Петыцыя аб ушанаванні памяці Боны Сфорцы ў Гродне з’явілася ў сеціве 8 чэрвеня. Яе стварылі блогер Яўген Аснарэўскі і журналістка Ірына Новік. Меркаваннем аўтараў, шматлікія заслугі каралевы і вялікай княгіні вартыя ўшанавання ў Гродне, які часта называюць каралеўскім горадам. Падпісаць петыцыю можна да 22 чэрвеня. Пасля дакумент будзе скіраваны для разгляду ў Гродзенскі гарвыканкам.

Вернем Бону Сфорца ў Гродна!

«Пры Боне Сфорцы ў горадзе брукавалі вуліцы, наладжвалі вадаправод, чысцілі калодзеж. Яна ж клапацілася аб спраўнасці гарадскога гадзіннiка ды займалася рамонтам Фары Вітаўта. Менавіта дзякуючы каралеве і вялікай княгіні Боне Сфорца Гродна атрымаў герб — мяркуецца, што гэта быў той самы алень Святога Губерта, якім горад карыстаецца і зараз. І паловы гэтых заслуг дастаткова для таго, каб паставіць каралеве помнік. А яна ж яшчэ і пабудавала касцёл і кляштар Святога Духа, які служыў бальніцай ды прытулкам для беднякоў, — кажа Яўген Аснарэўскі. —  Дарэчы, будынак манастыра захаваўся, хоць пра яго мала хто ведае».

«Гісторыя захавала вельмі мала жаночых імёнаў. Звычайна жанчыны заставаліся ў цені мужчынаў, якія вяршылі лёсы свету. Трэба было стаць насамрэч выбітнай асобай і дзяячкай, каб пакінуць след у гісторыі. З помнікамі, гарадскімі скульптурамі ды іншымі знакамі пашаны знакавым жаночым асобам — тая ж сітуацыя. Адзіная жанчына, уганараваная ў цэнтральнай частцы Гродна — Эліза Ажэшка. Постаць яшчэ адной выбітнай асобы, Боны Сфорца, стала б не толькі ўпрыгожаннем горада, але і палепшыла б бачнасць ролі жанчын у гісторыі», — адзначае Ірына Новік.

Меркаваннем Яўгена Аснарэўскага, заслугі Боны перад Гродна цалкам параўнальныя з заслугамі Баторыя.

«Пры гэтым імя Баторыя ўсё-такі неяк увекавечана ў горадзе, хоць гэтага i недастаткова, а вось iмя каралевы Боны — не. І мы хочам прыцягнуць да гэтага факта ўвагу і па магчымасці выправіць такую несправядлівасць».

Падпісаць петыцыю можна да 22 чэрвеня, пасля чаго яна будзе накіравана на разгляд у Гродзенскі гарвыканкам.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life