У Свіслач прыязджалі кітайскія інвестары, якія шукаюць пляцоўку для майнінгу крыптавалют. Яны сустрэліся са старшынёй Свіслацкага райвыканкама Аляксандрам Вярсоцкім і яго намеснікам, які курыруе пытанні эканомікі. Майнінг-фермы ў Беларусі апошнім часам сур’ёзна зацікавілі ўлады.

У Свіслацкім раёне інвестары агледзелі пляцоўкі, дзе можна пабудаваць майнінг-ферму, распавяла «Свіслацкая газета». Дэталяў сустрэчы не раскрылі, але не сакрэт, што беларускія ўлады ў апошні час больш гавораць аб прыцягненні ў краіну крыптавалютных здабытчыкаў.

Улады хочуць больш майнінг-ферм у Беларусі

Міністэрства энергетыкі, «Белэнерга» і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю зацікаўлены ў павелічэнні колькасці ферм па майнінгу крыптавалюты ў краіне. У тым ліку і таму, што беларуская эканоміка не спажывае ўсе тыя аб’ёмы энергіі, якія вырабляюцца пасля запуску БелАЭС.

Беларускія ўлады вельмі хочуць прыцягнуць у краіну майнераў, расказаў намеснік кіраўніка МАРГ Іван Вежнавец на канферэнцыі па крыптавалютах, якая прайшла ў Мінску ў снежні 2023. Для гэтага інвестарам прапануюць вялікія зніжкі на электрычнасць. Буйны майнер можа атрымаць скідку каля 30% па тарыфе на электраэнергію, калі заключыць з «Белэнерга» дамову, па якой ферма абавязаная спажываць мінімум 15 млн кВтч у год.

Хаця ў Беларусі майнінг, а таксама купля і продаж крыптавалюты фізічнымі асобамі ў асабістых мэтах дазволены, будаваць на гэтым бізнес фізічным асобам нельга. У МУС нават прапрацоўваюць магчымасць забараніць усе здзелкі з крыптавалютамі для фізічных асоб. І хоць пакуль фізічным асобам займацца майнінгам у асабістых мэтах можна, для легальнага бізнесу ў гэтай сферы трэба стварыць юрыдычную асобу.

Чытайце таксама: Гродзенец зарабіў $ 50 000 на абмене крыптавалюты. Суд палічыў гэта незаконным — і забраў палову

Колькі майнінг-ферм у Беларусі?

Гендырэктар канцэрна «Белэнерга» Павел Дрозд распавёў Tochka.by, што сёння ў Беларусі працуюць дзве буйныя фермы па здабычы крыптавалюты — на пляцоўцы Бярозаўскай ДРЭС і на Мінскім заводзе шасцерняў. Такія буйныя спажыўцы вельмі выгадныя канцэрну, бо спажываюць вялікія аб’ёмы энергіі кругласутачна і без выхадных.