У верасні 1969 года ў Гродне ўрачыста адкрылі Курган Славы. Тады ж у манумент была закладзена капсула з пасланнем нашчадкам. Дзякуючы здымкам гродзенскага фатографа Мікалая Петрусева, якія перадалі ў рэдакцыю Hrodna.life, мы можам убачыць, як адбывалася гэта падзея. Праз 52 гады капсулу выявілі і зачыталі пасланне.
Курган Славы ўрачыста заклалі 17 верасня 1968 года. Манумент адкрылі роўна праз год. Курган збудавалі, каб увекавечыць памяць савецкіх салдат і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тых, хто загінуў за савецкую ўладу ў гады Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і ў перыяд далучэння Заходняй Беларусі да БССР, распавёў гісторык Аляксандр Сявенка.
Да Кургана Славы прывозілі зямлю з усіх раёнаў Гродзеншчыны: з брацкіх магіл воінаў Чырвонай Арміі і партызан, магіл Герояў Савецкага Саюза. Па інфармацыі Аляксандра Сявенкі, агулам зямлю прывезлі з 83 розных месцаў.
У дзень адкрыцця ў манумент была закладзена капсула з пасланнем. Па некаторых дадзеных, пасланне адрасавана нашчадкам двухтысячных. Нібыта, пры закладцы планавалася, што капсулу адкрыюць у 2000 годзе. Па іншых дадзеных, канкрэтнага года пазначана не было.
3 верасня 2021 года супрацоўнікі гродзенскага ЖКГ шукалі капсулу па старых чарцяжах, а таксама з дапамогай металашукальніка. Чаму яе вырашылі дастаць з зямлі менавіта ў гэты дзень — невядома. Капсула з пасланнем была зроблена з нержавеючай сталі і правяла ў зямлі 52 гады.
Саму капсулу адкрылі 8 верасня напярэдадні Дня адзінства, які будуць святкаваць 17 верасня, і Дня горада, які пройдзе 18 верасня. Новую капсулу з новым пасланнем плануюць закласці ў Курган таксама 17 верасня. Яе павінны будуць выявіць у 2050 годзе.
Пасланне ад савецкіх грамадзян напісана на дзвюх мовах: беларускай і рускай. У ім гаворыцца пра подзвіг савецкіх салдат у гады Вялікай айчыннай вайны, аб тым, што зрабілі і чым ахвяравалі папярэднія пакаленні дзеля мірнага жыцця на зямлі. Аўтары паслання просяць аддаць належнае іх памяці і не забываць пра гэта.
Капсула з пасланнем 1969 года была перададзена на захоўванне ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Дырэктар Юрый Кітурка распавёў, што пасланне стане часткай музейнай экспазіцыі, прысвечанай пасляваеннаму аднаўленню горада і краіны.
Аўтар здымкаў з адкрыцця Кургана Славы ў 1969 годзе — Мікалай Петрусеў. Ён працаваў у Гродне ў фотастудыі на Ажэшкі і памёр больш за 10 гадоў таму, не дажыўшы крыху да 100 гадоў. Многія з яго здымкаў ніколі раней не публікаваліся.
«У Мікалая Петрусева была вялікая калекцыя фотаздымкаў, але пасля яго смерці яны разышліся па руках. А ён шмат чаго цікавага здымаў», — распавядаў Hrodna.life у 2019 годзе фатограф Тадэвуш Алешчык. Плёнку з негатывамі Тадэвушу паказаў у 2020 годзе сын Мікалая.
«У выніку атрымалася праявіць каля 300 здымкаў. Шмат ваенных вучэнняў, штосьці з травеньскіх парадаў у горадзе, але больш за ўсё нас уразілі кадры даліны Гараднічанкі, якую займае цяпер плошча Леніна. Сучаснай моладзі, напэўна, цяжка ўявіць, што калісьці на месцы плошчы была нізіна і працякала рэчка», — сказаў фатограф.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…