Адразу 12 розных замкаў і палацаў часоў ВКЛ можна пабачыць у адным месцы — у дробнай вёсцы Родзевічы, што на Ашмяншчыне, недалёка Крэва. Амаль 10 гадоў таму тутэйшую шляхецкую сядзібу купіў дырэктар фонда «Краіна замкаў» Аляксандр Варыкіш. А потым пачаў «будаваць» — з дапамогай 3D-прынтара.

Парк мініяцюр пакуль што сціпла размешчаны ў двары ў Варыкіша, але ў будучыні павінен заняць цэлых два гектары. Галоўны плюс такой сучаснай вытворчасці - мадэлі можна лёгка і хутка множыць, дарабляць і рамантаваць.

Замкі з пластыку не такія кволыя, як, напрыклад, папяровыя макеты. Яны стаялі ў двары Алякандра ўсю зіму і захавалі першасны выгляд. Іх можна кранаць, браць у рукі, круціць. Калі нешта зламаецца, патрэбны кавалак заўсёды можна адліць на прынтары зноў.

У кожны агарод — па замку

Самае галоўнае, што 3D-мадэлі можна бясконца множыць у любым памеры і распаўсюджваць. Аляксандр жартуе, што павесіць расцяжку: «Усё, што вы бачыце тут, можа стаяць на вашым агародзе». Ён і сапраўды верыць, што такі парк палепшыць густ людзей — і замест гнома яны будуць замаўляць у свой двор замак. Ці сама меней — набываць маленькія замкі-сувеніры.

Зэканомілі на архітэктарах і мадэльерах

«У многім мы былі навічкамі і не ведалі падводных камянёў. Думаю, калі б я адразу ведаў увесь аб’ём працы, я б стрэмануўся. Але ўжо ёсць што ёсць», — кажа Аляксандр.

Працэс вырабу праходзіць наступным чынам. Спачатку замак здымаюць дронам. Пасля здымкі закідваюцца ў адмысловую камп’ютарную праграму, якая робіць з іх 3D-файлы. Файл на флэшцы пампуецца ў прынтар і раздрукоўваецца як 3D-мадэль.

— Калі мы пачалі рэалізоўваць праект, на нас выйшла вельмі шмат людзей, якія пачалі прапаноўваць розныя «умняхі». Напрыклад, вельмі вялікія грошы каштавалі паслугі архітэктара, які б намаляваў макет праекту і правёў даследаванні. Праз год чалавек падказаў, што можна здымаць замкі дронам, а пасля разумная праграма на камп’ютары сама пераводзіць іх у 3D, — узгадвае Аляксандр.

Яшчэ даражэй каштавалі паслугі 3D-мадэльера: ад 12 да 300 долараў у гадзіну. Каб зрабіць праект таннейшым, Аляксандр сам навучыўся 3D-мадэляванню. Паўгода ён хадзіў да выкладчыка, па начах выконваў заданні і асвоіў гэтае рамяство.

Замак за 1000 еўра

Мадэлі зробленыя ў маштабе 1/25. Калі рабіць маленькія копіі, давядзецца іх спрашчаць, бо прынтар можа не «злавіць» увесь знешні дэкор. Каштуе адзін замак каля 1000 еўра. Напрыклад, макет Віленскай вежы важыць каля 10 кілаграм. А 750 грамаў сыравіны для адліву каштуе ў Беларусі 30 рублёў.

Далей — яшчэ больш выдаткаў. Каб зрабіць замкі з пластыку суцэльнымі і бязшоўнымі, патрэбен большы прынтар — 60/60/60 мм замест 30/30/40. Каб яго набыць, за лета патрэбна сабраць 2000 долараў.

«Людзі ўключаюцца ў культурнае жыццё»

Мясцовыя жыхары дапамагаюць праекту Аляксандра. Напрыкад, брыгадзір з вёскі паглядзеў у інтэрнэце, што за мяжой падобныя будыначкі стаяць на пагорках. І зрабіў так, каб макеты Аляксаднра таксама стаялі на ўзгорках з пяску і камянёў. «Людзі ўключаюцца ў культурнае жыццё, а гэта самае галоўнае», — лічыць Аляксандр.

Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця ПРААН і фінансуецца Еўрасаюзам. Гэты праект мае ствараць умовы для аб’яднаных дзеянняў улады і грамадзянскіх ініцыятыў для развіцця рэгіёну з улікам мясцовых асаблівасцей.

У прыватнасці, парк мініяцюр «Краіна замкаў» дапаможа рэгіёну з развіццём малога бізнесу, турызму і занятасцю насельніцтва.