«Клубніка нада?» — гэтыя словы ў ваколіцах Лунінца ў чэрвені кажуць замест прывітання. Асабліва, калі сустракаюць незнаёмых людзей. Для клубнічнай сталіцы Беларусі сярэдзіна лета — самы гарачы і нервовы час. Сёлета праблемаў дадало і анамальна гарачае надвор’е. Кошты на ягаду абваліліся і гэта нарадзіла шмат нараканняў і чутак вакол іх. Hrodna.life паехаў у Лунінец, каб сустрэцца з тымі, хто вырошчвае, прадае і купляе клубніку.
Фермеры Аляксей і Аляксандра Туркевіч займаюцца вырошчваннем клубнікі другі сезон. Зараз іх ягадная плантацыя займае гектар. Летась за сезон з яе сабралі 6 тон ягад. Сёлета — ўжо 15 тон. Усе ягады ідуць на продаж ў Расію. На ўласным грузавічку з рэфрыжыратарам Аляксей возіць клубніку ў Маскву. Дома ў сезон бывае раз на два дні - толькі пакуль загружаецца машына. Спаць даводзіцца не больш за 4 гадзіны на суткі.
«Раней займаўся продажам клубнікі, — кажа Аляксей. — Але якаснай ягады было мала. Захацелася самому нешта добрае выгадаваць. Пасадзіў поле і вось вынік».
Кошты на фермерскую клубніку ў Маскве каля 2−3 беларускіх рублёў. Ад асобных гаспадароў бяруць яшчэ танней — па 1−2 рублі. Па словах Аляксея, летась кошты былі вышэйшымі. Сёлета падвяло надвор’е. Праз гарачыню беларуская клубніка паспела рана. У гэты час яшчэ не адышла краснадарская. Вялікая прапанова абваліла кошты на рынку.
Аляксей і Аляксандра абодва родам з Ліды. Ён — па адукацыі інжынер электроннай тэхнікі, жонка — спецыяліст у банкаўскай справе. Хутар пад Лунінцам яны набылі пару гадоў таму. Зараз тут стала жыве і займаецца гаспадаркай бацька Аляксея. Маладыя гаспадары прыязджаюць у асноўным на гарачы сезон.
«Каб пасадзіць гектар клубнікі трэба 1 дзень і 20 чалавек. Каб сабраць — штодня працуе каля 30 работнікаў», — расказвае гаспадар. Астатнюю працу ўдалося звесці да мінімуму — каб клубніка не зарастала пустазеллем, глебу накрылі адмысловай плёнкай, а каб не засохла — арганізавалі кропельны паліў. «Дзед у мяне быў аграномам, — тлумачыць гаспадар свой падыход да справы. — Напэўна, нешта ад яго перадалося».
Па словах Аляксея, расходы на клубніку за два гады склалі каля 20 000 долараў. Машына для перавозкі каштавала яшчэ 18 000. Хаця сёлетні сезон не выглядае на самы прыбытковы, згортваць справу ён не збіраецца. «Зараз купіў у Вілейцы 25 гектараў. Таксама пад клубніку».
Аляксандра працуе ў Мінску, у адным з банкаў. «На хутары» з клубнікаю яна праводзіць свой адпачынак. «Тут амаль як на поўдні, толькі мора няма. Але загарыш не менш», — жартуе яна, не адрываючыся ад сартавання клубнікі. Вясковая праца для Аляксандры звыклая. «Па мамінай лініі ўсе сваякі вясковыя. З дзяцінства ездзіла і грады палоць, і кароў пасвіць. Калі муж прапанаваў заняцца клубнікай, не спалохалася. Па мне — сельская гаспадарка — справа шляхетная. Асабліва клубніка. Я такі аматар гэтай ягады, што ідэя адразу спадабалася. З задавальненнем дамапагаю мужу абходжваць гэту красотку».
На клубнічным рынку ў Дворцы тым часам ужо кіпяць жарсці. На пад’ездзе да брамы стаіць калейка аўтамабіляў. Для тых, хто прыехаў прадаваць ягаду — уезд бясплатны. Для скупшчыкаў месца на рынку пад легкавы аўтамабіль каштуе 10 рублёў, для грузавога — 20. Ровары, гружаныя вёдрамі клубнікі, праязджаюць без чаргі.
«Гандаль ідзе ад 6 раніцы да цямна, да апошняга кліента. Купляюць большай часткай для Беларусі. На Расію ідзе каля 25%», — кажа дырэктар рынка, мясцовы «клубнічны кароль» Ігар Пракаповіч.
Мясцовыя бачаць «гарадскіх-прыезджых» адразу. Падыходзяць, прапануюць сваю ягаду. Іншыя гандлююцца са скупшчыкамі. Самы высокі кошт, за які прапануюць адборныя ягады — каля 2,5 рублёў. Сама танна бярэ ягаду райспажыўсаюз, як тут кажуць «на бочку», для перапрацоўкі. Тут за кілаграм ягад даюць па 30 капеек. На мінулым тыдні дробныя і пераспелыя ягады прымалі па 20 капеек.
«За вядро клубнікі атрымліваецца рубель дваццаць! — эмацыйна каментуе жанчына ў чарзе на здачу ягад. Раней, прадаўшы кілаграм ягад, можна было кілаграм цукру набыць. Зараз за вядро кілаграм не купіш, яшчэ дадаць трэба».
«Адвучылі ад бульбы, адвучаць і ад клубнікі, — падхоплівае суседка. — Адмовімся і не будзем гарбаціцца за капейкі».
«Гандаль не спрацаваў, не прадумалі сітуацыю, — скупа дадае мужна побач. — Няма куды ягаду падзець».
Дырэктар рынку кажа, што тут за дзень абарочваюцца тысячы людзей і часам кіпяць гарачыя жарсці. Напрыклад, як у мінулую «чорную пятніцу», калі ў сеціве пачалі з’яўляцца здымкі выкінутай пад ногі клубнікі і пасля якой спажыўсаюз такі падняў кошт з 20 да 30 капеек.
«Сітуацыя вельмі простая. У людзей гектары клубнікі. Яны наймаюць памочнікаў, каб яе ўбраць. Гадзіна працы на ўборцы каштуе 3−4 рублі. За гэты час можна сабраць 12−18 кілаграмаў ягад. Толькі сабекошт гэтай працы 30 капеек на кілаграм. То заплаці па 30, а здай па 20? Не дзіва, што людзі абураліся. Чэргі стаялі. Балюча глядзець было. Бо ягада вельмі добрая, а няма цаны. На рынку 60−70 капеек давалі і хацелі ўжо выключную ягаду. Што тут сказаць. Клубніка — рызыкоўны бізнес. Такое наша жыццё сельскае».
З іншага боку Пракаповіч адзначае, што вялікія канфлікты на рынку рэдкасць. «Нехта думае, што лепшыя месцы прадаюцца за большыя грошы — гэта не праўда. Іншыя прыдумляюць, што прымаюць клубніку па заніжаных коштах, а потым здаюць даражэй. І гэта не так. Кошты на прыём клубнікі афіцыйныя. Канфлікты кожны дзень бываюць, бо ўсе на эмоцыях». Але дырэктар кажа, што вырашаюцца складанасці даволі проста — дастаткова падыйсці пагаварыць.
У такім напружаным тэмпе прыдзецца папрацаваць яшчэ пару тыдняў. Пасля ягады скончацца і будзе спакайней. Каб рынак не пуставаў, тэрыторыю аддадуць пад аўтастаянку. Пазней на частцы рынку будуць гандляваць чарніцамі, малінаю ды іншай «садовай драбязой». А падчас Купалля Ігар Пракаповіч, былы музыка, ізноў зладзіць тут свой традыцыйны «Клубнічны фэст».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…