Яркі фудтрак з надпісам «Ружовая пантэра» меў папулярнасць сярод гасцей веламарафона «Суседзі». Адны ўсміхаліся, узгадваючы культавы мульцік, другія — у адказ на ўсмешкі дзяўчат з фудтрака і прапановы падсілкавацца. Hrodna.life распытаў гаспадынь фургона, адкуль ён узяўся і ці плануе надалей частаваць гродзенцаў.

Наўпрост з мульціка

Ідэя зрабіць яркі фудтрак і назваць яго ў гонар героя знакамітага мульціка прыйшла на думку аднаму з сяброў Крысціны Гарсіа Алвес. Дзяўчына прапанавала аб’яднаць намаганні і рабіць бізнес разам. «Яго унёскам быў трак, а я адказваю за харчаванне» — расказала яна. Дапамагае Крысціне гатаваць і прадаваць сяброўка, Ірына Уліда. Абедзьве расказваюць, што ў дзяцінстве (як хіба кожнае дзіця) марылі гандляваць марозівам. А тут усё здарылася, як у марах!

Дзіцячая мара прывяла ў бізнес. Фудтрак  «Ружовая пантэра» частавала «Суседзяў» марозівам і не толькі

Зараз ружовы фудтрак прапануе наведвальнікам хот-догі, канверцікі з начыннем, марозіва і розныя напоі - тое, што не трэба доўга чакаць і можна ўзяць з сабой.

«Гэта больш хобі»

Ружовы фургончык можна ўбачыць на розных гарадскіх мерапрыемствах. Нядаўна «Пантэра» карміла гасцей арт-пікніка ў Велесе, а ў бліжэйшых планах — паўдзельнічаць ў Біг-Міні фестывалі вулічных мастацтваў у Гродне. Штодзень вывозіць фудтрак у горад гаспадары пакуль не плануюць. «Гэта больш хобі, чым бізнес.»

Дзіцячая мара прывяла ў бізнес. Фудтрак  «Ружовая пантэра» частавала «Суседзяў» марозівам і не толькі

Затое для кожнага мерапрыемства стараюцца падабраць свой фармат ежы. Па словах Крысціны, на «Суседзях» добра ідзе хуткая ежа, на дзяцячым арт-пікніку на ўра пайшлі ажно 300 порцый марозіва, а для фестываля вулічных мастацтваў плануюцца эксперыменты з сырамі - запечанымі, з грушай ці з рукалай, а таксама са свежымі ягадамі да марозіва.