«Хавайся ў бульбу» перастаў быць толькі брутальным байкерскім фэстам. Зараз гэта сямейнае свята, куды можна прыйсці нават з маленькімі дзецьмі. Добра гэта ці дрэнна, але на фестываль прыязджаюць удзельнікі не толькі з Гродна, але і з усіх гарадоў нашай краіны і нават замежжа.
Гэта ўжо чатырнаццаты байк-фестываль у Гродне. Сёлета «Хавайся ў бульбу» перанеслі ў часе і прасторы: фестываль стаў летнім і перабраўся ў «Дом рыбака». Арганізатары пастараліся прывабіць наведвальнікаў дэмакратычнымі коштамі (10 і 15 за першы і другі дзень, 20 — за два дні) і зручным даездам. З горада можна было дабрацца да месца назначэння на «фестывальнай» маршрутцы, якая каштавала 1,5 рублі.
На другі дзень па горадзе традыцыйна праедзе мотакалона. Выступяць гурты An Old Towns Dogzz, Вочы, Закон Гука, Pet Nihil, Дай Дорогу, Мастер.