Спадчына

Хапун пад знічкамі з Вінцуком Вячоркам. ТОП-5 беларусізмаў, капец як цяжкіх для перакладу на рускую

«Большасць людзей ужывае беларусізмы лёгка, нават таго не ўсведамляючы», — кажа Вінцук Вячорка. Беларускія словы такія ёмкія і натуральныя, што людзі нават не шукаюць расейскіх адпаведнікаў. «То чаго вы выкручваецеся? Гаварыце ўжо па-беларуску ўвесь час», — жартаваў аўтар кнігі «Не смяшыце мае прыназоўнікі» на сустрэчы ў Гродне 20 кастрычніка.

«Што гэта?» vs «Что это?»

  1. Шуфлядка — ці «выдвижной ящик стола»
  2. Знічка — ці «падающая звезда»
  3. Муляе — ці «жмёт и натирает»
  4. Жменя — ці «горсть»
  5. Клямка — ці «щеколда»

Апытанка на мінскіх вуліцах (і ў гродзенскай зале таксама) паказала, што «дабравольна» адмовіцца ад падобных словаў нават рускамоўнае сталічнае насельніцтва не гатова. Хаця і ўжываюць сакавітыя беларусізмы несвядома, часам думаючы, што гэта «исконно русские» словы.

Беларусы хаваюцца ў бульбу і ходзяць тудою

Невыкараняльныя і неперакладальныя беларусізмы і выразы кшталту «хавайся ў бульбу», паводле лінгвіста, больш расказваюць пра менталітэт народа, чым пра мову. Украінцы, напрыклад, хаваюцца ў кукурузу ці ў жыта. А загадкавую беларускую душу цягне да свайго.

«У бульбу немагчыма схавацца. Але яна штосці такое роднае, што ты да яе як бы прылепішся — і ўсе нармальна. Ніхто цябе не знойдзе».

Словы «тудою» і «сюдою» праз русіфікацыю выціснуты ў нас за межы «правільнай» і літаратурнай мовы. Але ўсё роўна яны існуюць у розных формах «тудэю, тудою, тудэма» ад Беластока да Смаленска.

«Гэта не тое самае што „туды“. Туды можна прайсці двума спосабамі - тудою альбо сюдою. А прыйдзеш усё роўна „туды“, да пастаўленай мэты. Гэта шлях, маршрут. Гэта настолькі выдатнае беларускае слова! Зараз яно загнана па-за межы літаратурнай мовы, хаця вы яго знойдзеце і ў Коласа, і ў Гарэцкага».

Цырк на дроце і хапун — з’явы і словы чыста беларускія

Паводле Вячоркі, у мовы суседзяў гэтыя выразы патрапілі значна пазней. «У нас „цырк на дроце“ ведаюць усе. Гэта ці проста нешта смешнае, ці сітуацыя, калі сур’ёзны чалавек альбо ўстанова кіруюцца нейкімі нелагічнымі рэчамі. Напрыклад, тэлефонным правам».

Перакласці на іншую мову слова «хапун» так, каб перадаць усе сэнсы, таксама задачка не з лёгкіх. Гэта беларускае слоўца, паводле Вячоркі, увайшло ва ўжытак у 30-х гадах мінулага стагоддзя, а пасля адрадзілася ў сучаснаснасці. Правобразам для яго магла быць яўрэйская міфалогія, дзе існаваў страшны «Хапун», каторы забіраў непаслухмяных дзяцей. Але ў беларускіх рэаліях хапун хутчэй пагражае непаслухмяным дарослым.

«Гусары! Молчать!»

Што да слова «капец», то не трэба ўголас казаць, як вы хочаце яго перакласці на рускую. Прынамсі, не ў прыстойным асяроддзі.

«Цяжка [перакласці]? Во! Наша слова „капец“ мае празрыстую этымалогію. Яно звязана з насыпам, хутчэй за ўсё з тым, што азначаў межы. Быў памежны капец і магільны капец. Семантыка чытэльная. І няма ніякай патрэбы ўчываць нецэнзуршчыну. Можна ёміста прыпячатаць вось такім сваім словам».


«Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» — гэта другая кніга серыі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Укладзеная на падставе нарысаў пра мову, што гучалі, публікаваліся, паказваліся на Радыё Свабода. Інтрыгуе чытача невядомымі або наноў адкрытымі фактамі пра нашую мову ды яе багацці.

Аўтарам кіруе пачуццё справядлівасці: нашая мова магла б развіцца інакш, каб літаратура і мовазнаўства не паляглі ў курапацкіх ямах. А па-беларуску вычарпальна і прыгожа сказаць можна пра ўсё. І жыць па-беларуску, і чуць беларускія словы ад усіх — ад крамніцы да страхавога агента і паліцыянта.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025