“Да жніўня ўсё распісана”. Гродзенцы зрабілі аграсядзібу з доміка на вёсцы і здзіўляюць гасцей мясцовай кухняй

Домік у вёсцы Гінавічы пад Гродна застаўся ў сям’і Казлоўскіх ад бабулі і дзядулі. Спачатку збіраліся там на свае святы, а потым вырашылі арганізаваць аграсядзібу. У першы год працы атрымалі ўзнагароду за лепшы старт у бізнесе, а сёлета ўжо маюць замовы на палову наступнага года. Чым вабіць мясцовых і замежнікаў “Панскі двор”, гаспадары расказалі Hrodna.life.

“Ёсць жаданне – працуйце”

“Да жніўня ўсё распісана”. Гродзенцы зрабілі аграсядзібу з доміка на вёсцы і здзіўляюць гасцей мясцовай кухняй

“Тут усё апрабавана на сабе, – расказвае Вольга Казлоўская. – Сям’я была вялікая, у мужавай мамы два браты і дзве сястры. Святы заўжды былі шматлюдныя, бабуля ў нас хлебасольная”. Потым сям’я раз’ехалася і даглядаць пустую хату на вёсцы ўнукам стала нязручна. Узімку амаль праз дзень даводзілася ездзіць, каб прапаліць у печы. Тады і задумаліся – што зрабіць, каб не марнаваць час дарэмна. Вырашылі зрабіць тут аграсядзібу.

“Да жніўня ўсё распісана”. Гродзенцы зрабілі аграсядзібу з доміка на вёсцы і здзіўляюць гасцей мясцовай кухняй

Калі дзеці выказалі ідэю, мама Ядвіга падтрымала. “Яна ў нас такая, што за любую дзвіжуху, – кажа Вольга. – Знаёмыя таксама раілі паспрабаваць. Усе казалі – будзе толк. Толькі пра тое, якая гэта агромністая праца, не казалі. На той час мала хто гэты бізнес спрабаваў”.

Панскі двор па-новаму

Назву сядзібе дала гісторыя мясцовасці. Раней непадалёку насамрэч быў панскі двор. Спачатку тут жылі паны Гвіды, а пасля іх сям’я Будзько. “Ад панскай сядзібы засталося зарослае возера, стары сад і канюшня. Быў яшчэ млын, але яго разбурылі за савецкім часам, – расказвае Іван Казлоўскі. – Бабуля казала, што вяскоўцы хадзілі да паноў на заробкі, працавалі на градах”.

“Да жніўня ўсё распісана”. Гродзенцы зрабілі аграсядзібу з доміка на вёсцы і здзіўляюць гасцей мясцовай кухняй

На сваім панскім двары Казлоўскія працуюць самі. Іх пяцёра – двое братоў з жонкамі і маці. Усе яны маюць працу ў горадзе, толькі маці зараз на пенсіі. Сядзібай займаюцца ў выходныя ці ў вольны час.

“Тут усё зроблена сваімі рукамі, – расказвае Іван. – Брат мэблю рабіў,  я – жырандолі. І лазню самі будавалі, і плітку клалі. Купіць выходзіла даражэй і не так цікава”.

“Як пачыналі справу, у банк хадзілі, як на працу, – расказвае Вольга. – Бізнес-план скласці, дакументы сабраць, калі ніколі гэтым не займаўся, то зусім не проста. У 2014 з 12 сядзібаў толькі мы атрымалі крэдыт”.

Ад лазні да кухні

“Пачыналі справу з лазні, – расказвае Іван. – Пра харчаванне спачатку і не думалі. Потым вырашылі маму да справы прыстроіць. Яна 40 гадоў у грамадскім харчаванні адпрацавала. Сказалі, хопіць, мама, працаваць “на дзядзьку”, давай працаваць на сябе”.

“Да жніўня ўсё распісана”. Гродзенцы зрабілі аграсядзібу з доміка на вёсцы і здзіўляюць гасцей мясцовай кухняй

Гатуе Ядвіга па сваіх сямейных рэцэптах. Яе пызы, цішка і дранікі з мясам адпавядаюць мясцовым традыцыям.

“Тут на вёсцы як нядзеля, то ў кожнай хаце абавязкова “капустка”, – расказвае Вольга. – Гэта не суп, і не тушаная капуста. Гэта адмысловы мясцовы рэцэпт. Падаюць яе з бульбай у мундзірах і засоленым мясам. Я раней зразумець не магла – як гэта, кожную нядзелю адно і тое ж. А зараз не ўяўляю, як  выходнымі нехта капустку не гатуе. Вам кепска? Ці вы захварэлі? Нашы дзеці дзеля бабулінай капусткі ўсе свае справы кідаюць. І гасцям цікава сапраўдную мясцовую кухню паспрабаваць”.

Сямейны падрад у дзеянні

Самы запатрабаваны час сядзібы – ад красавіка да кастрычніка. На гэту пару кожны з гаспадароў па чарзе бярэ адпачынак. “Добра, што нас чацвёра, каб менш, то не справіліся б”, – жартуюць яны.

“Да жніўня ўсё распісана”. Гродзенцы зрабілі аграсядзібу з доміка на вёсцы і здзіўляюць гасцей мясцовай кухняй

Раней госці прыязджалі на сядзібу толькі на выходныя. Зараз усё часцей хочуць спыніцца на тыдзень ці два. Асабліва – з вялікіх гарадоў.

“Летам нават усіх прыняць не можам”,- прызнаецца Іван. Ды і не патрэбен нам канвеер. Хочацца, каб заставалася па-дамашняму”.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: