Дадаць навіну
Панядзелак, 22 студзеня 2018, 14:04

«Кнігі паліць не будзем». У Драмтэатры паставілі «451 градус па Фарэнгейту» паводле Брэдбэры

Новы спектакль гродзенскага тэатра пастаўлены па матывах аднайменнага рамана-антыутопіі Рэя Брэдберы. У рамане апісваецца будучыня і грамадства масавай культуры. Кнігі, якія прымушаюць думаць, тут пад забаронай, і іх знішчаюць «пажарныя». Прэм’ера спектаклю адбудзецца 6 і 7 красавіка, квіткоў на гэтыя даты практычна не засталося.

Спектакль паставіў рэжысёр-пастаноўшчык Генадзь Мушперт па п’есе расійскага рэжысёра і тэатральнага педагога Адольфа Шапіры. Галоўную ролю — Гая Мантэга — грае Ігар Уланаў.

Агню не будзе

Мушперт кажа, што агню на сцэне, акрамя адной свечкі, не будзе. Па-першае, таму што ў п’есе няма момантаў, дзе гараць кнігі. Там ёсць дзве сцэны, у якіх гараць людзі. Па-другое, тэхнічныя сродкі - гэта наогул не самае цікавае. Самае цікавае — тое, што адбываецца паміж людзьмі.

Рэжысёр-пастаноўшчык Генадзь Мушперт лічыць тэхнічныя сродкі не самым галоўным у спектаклі
Рэжысёр-пастаноўшчык спектаклю «451 градус па Фарэнгейту» Генадзь Мушперт лічыць тэхнічныя сродкі не самым галоўным у спектаклі
Мастак-пастаноўшчык Надзея Бялова расказала пра афармленне залы і касцюмаў:

— Гэта манахромная кампазіцыя, у якую вельмі дазавана ўнесены колер. Будуць ламаныя формы, чорная графіка, што падтрымліваюць тую атмасферу, якую будзе стварыць на сцэне актор. Гэта фантастыка і касцюмы па сцэнарыю цалкам не з жыцця, але адаптаваныя.

Так выглядаюць дэкарацыя: манахромная кампазіцыя з дазаваным украпленнем колеру.
Макет сцэны на спектакль «451 градус па Фарэнгейту»: манахромная кампазіцыя з дазаваным украпленнем колеру.

Так у спектаклі будуць выглядаць "пажарныя", якія спальваюць кнігі.
Касцюмы «пажарных», якія спальваюць кнігі, са спектаклю «451 градус па Фарэнгейту»

Рабіць не тое, што хоча публіка

Рэжысер-пастаноўшчык Генадзь Мушперт называе «451 градус па Фарэнгейту» «раманам-папярэджаннем». Ён кажа, што ўзяўся за п’есу, бо хоча выканаць свой абавязак.

— Час, грамадства, кіраўніцтва з усіх сілаў спрабуюць нас прымусіць ператварыць тэатр на вар’етэ, — кажа Генадзь Мушперт. — Тэатр дзеля прыбытку гатовы на ўсё. Мы павінны рабіць не тое, чаго публіка хоча. Бо публіка хоча толькі вар’етэ і смеху. Я не магу іх у гэтым вінаваціць — жыццё такое. Але мы павінны супрацьстаяць гэтаму грамадскаму запыту. Таму я выканаў свой доўг і стаўлю сур’ёзную праблемную п’есу-папярэджанне.

Галоўную ролю ў спектакле "451 градус па Фарэнгейту" грае Ігар Уланаў
Галоўную ролю ў спектакле «451 градус па Фарэнгейту» грае Ігар Уланаў

Якія білеты купляць не варта

Нягледзячы на сумныя прагнозы рэжысера-пастаноўшчыка, у Драмтэатры расказалі, што квіткі на прэм’еру разыйшліся вельмі хутка. На 28 і 29 красавіка тры чвэрці партэра таксама прададзена. Кожны дзень набываюць ад 15 да 22 квіткоў, у чым кіраўніцтва Драмтэатру бачыць добрую тэндэнцыю.

Але білеты, на думку Мушперта, бываюць розныя.

«Я прашу гродзенцаў ніколі не набываць квіткоў на мае спектаклі на балкон. На балконе нічога не ўбачыць і не пачуць. Вы не ўбачыце там спектакля, які я рыхтую на працягу двух месяцаў, каб усё было літарка да літаркі. Абласное кіраўніцтва не дазваляе нам прыбраць балкон з праката і з плану. Калі вам прапаноўваюць квіткі на балкон — адмаўляйцеся».

Праўда, некаторыя спектаклі глядзець з балкона ўсё ж можна. Гэта некаторыя пастаноўкі, якія сюды прывозяць у межах гастроляў.

«Гастралёры з маскоўскімі серыяльнымі знакамістасцямі робяць спектаклі халтурна. Ім усё роўна, што вы ўбачыце. Ім патрэбен толькі даход. Мой даход не залежыць ад таго, будзе заняты балкон ці не. Таму я звяртаюся да публікі: не набывайце квіткі на мае спектаклі на балкон».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: