Фронтмэн гурта Dzieciuki, гродзенскі музыка Алесь Дзянісаў стаў новым героем відэападкаста “Калякі-малякі”. Трэці выпуск апублікаваў яго аўтар і вядучы, гродзенскі мастак Яраслаў Кірвель. Пра што расказаў музыка і што гэта наогул за падкаст?

Размову Яраслаў апублікаваў на сваім YouTube канале Yar Vel. Гэта ўжо трэці выпуск перадачы, у межах якой мастак размаўляе з героем і паралельна малюе яго партрэт. Раней Яраслаў запрашаў у сваю праграму Мікіту Мелказёрава і Лявона Вольскага. У каментарыях гледачы пішуць, што выпуск з Дзянісавым атрымаўся пакуль што найлепшым.
Спачатку TLP супраць HMR, потым рэйверы супраць гранжаў
У 1980-х гадах у Гродне былі дзве асноўныя музычныя субкультуры — TLP і HMR. Першыя слухалі польскі рок, другія — хэві-метал.
“У сваім дзяцінстве я не застаў “класіку жанра”. У пятым, шостым, сёмым класе ў нас былі TLP-істы — яны слухалі польскі рок, былі HMR-ы — яны слухалі метал. Я быў металістам”, — узгадвае Дзянісаў. Сёння ён лічыць той падзел хутчэй штучным.
У 1990-х у Гродне быў ужо іншы падзел: на рэйвераў і гранжаў. Першыя слухалі The Prodigy, другі — Nirvana.
“Паміж імі была нейкая нелюбоў і канфлікты, — узгадаў Дзянісаў. — Я ўвесь час спрабаваў патлумачыць, што і The Prodigy, і Nirvana – панк. Проста розныя адгалінаванні стылю”.

“Магчыма, я быў першым “Вожыкам” у Гародні”
Алесь Дзянісаў расказаў у размове і пра свае мянушкі: і тыя, што былі ў дзяцінстве, і тыя, што з’явіліся ў час працы настаўнікам у школе.
“Я быў у трэцім класе, напэўна, і старэйшыя зацягнулі на канцэрт Lady Pank праз нейкі чорны ўваход. І я ўпершыню патрапіў на рок-канцэрт. Я тады ўзяў лак для валасоў “Прелесть” і ўвесь балончык выліў сабе на валасы, зрабіў такі “выбух”. Выйшаў і старшыя сказалі: “О, Вожык!””, — распавёў Дзянісаў. З яго словаў, мянушак “ежик” або “еж” — на рускай мове — было ў Гродне шмат. А вось “вожыкаў” — па-беларуску — не было. Алесь мяркуе, што мог быць нават першым.

Чытайце таксама: «Светофор», «Вожык» і «Мутный глаз». Алесь Дзянісаў – пра мянушкі ў Гродне
У вёсцы Дзянісава называлі “Шурык гітарыст”. Калі ён працаваў у школе настаўнікам гісторыі, навучэнцы далі яму мянушку “Міхалыч”. “Мне вельмі прыемна, што дзеці не выдумалі нешта больш абразлівае”, — сказаў музыка.
Як панкі пераўтвараліся ў “нацыкаў”
“Панк — свабода, магчымасць рабіць тое, што ты хочаш. Пры гэтым не парушаючы межы людзей, якім ты не хочаш [іх] парушаць”, — лічыць Дзянісаў. Але пры гэтым панк можа парушаць твае межы, “калі ты мент ці агрэсіўны нацык”, тлумачыць Дзянісаў.
У канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў тыя, хто лічыў сябе панкам, былі адначасова і анархістамі, узгадвае Дзянісаў. У гэтым, на яго думку, заслуга лідара гурта Deviation Стаса Пачобута.
“Ворагі нас знаходзілі самі. Спачатку гэта былі гопнікі, потым гэта былі нацыкі. Нацыкі з’явіліся з першымі хвалямі панк-рока ў канцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў. Першыя “нацы” ў Гародні выйшлі з панкаў, якія былі не таленавітыя і самыя агрэсіўныя”.
На думку музыкі, гэта былі асобы, якія не рэалізаваліся ў музычным і мастацкім плане і пачалі рэалізоўваць сябе ў агрэсіі.

Чытайце таксама: Ад пост-панка да нойза: музыка з Гродна, за якой варта сачыць
“Калі застаецца гумар, то ёсць нейкая надзея”
У сакавіку 2021 года, калі Дзянісаў ведаў, што перад Днём Волі яго шукаюць супрацоўнікі органаў, ён з’ехаў у вёску Прывалка да свайго настаўніка Генадзя Семенчука. А калі вярнуўся ў Гродна, то сам пайшоў у Дэпартамент фінансавых расследаванняў.
“[Супрацоўнікі органаў] усім аддзелам смяяліся, маўляў, вы, Аляксандр Міхалыч, на радзіме Церцеля [Іван Церцель – кіраўнік КДБ Беларусі] хаваліся”, – узгадвае той эпізод Дзянісаў. Таму ён лічыць, што “калі застаецца гумар, то ёсць нейкая надзея, што нешта там, у нейкім накірунку, у бок дабра зменіцца”.
Як з’явіўся відэападкаст “Калякі-малякі”
Ідэю запісваць свой падкаст з відэа Яраслаў прыдумаў восенню 2022 года, калі вучыўся ў анлайн-школе відэаблогераў. Тады ён стварыў YouTube канал і здымаў Yar-влогі “пра жыццё маладога мастака”.
“У першым выпуску я маляваў Чын-чынаў [героі праекта ЧынЧынЧэнэл – Міхась Зуй і Дзмітрый Есеневіч – Hrodna.life], ездзіў у Гданьск, у Кракаў. Потым гэта закінуў. Бо сэсія, а на мантаж 10-хвіліннага відоса сыходзіў цэлы дзень, — расказаў Яраслаў Кірвель у размове з Hrodna.life. — Але ў мяне была ідэя, падгледжаная ў YouTube, што мастакі запрашаюць мастакоў, размаўляюць і часам адзін аднаго малююць”.
Яраслаў зразумеў, што фактычна ён займаецца тым жа самым, калі прыходзіць маляваць вядомых беларусаў, толькі не на камеру. “Праз тое, што я ўжо меў YouTube канал, які часова не вёў, прыдумаў гэты падкаст”.

“Калі вы будзеце маляваць мяне, я буду маляваць вас”
“Яшчэ адным штуршком стала тое, што год таму я напісаў Вольскаму з прапановай яго намаляваць. Яму гэта было цікава. […] Неяк у грымёрцы ён агучыў, што “калі вы будзеце маляваць мяне, я буду маляваць вас”. Тады Яраслаў канчаткова вырашыў запісваць відэападкаст.
Чытайце таксама: «Ёсць пагорак, з якога бачна Брэст». Гродзенскі мастак-эмігрант паехаў у Цярэспаль, каб намаляваць Беларусь — і зрабіў выставу
Назву “Калякі-малякі” ён прыдумаў спантанна. “Я хацеў непафасную назву, якая прышпільная, якая пасуе да падкаста. Бо гэта нефармальная гутарка. Я не маю адукацыі журналіста, я – мастак, — сказаў Яраслаў. — Сумленне не дазваляе сказаць мне, што гэта інтэрв’ю”.
У Гродне Яраслаў вучыўся ў Гродзенскім каледжы мастацтваў. У лютым 2022 года ён з’ехаў з Беларусі, бо пераймаўся, што з пачаткам вайны Расіі супраць Украіны ў Беларусі могуць абвесціць мабілізацыю і ён патрапіць у войска. У Польшчы хлопец паступіў у Akademia Sztuk Pięknych w Warszawie (Варшаўская Акадэмія выяўленчага мастацтва).


