Віялета з Расіі, Луі з Камеруна, а Дэні з Канады. Усе яны ў канцы жніўня спыніліся ў Гродне ў хостэле «Kip Town». Кіраўнік хостэла запрасіў гасцей на хакейны матч з удзелам гродзенскага «Нёмана» і чэшскай «Каметы». Ніхто ад прапановы не адмовіўся.

Да матча госці хостэла адзін аднаго не ведалі, але агульны паход на знакавае спартовае мерапрыемства ўсіх іх аб’яднаў.

«Хацелася паказаць канадцу Дэні, што ў нас таксама ёсць хакей, ёсць еўрапейскі турнір, наш клуб чэмпіён Беларусі, а нашы фанаты самыя лепшыя, — распавядае супрацоўнік хостэла Мікалай. — Усё пачалося з Дэні, ён сказаў - я ж канадзец, вядома пайду. Луі з Камеруна сказаў, што таксама хоча паглядзець, што такое хакей, а Віялета з Расіі хоць і ведала, што гэта за спорт, але ніколі не была на матчах. Так мы ўсе разам і адправіліся на хакей».

Мікалай і турысты зрабілі банер са сцягамі краін, адкуль прыехалі турысты.


Турысты ад наведвання хакейнага матчу ў Гродне засталіся вельмі задаволеныя.

Дэні (Канада):

«Я з Манрэаля, дзе хакей на высокім узроўні, але ў Гродне мне вельмі спадабалася — усё прафесійна. У вас тут проста вар’яцкая падтрымка. Калі ў нас у Канадзе каманда выйграе, то ўсе вар’яцеюць, а ў вас увесь час такое. Гэта крута. Мне вельмі спадабалася, тут класная атмасфера, асабліва калі людзі крычаць і чутны барабан».

Луі (Камерун):

«Я першы раз на хакеі, мне вельмі спадабалася. Гродзенская каманда моцная і паказала годную гульню. Асабліва парадавала абарона. І атмасфера ў палацы вельмі і вельмі крутая».

Віялета (Расія):

«Хакей для мяне гэта новы вопыт, я ніколі не была на матчах. Атмасфера ў Гродне была шумная, я вось падумваю цяпер і ў родным Уладзівастоку схадзіць на матчы. У нас там каманда „Адмірал“ і мае сябры рэгулярна ходзяць на хатнія гульні, трэба да іх далучыцца».


Дзякуючы ўпэўненай гульні «Нёман» у Гродне абыграў чэшскую «Камету» з лікам 4:2.

Турысты, якія ўпершыню заўзелі за «Нёман», пасля матчу пайшлі адзначаць перамогу і гулялі па начным горадзе з добрым настроем. Раніцай у гасцей хостэла былі новыя планы, і кожны адправіўся сваім шляхам, але яркі матч у Гродне яны запомняць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life