Сярод бязвізавых турыстаў, якія наведалі Гродна ў першыя красавіцкія выходныя, былі два датчаніна Томас і Ёнс. У Гродне яны наведалі футбольны матч ды зацанілі беларускае піва, якое, на іх думку, можа быць нават лепшым за іх айчынны Carlsberg.

Сябры запланавалi паездку яшчэ ў студзені, калі даведалiся пра магчымасць наведаць горад без візы.

«Для нас гэта было вельмі цікава — прыехаць у краіну, у якой ніколі не былi. А пра гэту магчымасць даведаліся ў адным з турыстычных клубаў, — кажа Ёнс. — Нам было цікава, што ж сабой уяўляе Беларусь. Гэта краіна, пра якую нешта чулі, але недастаткова шмат, каб мець уяўленне».

Йонс і Томас на шляху ў Гродна. Горад Каўнас.
Ёнс і Томас на шляху ў Гродна. Каўнас, Літва

Паездка ў Гродна абышлася ў 100 еўра

Мужчыны выбралі бюджэтны варыянт паездкі: з Капенгагена да Каўнаса дабіраліся самалётам, а адтуль прамым аўтобусам да Гродна. Выходныя ў Гродне і Літве каштавалі каля 100 еўра на чалавека. У суму ўвайшлі пералёты, гасцініца ў Каўнасе на адну ноч, аўтобус да Гродна, кватэру на дзве ночы тут і аўтобус назад у Каўнас. А яшчэ квіткі на баскетбол у Літве.

«Таксама мы трапілі на футбол з удзелам «Нёмана». Мы самі - ультрас капенгагенскага футбольнага клуба BK FREM. Раней гэта быў вялікі клуб, зараз ён маленкi, гуляе ў другім дацкім дывізіёне.

У Гродне нас здзівіў бясплатны ўваход на матч і мноства людзей на ім. Мяркуючы па матчы «Нёман» — «Славія», узровень футбола ў дацкай лізе крыху вышэй, але не нашмат. Атмасфера на стадыёне была выдатнай — асабліва там, дзе ультрас. Яны далі добрую падтрымку командзе, у іх выдатныя песні і чанты. Я паспрабую вывучыць іх у наступны раз", — дадаў Ёнс.

Йонс у гродзенскім парку
Ёнс у гродзенскім парку

«Сакрэтны» горад

Паездка ў невядомую краіну мужчын не пужала. Напрыклад, для Ёнса Беларусь стала 51-й краінай, дзе ён пабываў. Невялікія хваляванні былі толькі на мяжы, бо яны да апошняга не былі ўпэўненыя, ці пусцяць іх. Але ўсё прайшло ўдала.

«Гродна нам запомніўся як вельмі прыгожы і спакойны горад з выдатнымі краявідамі і славутасцямі, у асноўным храмамі, і вельмі прыязным еўрапейскім пачуццём, — кажа Томас. — Усе, каго мы сустракалі, былі вельмі ветлівыя, яны дапамагалі нам ва ўсім, нават нягледзячы на тое, што мы не заўсёды гаворым на адной мове. Мы былі здзіўлены, выявіўшы такі вялікі горад, які быў настолькі „сакрэтны“ для нас».

Томас каля малюнка Витаўта ў адным са спальных раёнаў горада
Томас каля малюнка Вітаўта ў адным са спальных раёнаў горада

«Беларусь не такая, як пра яе думаюць замежнікі»

Пра бязвізавы рэжым у Беларусі ведаюць у Даніі нямногія. Пасля вяртання дадому Томас і Ёнс плануюць распавядаць сябрам, сваякам і знаёмым пра гэту магчымасць пабываць у незвычайным месцы.

«Гэта рэальна класнае месца. Людзі з Даніі зрэдку наведвалі Расiю, Украіну і Беларусь, бо было цяжка туды патрапіць. Прасцей з’ездзіць у Эстонію, Латвію і Літву. Цяпер жа нашы людзі могуць наведаць на адну краіну больш. Магчыма, наступны раз з Томасам мы прыедзем у Мінск ці Брэст, бо паездка ў Гродна ў нас выйшла бюджэтная. Але галоўнае, што мы пазнаёміліся з Беларуссю, і яна на самай справе не такая, як пра яе думаюць многія замежнікі», — дадаў Томас.

«Лідскае» спадабалася больш, чым «Carlsberg»

У Гродне датчане стараліся шмат грошай не траціць. Хадзілі за ежай у супермаркет, гатавалі на здымнай кватэры. Куплялі звычайныя прадукты: салат, мяса, хлеб. Таксама куплялі недарагія сувеніры.

«Мы выбіраем бюджэтны варыянт паездкі. Гарэлку не пілі, а вось піва і шампанскае «Савецкае» паспрабавалі - нам спадабалася. Усюды, дзе мы падарожнічаем, п’ем мясцовае піва. У Беларусі гэта «Лідскае». Здаецца, беларускае піва мне спадабалася больш, чым наш «Carlsberg», — сказаў Ёнс.

У канцы сваёй паездкі мужчыны далі некалькі парадаў, як папулярызаваць бязвізавы Гродна для замежнікаў:

— больш інфармацыі на англійскай і іншых замежных мовах у інтэрнэце,
— больш месц з wi-fi у горадзе,
— больш лёгкі і танны спопособ перасячэння мяжы