Дадаць навіну
Серада, 14 лістапада 2018, 17:33

Жыццё і смерць па іншы бок аб’ектыва: што пабачылі калегі-фатографы на адкрыцці выставы Аляксандра Саенкі

Выстава “Цішыня паверхаў” адкрылася ў Гродне 3 сакавіка. Калегі, сябры і аматары фота сабраліся ў Цэнтры гарадскога жыцця, каб пабачыць новы арт-праект Аляксандра Саенкі. Здымкі гэтага фатографа вядомыя і пазнавальныя. Аляксандр працуе ў фотажурналістыцы з 2007 года, трапна фіксуючы важныя падзеі і мімалётныя ўражанні з жыцця горада. Аднак праект, што прадстаўлены да ўвагі гледачоў зараз, зусім іншы. Ён – пра смерць – сапраўдную і ўяўную. Пра дабравольную адмову ад сапраўднага жыцця ў шматпавярховым тлуме горада і марныя спробы ўдыхнуць падабенства жыцця ў пахаваннях на могілках.

Паводле Паўла Мажэйкі, дырэктар Цэнтра, тое, што выстава адкрываецца ў чаканні Вялікадня, дадае ёй больш глыбіні: “Самі абставіны змушаюць нас да рэфлексіі і абуджаюць тыя самыя эмоцыі, над якімі прапануе паразважаць і аўтар выставы”.

мажэйка і саенка
Аляксандр Саенка і Павел Мажэйка

Аляксандр Саенка, аказаўшыся на выставе з другога боку аб’ектыва, распавядае, што ідэя прыйшла ад пэўнай перагрузкі. Праз дзесяць год у фотажурналістыцы прыйшло разуменне стомленасці ад “занадта” жывых людзей перад аб’ектывам. Іх плынь навяла на думкі аб адсутнасці сапраўднага жыцця, аб метафарах смерці.

“Хацелася менавіта праз арт-праект пра жыццё высотак паказаць, што людзі дабравольна хароняць сябе і нават упрыгожваюць свае дамы штучнымі кветкамі, як магілы”.

Перапляценні жывога і памерлага Аляксандр перадае праз “шматслойнасць” выяваў на здымках. Твары людзей з надмагілляў праступаюць у яго фотаздымках праз выявы напаўразбураных пабудоваў.

Запытаць пра адчуванні ад выставы мы вырашылі ў тых, што і сам шмат часу праводзіць з фотакамерай у руках.

Ігар Рэмзік

Ігар Рэмзік, фатограф-фрылансер, адзначыў наяўнясць невідавочных, прыхавных сэнсаў у фотаздымках:

“Выстава атрымалася незвычайная. Не кожны адразу зразумее, што на выявах. Каб раскрыць сэнс, зразумець больш глыбока, варта, як і казаў Саша, спачатку пачытаць. Цікавы пагляд, прапанова убачыць метафару ў звычайных рэчах. Тых самых штучных кветках, напрыклад. Але мне асабіста пакуль больш цікавыя жывыя людзі”.

Наста Яроцкая

Наста Яроцкая, журналіст-фрылансер:

“На вуліцы вясна і настрой таксама вясновы. А тут – нібы патрапіла ў іншы свет. Прачытала анатацыю і стала сумна. Адразу пытанне ўзнікла – і што з гэтым рабіць? Цікава, ці аўтар мае адказа на гэта пытанне… Усе думкі пераблыталіся, адчуваю унутраны супраціў, адмову прыняць прапанаваную карціну свету. Але, з іншага боку – мастацтва не павінна заўжды падабацца. Яно абавязана вызываць эмоцыі”.

Сяргей Саковіч

Сяргей Саковіч, фатограф-анімаліст:

“Цікавая і арыгінальная выстава. Гляджу – і ўзнікае ўражанне змрочнасці, але пры тым і глыбокай філасофіі. Я сам ніколі не задумваўся, што надмагіллі могуць расказваць з такой глыбінёй. Гэта насамрэч уражвае”.

Кася Лаўдацкая

Кася Лаўдацкая, журналістка, фатографка:

“Тое, што Аляксандр закранае тэму смерці, паказвае яе абязлічаны вобраз, прымушае кожнага задумацца, што нас чакае і нагадвае, што трэба цаніць жыццё і тых, хто побач. Калі ж казаць пра эстэтычны бок, то выявы падобныя да сну – няпэўныя блікі, няясныя твары, размытасць. Адсутнасць літаральнасці зацягвае, вобразы партабуюць заглыблення – тады ўсплывае сэнс, какоры наўпрост можа здавацца нябачным”.

Алесь Дзянісаў

Алесь Дзянісаў, музыка, відэа-аператар:

“Саша даўно робіць класныя рэчы і праз тое  ідзе да сваёй вядомасці. Гэта не першая яго выстава, каторую наведваю, і – заўжды ўражвае прафесіяналізм. У “Цішыні паверхаў” ёсць накалькі прац, што мне страшэнна падабаюцца. Але расказваць словамі пра выявы – пустое. Лепш усіх запрашу наведаць выставу і пабачыць на ўласныя вочы”.

Інга Сакута

Інга Сакута, фатографка, журналістка:

“Выстава вельмі падабаецца, увогуле люблю калі фатограф працуе не як “пад капірку”, а робіць свае мастацкія праекты. Сашу ведаю даўно, а яго працы ведала і пазнавала нават да асабісага знаёмства.  Зараз цешуся,  што ён не абмяжоўвае сябе толькі журналістскай, дакументальнай  фатаграфіяй,  а можа  рэалізаваць сябе як фотамастак. Вельмі класна і адпавядае Сашаваму стылю. Ён заўжды ўмее ўбачыць нешта глыбокае і перадаць эмоцыі праз дэталі. Хтосьці можа паказаць жыццё праз эмоцыі, а Саша ўмее перадаць жывыя эмоцыі нават праз нежывыя прадметы”.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: