Гісторык Юрый Гардзееў вядомы перадусім як даследчык XVIII стагоддзя. Але летась ён апублікаваў артыкул пра моладзевыя субкультуры 1960−80 гадоў у Гродне. І зразумеў - тэму можна яшчэ доўга і глыбока даследаваць. Зараз Юрый збірае анкеты ад гродзенцаў, якія ў 1980-х актыўна цікавіліся рок-музыкай. Hrodna.life пагутарыў з гісторыкам пра феномен захаплення польскай музыкай у Гродне часоў Перабудовы і пра тое, навошта гэта даследаваць.

Калі вы ў 1980-х жылі ў Гродне або ваколіцах і цікавіліся замежнай папулярнай ці рок-музыкай — паўдзельнічайце ў даследаванні Юрыя Гардзеева і запоўніце анкету. Дзякуй!

Адметнасцю Гродна ў 1980-я была музычная субкультура TLP. Гэта скарот ад «Telewizyjna Lista Przebojów» — музычнай перадачы на польскім тэлебачанні, якое свабодна можна было глядзець у Гродне эпохі Перабудовы. Хоць захапленне польскай рок-музыкай было ў той час масавым, яно дагэтуль не дачакалася сур’ёзнага даследавання. Можна ўзгадаць хіба што невялікі дакументальны фільм, які пра хвалю польскага року ў Гродне зняў Ігар Банцар. Але гэтая стужка шырокаму колу гледачоў наогул недаступная. Гісторыкі гэтай тэмай пакуль не займаліся.

Пры гэтым субкультура не абмяжоўвалася толькі Гроднам. Польскую музыку маглі слухаць так далёка, як далёка ўглыб Беларусі «цягнула» польскае тэлебачанне. Напрыклад, лідар гурта «Крама» Ігар Варашкевіч у адным з інтэрв'ю адзначаў, што ў Баранавічах слухаў польскі рок.

Telewizyjna Lista Przebojów (TLP) — хіт-парад, які паказвалі па польскім тэлебачанні ў 1982−1987 гг. Хіт-парад таксама праводзіўся на Трэцім канале Польскага радыё пачынаючы з 1982 г. Гэтая праграма як правіла ішла ў пятніцу ўвечары. Праблем з трансляцыяй перадач польскіх тэлевізійных і радыёканалаў у Гродне не існавала.

На відэа: Гурт Lady Pank — адзін з самых знакамітых рок-гуртоў Польшчы 1980-х — на фестывалі ў Сопаце ў 1988 годзе выконвае свой вялікі хіт «Mniej niż zero»

Чаму гэтую субкультуру не пачалі даследаваць раней?

«Гадоў 30 таму беларуская незалежная постсавецкая гістарыяграфія рабіла самастойныя крокі. Гісторыкі ўзяліся за вывучэнне розных „белых плям“. Гэта і этнагенез, і пачаткі дзяржаўнасці, і савецкія рэпрэсіі. Усіх тэмаў не пералічыш», — кажа Гардзееў.

Юрый лічыць, што ў 90-я гады не было выразнага ўсведамлення каштоўнасці рэгіянальных даследаванняў. Што ўжо казаць пра такую вузкую тэму, як музычныя захапленні моладзі ў адным горадзе. Да таго ж, даследаванне не можа быць проста пералікам папулярных тады гуртоў і стыляў. Пытанне больш грунтоўнае: чаму людзі слухалі менавіта гэтую музыку?

«Я займаюся вывучэннем гісторыі і культуры горада, таму мяне зацікавіла не столькі сама музыка, колькі гістарычны аспект музычнага жыцця грамадства», — кажа Юрый.

Тэму моладзевай субкультуры 60−70-х гадоў, бітламаніі, хіпі ў горадзе закраналі раней гісторык Алег Дзярновіч і краязнаўца Віктар Саяпін. Тэксты апошняга прасякнуты аўтабіяграфізмам і асабістымі успамінамі. У гэтым іх каштоўнасць. А вось даследаваць успрыманне музыкі гродзенцамі ў 80-я гады пачалі нядаўна. У 2018 годзе беластоцкая даследчыца Яанна Садоўская прысвяціла гэтаму пытанню навуковы артыкул, які абапіраецца на ўспамінах TLPістаў.

«Магчыма, для гісторыкаў - гэта занадта блізкі час, каб яго вывучаць, — разважае Юрый Гардзееў. — Матэрыялы „не адляжаліся“. Палітолаг ці сацыёлаг больш канцэнтруецца на бягучых падзеях, якія ўсё яшчэ адбываюцца. А гісторык займаецца завершанымі здарэннямі».

Музыка пратэсту і нязгоды

Сёння прыходзіцца шукаць і апытваць тых, хто захапляўся польскай музыкай 30−40 гадоў таму. Многае забылася, многае не так проста праверыць Калі б сацыёлагі маглі правесці падобныя даследаванні ў 1980-я гады, нашы веды пра тыя падзеі былі б больш грунтоўнымі, лічыць Гардзееў.

студыя гуказапісу ў Гродне
Студыя гуказапісу ў Гродне ў 1980-х. Фота з калекцыі Юрыя Шаптуна

Пры гэтым у суседняй Польшчы феномен рок-музыкі 80-х вывучаюць даволі актыўна. Справа ў тым, што бум польскага року супаў з ваенным становішчам, уведзеным камуністычнымі ўладамі Польшчы ў 1981 г. Таму рок быў музыкай пратэсту і нязгоды, сваеасаблівым выклікам палітычнаму крызісу. «Што парадаксальна, менавіта дзяржава і папулярызавала пратэстную музыку, таму што існвавала запатрабаванне на рок. Ён фактычна быў мэйнстрымам, а не афіцыйная музычная сцэна», — лічыць Гардзееў.

Фанатаў польскага року можна было сустрэць паўсюль

Рух TLP не з’явіўся ў Гродне ў адзін момант з ніадкуль. Яшчэ ў 1960−70-х у Гродне былі папулярныя польскія выканаўцы: Чэслаў Немэн, Ірэна Сантар, Севярын Краеўскі, Збігнеў Вадэцкі, гурты Czerwone Gitary, Alibabki, Skaldowie, Partita, Trubadurzy. Гэта быў грунт, на якім развівалася зацікаўленасць да польскай папулярнай музыкі.

Уласна TLP пачаўся недзе ў першай палове 1980-х, а вось ці скончыўся наогул — гэта пытанне. «Для прыхільнікаў гэта прыгода на ўсё жыццё. TLP ніколі не скончылася. Мабыць, фаны надалей слухаюць польскіх выканаўцаў», — кажа даследчык. Самыя папулярныя польскія гурты тых часоў: Lady Pank, Lombard, Oddział Zamknięty, Perfekt, Kombi, Republika. Але былі і іншыя: кожны фанат мог бы дапоўніць спіс нечым, што падабалася асабіста яму.

Гардзееў узгадвае, што фанатаў польскага року можна было сустрэць паўсюль, дзе збіралася моладзь: у школах, тэхнікумах, універсітэце і іншых ВНУ. З пункту гледжання даследчыка, важна, што рух не быў структураваны. Інакш кажучы, у яго не было лідараў, а фанаў музыкі аб’ядноўвалі супольныя каштоўнасці. «Маладыя асобы, якія не слухалі англамоўную музыку ці польскі рок, у тагачасным Гродне былі рэдкасцю», — кажа Юрый.

Слухалі не толькі палякі

Польскую музыку ў Гродне 1980-х слухала далёка не толькі моладзь польскага паходжання, якая адчувала нейкую прыналежнасць да польскай культуры і ў чыіх сем’ях захоўваліся польскія традыцыі. Атаесамляць музычныя прыхільнасці з нацыянальнай свядомасцю — занадта спрошчаны пункт гледжання, лічыць Гардзееў. «Такога падзелу адназначна не было. Нацыянальнасць і сямейнае выхаванне не мелі значэння», — кажа гісторык.

Нейкага адмысловага месца, дзе тусаваліся TLPшнікі, у Гродне не было. Музыку слухалі пад пад’ездамі, у дварах дамоў, у сяброў. Песні Lady Pank гучалі на школьных дыскатэках. Пры гэтым у горадзе існавалі асобныя раёны, у якіх польская музыка была вельмі папулярнай: цэнтр, занёманская частка (раён школ № 3, 12), школа № 18 на Пушкіна, частка вуліцы Дамброўскага і Фартоў.

Гарадская прастора ў тыя гады была «полем бітвы» металістаў і TLPістаў. Выяўлялася гэта ў шматлікіх графіці, якія часам захаваліся яшчэ і да сёння. І калі для камунальнікаў гэта проста вандалізм, які трэба замаляваць, то для гісторыка — каштоўныя графічныя крыніцы.

Надпіс Lady Pank (назва папулярнай у 80-я польскай рок-групы) на сцяне ў Гродне. Да сёння такіх слядоў руху TLP амаль не захавалася ў гарадской прасторы
Надпіс Lady Pank (назва папулярнай у 80-я польскай рок-групы) на сцяне ў Гродне. Да сёння такіх слядоў руху TLP амаль не захавалася ў гарадской прасторы

Але значэнне і сур’ёзнасць «ідэайнага канфлікту» паміж аматарамі металу, TLP, new wave ці іншых тагчасных плыняў Гардзееў не хоча перабольшваць. «Канечне, былі зацятыя фаны металу ці TLPісты, паміж якімі даходзіла да канфліктаў. Але спрашчаць агульную карціну не варта. Не думаю, што фаны AC/DC ці Scorpions не адмаўлялі сабе ў прыемнасці слухаць Lady Pank ці The Police».

Сэнс твораў быў прыхаваны паміж радкоў

Стаўленне ўладаў да рок-музыкі ў тыя часы было адмоўным. Музычныя захапленні моладзі проста не ўпісваліся ў ідэалагічныя рамкі савецкай дзяржавы. З тагачасных партыйных і камсамольскіх дакументаў вынікае, што ўлады былі занепакоены ўплывамі заходняй культуры, чаму, на іх думку, спрыялі перадачы польскага тэлебачання ці турыстычны абмен з Польшчай.

Хваляванне камуністаў не павінна дзівіць: захапленне проста крутой музыкай магло лёгка ператварыцца ў больш светапоглядавыя змены, а эстэтычныя густы сапраўды маглі фармаваць сістэму каштоўнасцяў.

Гурт Lombard на сваё дзесяцігоддзе ў 1991-м выступае на буйным польскім фестывалі ў Аполі

«У Заходняй Еўропе рок асацыяваўся з моладзевым бунтам супраць кансерватыўнага грамадскага ладу, у краінах сацыялістычнага блока з’яўляўся антысістэмным пратэстным рухам, — кажа Гардзееў. — Тэксты песень польскіх выканаўцаў былі насычаны эзопавай мовай. Усяго нельга было казаць адкрыта. Сэнс твораў быў прыхаваны паміж радкоў, што і прыцягвала слухачоў».

Але неўзабаве, у 1990-х, наступілі часы радыкальных перамен гаспадарчага жыцця і палітычнага ладу Польшчы. «З гэтага часу польская рок-музыка перастае адыгрываць ролю пратэстнага фактара, яна больш камерцыялізуецца і ўпісваецца ў іншыя патрэбы грамадства», — кажа Гардзееў. Ці мела тая, ужо больш камерцыйная музыка, падобны ўплыў на гродзенцаў - тэма ўжо для зусім іншага даследавання.

Калі вы ў 1980-х жылі ў Гродне або ваколіцах і цікавіліся замежнай папулярнай ці рок-музыкай — паўдзельнічайце ў даследаванні Юрыя Гардзеева і запоўніце анкету. Дзякуй!