Надпіс “Кель петух” добра памятаюць гродзенцы старэйшага пакалення. Гэтыя два словы і малюнак-піктаграмка ў выглядзе схематычна выяўленага пеўня сустракаліся на сценах, плотах і сметніцах па ўсім горадзе. Яны сталі своеасаблівым сімвалам горада 90-х. Кім жа быў гэты таямнічы Кель? Здаецца, канал Hrodna 11:27 знайшоў адказ.
Надпісы “Кель петух” пачалі з’яўляцца ў розных месцах Гродна прыкладна ў 1992-1993 гадах. Асабліва шмат такіх надпісаў было ў ваколіцах сельгасінстытута – сённяшняга Аграрнага ўніверсітэта. Пры гэтым часам было напісана “Кель”, а часам “Кёль”.

Даведацца, кім жа быў гэты чалавек і як правільна пішацца яго прозвішча або мянушка, у рэдакцыі Hrodna 11:27 спачатку не атрымалася. Адзінай версіяй, але нічым не падмацаванай, было тое, што гэта быў нехта з вулічных банд 90-х, пры гэтым не вельмі аўтарытэтны, і што ён зганьбіўся нейкім учынкам. І тут на дапамогу прыйшлі каментатары на YouTube. Дзякуючы ім удалося ўзнавіць гісторыю гэтага чалавека.
Асноўная версія: Кель быў ахвярай булінгу ва ўніверсітэце
Аказалася, што легенду Гродна 90-х завуць Віталь Кель (праз “е”, а не праз “ё”), ён жыве ў раёне вуліцы Шчорса, яму зараз каля 50 гадоў. У 1991 годзе, пасля заканчэння школы, Віталь паступіў у сельскагаспадарчы інстытут на зоаінжынерны факультэт, дзе вучыўся да 1995 года. Разам з ім вучыліся два хлопцы, якія неўзабаве пачалі цкаваць Келя. Паспяховасць у навучанні ў іх была не самай высокай, затое энергіі хапала. Спачатку яны пачалі крычаць на лекцыях і не вуліцы “Кель петух”, а потым пачалі пісаць гэтыя словы на дошцы і на партах ва ўніверсітэце. Далей яны пачалі змяшчаць надпіс на плотах па дарозе ва ўніверсітэт.
“А потым гэта мабыць выйшла з-пад кантролю, моладзь палічыла гэта модным і пачала ўносіць свой унёсак у распаўсюджванне гэтых надпісаў”, – піша ў каментарыях на YouTube Аляксандр Калагрыў.
Гэтая версія тлумачыць, чаму менавіта ў ваколіцах інстытута надпіс “Кель петух” сустракаўся асабліва часта.

Аляксандр узгадвае, што Кель быў звычайным, крыху закамплексаваным хлопцам, якога проста выбралі ахвярай цкавання “два доўбня, імёны і прозвішчы якіх ужо і не ўзгадаць праз 30 гадоў”. “Я ведаю адно, яны мелі непрыемнасці ў інстытуце з-за гэтага, іх ледзь не выгналі ў канцы першага курса ці на другім”, – успамінае Аляксандр.
Глядзі таксама: Дзясяткі відэа па гісторыі Гродна на YouTube
Альтэрнатыўныя версіі паходжання надпісу “Кель петух”
Зусім іншую версію расказвае карыстальнік пад нікам Александр-ш4к2ч.
“Кель сапраўды вучыўся ў сельгасінстытуце. Але толькі ніхто яго не троліў. Ён стварыў банду і рэкетаваў кіёскі са снікерсамі. У асноўным у раёне чыгуначнага. А ўсе надпісы рабіліся пад ягоным кіраўніцтвам, каб запалохаць уласнікаў ларкоў. Галоўным памочнікам Келя быў аўтарытэт па мянушцы Шура-фарц”.
“А я чуў, быццам Кёль быў зненавіджаным выкладчыкам аднаго з ПТУ – ці то 141-га ці 127-га. Але гэта таксама нешта з легенд”, – напісаў яшчэ адзін глядач YouTube.
Якой бы ні была праўда, прозвішча Кель увайшло ў гісторыю Гродна цікавай эпохі – 90-х гадоў, калі беднасць суіснавала з надзеямі на будучыню, гродзенцы стваралі бізнесы і адкрываліся для сябе замежжа, а Беларусь шукала свайго месца ў свеце, які раптоўна змяніўся. Больш цікавых гісторый пра Гродна шукайце на канале Hrodna 11:27.



