Ці гулялі вы ў маджонг? У Гродне адбываецца міжнародны турнір

Два дні, 23-24 лютага, у цэнтры Гродна адбываецца Еўрапейскі турнір па маджонгу. Ён сабраў 44 удзельнікі з 4 краін. Арганізатары – Беларуская асацыяцыя маджонгу і гродзенскі клуб Suiken.

Гэтак званы еўрапейскі маджонг – адна з варыяцый правіл. Гульня японская, вельмі папулярная не толькі ў Японіі і Кітаі, але ў свеце. У Амерыцы гуляюць паводле сваіх правілаў, у Японіі – паводле сваіх, у Кітаі – сваіх. Турнір па рыічы-маджонгу, які цяпер праходзіць – першы ў Беларусі акрэдытаваны турнір, згодна з рэгламентам Еўрапейскай асацыяцыяй маджонгу. Да таго ў нас ладзілі толькі нацыянальныя турніры.

Турнір у Гродне складаецца з 8 ханчанаў (гульняў). Працягласць кожнага ханчана 90 хвілін. Падчас турніру рэйтынг каманд абнаўлецца ў прамым эфіры, апошні ханчан – выключэнне, канчатковыя вынікі абвесцяць пасля цырымоніі закрыцця і ўзнагароджання.

Краіны-ўдзельніцы – Беларусь, Украіна, Польшча, Расія. За польскую каманду таксама гуляе адзін японец, які жыве ў Польшчы.

Павел Верабей, адзін з арганізатараў, тлумачыць, што маджонг – гэта ўжо від спорту, бо гэта больш складаны варыянт настольнай гульні, чым покер, даміно ці звычайныя шахматы. Адпаведна, на турніры гуляюць па спартовых правілах, у спартовую версію.

“У Гродне гульцоў вельмі шмат, больш, чым ва ўсёй Беларусі. Ёсць клуб у Мінску, у Брэсце, ёсць рабяты, якія гуляюць у Гомелі, і гродзенскі клуб”. На турнір прыехалі прадстаўнікі гэтых клубаў. З Украіны гульцы прыехалі з Дняпра, з Адэсы, з Расіі – з Масквы, Польшчу прадстаўляюць каманды з Варшавы, Катавіцы, Познані.”

“Мы хочам, каб гэта было папулярна ў Беларусі! У Гродне гуляем гады тры-чатыры, ездзім на еўрапейскія чэмпіянаты. Сёлета паедзем на чэмпіянат Еўропы. За кошт таго, што шмат і актыўна гулялі, атрымалі магчымасць афіцыйна выправіць двух гульцоў на чэмпіянат Еўропы, у Галандыю”.

За кошт мяжы ўдзельнікам няпроста было прыехаць у Беларусь, у Еўропе жа гульцы часта ездзяць па турнірах, для ўдзелу ім патрэбна толькі загадзя зарэгістравацца ў адпаведнасці з календаром турніраў. Расіянам цяжка прыехаць да нас за кошт адлегласці, еўрапейцам – за кошт мяжы. Калі арганізатары абіралі, дзе праводзіць турнір – у Гродне або ў Мінску, спыніліся на Гродне, бо тут ёсць магчымасць запрасіць шмат еўрапейцаў па “бязвізу”.

Гродзенскі клуб Suiken збіраецца кожны тыдзень, каб пагуляць у разнавіднасць маджонг – рыічы-маджонг.

Даведка

Маджонг – усходняя гульня на чацвярых гульцоў з выкарыстаннем спецыяльных гульнёвых касцей, якія нагадваюць косткі даміно. Яна патрабуе ад гульцоў такіх якасцяў, як памяць, назіральнасць і здольнасць аналізаваць.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: