“Толькі тут дзяўчыне можна зрабіць камплімент “Ну ты монстр!”, а яна скажа “Дзякуй”, – каментуе чарговую гульню вядучы. У апошні дзень лета на адкрытай пляцоўцы кафэ “Веранда” 20 каманд гулялі ў настольны футбол на турніры “Grant’s Stand Together”. Пазмагацца было за што: стаць лепшай камандай Гродна, каб паехаць на рэспубліканскі турнір і выйграць там 1500 рублёў.
Прыйшлі нават футбалісты “Нёмана”
Сярод каманд, якія зарэгістраваліся, былі “Фанаты Реала”, “Манчестер”, “Grodno Ultras” і “ФК Неман” – каманда з двух футбалістаў мясцовага футбольнага клубу, Сяргея Курганскага і Яўгенія Савасцьянава. Астатнія быццам спаборнічалі ў арыгінальнасці назвы. На турніны выступілі “Припущенные овощи”, “Пара олимпийцев”, “Бонни и Клайд”, “Ущербная вобла”, “Bamper for 9ka” и “Борода”. Некаторыя каманды сфарміраваліся і зарэгістраваліся на гульню прама ў кафэ “Веранда”.
– Мэта турніру – зрабіць сустрэчы сяброў вясёлымі, а баўленне часу – цікавым. Кікер, на наш погляд, найлепш пасуе да платформы “Grant’s Stand Together”, бо ў яго гуляюць два сябра, якія падтрымліваюць адзін аднаго і ў проігрышы, і ў перамогах. Прыходзяць сябры, якія падтрымліваюць сваю каманду, – кажа адзін з арганізатараў Яўгеній Кудравец.
У Мінск паедзе “Искусственный интеллект”
Адначасова праходзілі дзве гульні. Калі падчас першых змаганняў было шмат перамог “усухую”, то пазней удзельнікі мужна змагаліся і часта заканчвалі гульню з лікам “5:4”. Сярод удзельнікаў было ўсяго некалькі дзяўчат і шмат мужчын. Тэмпераментныя ўдзельнікі бурна радаваліся перамогам…

…і перажывалі з-за няўдачаў.

Дзвумя лепшымі выявіліся каманды “Искусственный интеллект” і “Припущенные овощи”. Перамог у фінальным паядынку “Искусственный интеллект”. Менавіта гэтая каманда паедзе ў кастрычніку на Суперфінал у Мінск, дзе збяруцца пераможцы з абласных цэнтраў і пазмагаюцца за званне лепшай каманды Беларусі і 1500 рублёў.

Дзе ў Гродне пагуляць у настольны футбол?
– Конкурс рабіўся для аматараў, таму многія з каманд упершыню стаялі каля стала для гульні, але ў канцы групавога турніра было бачна, як пасы становяцца больш выразнымі, а ўдары больш дакладнымі. Перамаглі годныя ігракі. Не магу сказаць, што яны наймацнейшыя, напэўна, ім пашанцавала трошкі больш, – кажа Яўгеній Кудравец.
Пераможцы трэніраваліся… у сябе на працы, а ў горадзе раяць хадзіць гуляць у “Галактыку”.
– У перапынках граем на працы ў фірме “Specific group software development division”. Граем дзеля задавальнення. Рыхтавацца да Мінску не будзем. Мы ніколі не рыхтуемся, мы проста гуляем, – кажа адзін з пераможцаў Ігар.
На працы займаюцца настольным футболам і фіналісты, якія занялі другое месца.
– На 23 лютага нам купілі ў кампанію “Exposit” кікер. І пачынаючы з 23 лютага, не кожны дзень і з вялікімі перапынкамі, але пэўны час мы гралі. Хацелася б лепш, але супернікі былі вельмі моцныя, і я на іх не крыўджуся, – кажа Маша, адна з нешматлікіх дзяўчын на турніры.

Аўтограф ад сапраўдных футбалістаў
Сваімі ўражаннямі ад гульні падзяліліся і футбалісты ФК “Неман”, якія прыйшлі паўдзельнічаць у турніры і раздаць аўтографы.
– Паступіла прапанова ад прэс-аташэ клубу, нам стала цікава. Раней у настольны футбол гралі толькі на адпачынку, там дзе ён быў. А вы думалі, мы ва ўсе віды футбола павінны гуляць? – усміхаецца Яўгеній Савасцьянаў. – Цяжка сказаць, у які від футбола цяжэй гуляць, улічваючы, што вялікім футболам мы займаемся 15 гадоў. Думаю, калі б настольным займацца столькі часу, мы б сказалі, што і ў яго лёгка гуляць. Мы прайгралі першы свой паядынак, таму незадаволеныя вынікам. Але зараз зробім разбор гульні і ў наступнай абавязкова пераможам.

На ўваходзе ўдзельнікі атрымалівалі жэтон, які можна было абмяняць на кактэйль. Дарэчы, у дзень гульні кактэйлі былі па спецыяльных прыемных коштах, а закускі наогул бясплатна.
Гульня праходзіла ў два этапы: групавы і плэй-оф. Каманды шляхам лёсавання размеркаваліся па чатырох падгрупах. Дзве лепшыя каманды з кожнай падгрупы выйшлі ў плэй-оф, які складаўся з чвэрцьфіналу, паўфіналу і фінальнага матча. Такім чынам, з 20 каманд у чвэрцьфінал прайшлі 8. Гралі на турніры да пяці ачкоў, у групавым этапе – да адной перамогі, у плэй-оф – да дзвюх. Правілы гульні: не пракручваць футбалістаў на 360 градусаў, не ўзаемадзейнічаць са сталом і заўсёды пытацца апанентаў, ці гатовыя яны да гульні.






















