыма. Яна знаходзіцца па-за межамі банкаўскай сістэмы. То з’яўляецца элемент магчымасці праводзіць міжнародныя разлікі ў абыход санкцый, рабіць плацяжы, каторыя застануцца нябачнымі для фінансавых інстытутаў, якія ўводзілі санкцыі».
На думку Анастасіі Лузгіной, санкцыі сталі адным са стымулюючых фактараў для паскарэння пераходу на лічбавыя грошы. Але як найбольш значны фактар яна азначае актыўную эканамічную інтэграцыю з Расіяй. «Збліжэнне фінансавых сістэм спросціць і паскорыць разлікі паміж краінамі і аблегчыць працэс пераходу для Беларусі, бо ўжо падрыхтавана база».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…