Здароўе і спорт

Гатуй хутка, еш павольна. Хачапуры на тварожным цесце і грэйпфрутавы фрэш для нядзельнага сняданку

Для сняданку 25 красавіка спатрэбіцца тварог, сыр, яйкі, кукурузная альбо рысавая мука, зеляніна для салаткі і садавіна для фрэша. Час прыгатавання хачапуры па-аджарску на тварожным цесце — паўгадзіны. Вялікую частку з гэтага часу займае проста чаканне, пакуль цеста выпякаецца ў духоўцы. Перапынкаў у гатаванні стане на тое, каб пачаць чытаць кнігу ад Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»

Сняданак пасуе тым, хто трымаецца безглютэнавай дыеты. Таксама тут няма дададзенага цукру і солі.

Набор прадуктаў для прыгатавання сняданку -тварог і тварожны сыр, яйкі, мука, гародніна і зеляніна для салаткі

Хачапуры ці не хачапуры?

У кожнага з герояў кнігі свая праўда, як у кожнага кухара свой варыян прыгатавання хачапуры па-аджарску. Я было засумнявалася, ці засталося ў адаптаваным рэцэпце хоць нешта апроч формы, каб называць страву па-ранейшаму. Google падказаў, што «хача» — гэта тварог, а «пуры» — хлеб. Тварагу тут дастаткова, то прэч няпэўнасць і гатуйма!

У гераіні кнігі - свае сумневы. «Рына часта думала, чаму лёс распарадзіўся так, што ў свае немаладыя гады яна не ведае нічога патрэбнага, нічога не нажыла ў гэтым вялікім, багатым, стракатым свеце за апошнія 20 год, затое любіць і трымаецца таго, што перажыла ў гэтым бедным, закінутым кутку ў першыя 20 год жыцця».

Усяму свая чарга

Найбольш часу ў прыгатаванні зойме выпяканне «лодачак». Таму найперш гатуем цеста для асновы хачапуры. Гэта проста. Тварог, яйка і муку перамешваем да аднастайнай масы і лепім «лодачкі».

Прадукты для хачапуры (на 2 порцыі)

Тварог — 400 г (2 пачкі)

Яйкі - 3 штукі (у цеста дадаць адно)

Мука кукурузная альбо рысавая — 50−70 г

Сыр сулугуні ці іншы тварожны сыр — 40 г

Зфармаваныя «лодачкі» выпякаць на пергаментнай паперы ў духоўцы 10 мінут пры 180 градусах

Зараз ёсць час пакрышыць гародніну на салатку.

Маладая капуста, памідоры, жоўты перац і лісты шпінату. Любы іншы набор гародніны ці зеляніны вітаецца. Пры падачы дадаць лыжку аліўкавага алею

Фрэш ў першапачатковыя планы гатавання не ўваходзіў. Але ў вольныя пяць хвілінаў на вочы патрапілі грэйпфруты. І паняслося.

Яйка на хачапуры як вішанька на торце

Тым часам «лодачкі» ўжо дайшлі да патрэбнай кандыцыі.

Аснова для хачапуры праз 10 хвілін выпякання

У маім рэцэпце аснова начыння — тварожны сыр з зелянінай. Вялікую лыжку гэтага сыру трэба раўнамерна нанесці на цэнтральную частку лодачкі. Зверху разбіць яйка і вярнуць у духоўку.

Другі этап прыгатавання хачапуры. Лодачкі з сырным начыннем і яйкамі выпякаць каля 10 мінут. Бялок мае «схапіцца» а жаўток застацца вадкім

Яшчэ адна паўза у гатаванні, дзе зноў ёсць час пагартаць кнігу. Яе гераіня — алкагалічка Рына, што вяртаецца з-за мяжы на радзіму, каб пахаваць памерлую бабулю. Ва ўспамінах Рыны — і замовы ад бабкі-шаптухі, і згадкі пра даўняе каханне і тонкі звон разбітых спадзеваў. Яны зацягваюць за сабою, як у багну. І тым апраўдваюць азначаны аўтаркаю жанр твора — балотная казка. Гэта — добрае абяцанне. Бо ў казках заўжды перамагае дабро. Але не занырвайце пакуль у багну сюжэта. Хачапуры гатовы, час сервіраваць нядзельны сняданак.

Хачапуры па-аджарску на тварожным цесце. Нядзельны сняданак пад кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»

Паслясняданкавае

Да кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» цяжка было падабраць адпаведны сняданак. Найпрасцей было б адмовіцца ад гатавання і глынуць трохі віна наўпрост з гарла, загрызці скрылёчкам яблыка. Ажно ў мяне не атрымаецца зрабіць гэта так шчыра, як тое робіць Рына. То буду снедаць як умею. Кніга таксама пра тое, што ўрэшце прыдзецца вярнуцца да сябе, як бы не хацелася ад сябе ўцячы.

Падзяліцца
Меткі: ежаздароўе

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025